Сьцісла:
- Вёсны з радыяактыўным ёдам і каранавірусам.
- Дэманстрацыя, суботнік і парад на тле «некаторай уцечкі радыяцыі» і «адсутнасьці» COVID-19.
- Рэцэпты паратунку: гарэлка зь ёдам і маска з антысептыкам для рук.
- Злая моц радыяцыі і каранавірусу.
- Адсутнасьць інфармацыі — недавер — паніка — страйк — бунт.
Мне як чарнобыльскаму ліквідатару сёлетні красавік моцна нагадвае красавік 1986 году. Напоўнены першай вясновай зелянінаю, ён такі ж сонечны і сухі, хіба толькі больш халодны. І такі ж трывожны.
У чарнобыльскую вясну трывога лунала ў паветры разам з радыяактыўным ёдам, сёньня — з каранавірусам.
Тагачасныя беларускія газэты, у тым ліку і «Советская Белоруссия», дзе я тады працаваў уласным карэспандэнтам па Гомельскай вобласьці, толькі на пяты дзень прадублявалі сьціслую інфармацыю з цэнтральных савецкіх выданьняў. На Чарнобыльскай АЭС «адбылася аварыя ў адным з памяшканьняў чацьвёртага энэргаблёку». Крыху разбурэньняў «канструкцый будынка рэактара», «некаторая ўцечка радыяактыўных рэчываў». Усё!
Радыяцыя і дэманстрацыя
Пад «некаторай уцечкай» радыяцыі ў Гомлі ладзілі масавыя камуністычныя рытуалы — першатравеньскую дэманстрацыю, парад духавых аркестраў (у тым ліку і дзіцячы), шэсьце вэтэранаў. Ім аддаваліся першыя палосы газэт, выпускі радыё- і тэленавін. Скупыя зьвесткі афіцыйных паведамленьняў з Чарнобылю танулі ў гэтай кругаверці рытуальных сьвятаў.
У Брагіне, дзе радыяактыўны ёд бушаваў яшчэ з большай сілай, арганізавалі на стадыёне пасьля дэманстрацыі спартовыя спаборніцтвы, а 6 траўня — яшчэ і футбол з суседнімі Хойнікамі. З поўдню раёну, з-пад украінскага Чарнобылю, ужо на ўсю моц вывозілі людзей і жывёлу, а ў беларускім райцэнтры моладзь рэзалася ў футбол — на загад партыйных і камсамольскіх функцыянэраў дэманстравалі стабільнасьць і спакой.
Недзе 4 траўня патэлефанаваў тагачасны намесьнік рэдактара «Советской Белоруссии» Юры Іваноў: патрэбен рэпартаж пра адсяленьне людзей з 30-кілямэтровай зоны вакол АЭС, вядома ж, зь беларускай яе часткі.
Выправіўся назаўтра ў Брагінскі раён. Багата людзей з тагачаснага калгасу імя Леніна, цэнтар якога месьціўся ў вёсцы Крукі, перавезьлі на поўнач ад Брагіна, у вёску Петрыцкае. Гэта ўсяго кілямэтраў сорак ад родных мясьцін. Тутэйшыя вяскоўцы, вядома, прынялі перасяленцаў, дзяліліся жытлом і хлебам. Тыя, у сваю чаргу, дапамагалі гаспадарам абрабляць агароды, садзіць бульбу. Але трывога й невядомасьць не пакідала перасяленцаў.
Як жыць? Што далей? Калі дахаты? Некаторыя зь перасяленцаў цішком, абмінаючы выстаўленыя міліцэйскія кардоны, прабіраліся назад у «зону», у свае Крукі. Бралі, што не пасьпелі схапіць пры эвакуацыі: сала, самагон, адзеньне.
Што вы панікуеце?
Ужо тады крукоўскія вяскоўцы крыўдавалі на начальства: падманулі! Казалі, што ад’ехаць зь вёскі трэба «дні на тры». Перачакаць, пакуль патушаць рэактар у Чарнобылі. Ніякіх памятак, парадаў, як засьцерагацца ад радыяцыі. Маўчалі пра гэта мясцовыя газэты, партыйныя прапагандысты й агітатары. Заклікалі хіба толькі «ня сеяць паніку».
Такая рыторыка ішла найперш ад тагачаснага партыйнага кіраўніка вобласьці Аляксея Камая. Пазьней начальнік аддзелу аховы грамадзкага парадку УУС Гомельскага аблвыканкаму Васіль Фралянкоў згадваў, што нават міліцыянтаў Камай называў панікёрамі: «Што вы панікуеце? У «Правде» і «Известиях» усё надрукавана. Так, была ў «Известиях» заметка: «Не зьяжджайце на ўзбочыну».
Найвышэйшае партыйнае начальства Беларусі ў асобе Мікалая Сьлюнькова, наведваючы Гомельшчыну, таксама не забывала нагадваць: толькі без панікі, рэспубліка сама справіцца! У тым жа Брагіне, дзе ў першае чарнобыльскае лета ўлады меліся вычысьціць і выскрабці ўсю радыяцыю, старшыня райвыканкаму Аляксандар Пракопаў (на жаль, даўно нябожчык) расказваў, што Сьлюнькоў хоць і наказваў ім «не панікаваць», а сам вазіў з сабою ня толькі сталічную ваду і ежу, але й зьменны абутак.
2 траўня 1986 году газэта «Известия» ад імя Савета Міністраў СССР паведаміла, што на Чарнобыльскай атамнай ліквідуюцца наступствы аварыі, «ланцуговай рэакцыі дзяленьня ядзернага паліва не адбываецца, рэактар знаходзіцца ў заглушаным стане». І далей: «Некаторыя агенцтвы на Захадзе распаўсюджваюць чуткі, што нібыта пры аварыі на АЭС загінулі тысячы людзей. Як паведамлялася, фактычна загінулі 2 чалавекі, шпіталізаваныя 197; зь іх 49 пакінулі шпіталь пасьля абсьледаваньня».
«Ад каранавірусу ніхто не памёр»
Ня ведаю, як каму, а мне тое паведамленьне дужа нагадвае цяперашнія беларускія рэаліі пра распаўсюд каранавірусу. І асабліва ацэнкі сытуацыі з боку кіраўніцтва краіны — гэта ўсё «псыхоз», «ніякага вірусу няма», «у Беларусі ад каранавірусу ніхто не памёр».
Тым часам грамадзкая думка ва ўмовах абмежаванага, строга дазаванага інфармаваньня разьвіваецца паводле сваіх законаў. Асабліва цяпер, калі любы школьнік, маючы ў заплечніку смартфон, можа зьняць і выкласьці ў сацыяльныя сеткі самыя нечаканыя факты па тэме. Пустоты ўсё адно запаўняюцца — асабістымі сьведчаньнямі, чуткамі, трывогай, страхам і, урэшце, недаверам да таго, што гавораць прадстаўнікі ўлады. І калі сытуацыя працягвае пагаршаецца, на тле адсутнасьці ўсебаковага і праўдзівага інфармаваньня ўзьнікае што заўгодна — паніка, страйк і нават бунт.
Паніка
У чарнобыльскую вясну паніка мела месца, хоць градус яе быў ня ўсюды аднолькавы. Вакол ЧАЭС, безумоўна, вышэйшы.
Памятаю, як з Нароўлі на сваім «масквічыку» прымчаўся ўзрушаны калега, аднакурсьнік па ўнівэрсытэце Павал Белы. Ён у раённай газэце «Прыпяцкая праўда» працаваў загадчыкам аддзелу і адначасна на паўстаўкі лектарам райкаму партыі. Расказаў пра ўцекачоў з Прыпяці, гораду атамшчыкаў, зь Белай Сарокі ды іншых беларускіх вёсак, што вокнамі наўпрост глядзелі на Чарнобыльскую АЭС.
У Паўла з жонкай Любай было трое малалетніх дзяцей. Сыну Валодзьку ўсяго тры гады. Месяцы за два да катастрофы я дапамагаў Паўлу ўладкаваць сына з маці на апэрацыю ў тубэркулёзны шпіталь — у хлопчыка выявілі кісту на лёгкім.
Павал плюнуў на забарону райкаму не вывозіць без загаду сваіх дзяцей з райцэнтру, каб «ня сеяць панікі», і прыкаціў у Гомлю купіць квіткі жонцы і дзецям на цягнік ва Ўкраіну. Паўлава жонка родам з-пад Харкава — туды й вырашылі ўцякаць ад радыяцыі.
Паехалі на вакзал, а там ужо не прабіцца. Людзі асадзілі білетныя касы — усе рваліся вывезьці сваіх нашчадкаў далей ад «чарнобыльскай бяды». Савецкі ўрад хоць і заяўляў, што «ланцуговай рэакцыі няма», аднак асьцярогі новага выбуху атамнага рэактара ў першай палове траўня ўсё яшчэ захоўваліся. Дый Гомель поўніўся чуткамі — нібыта пераяжджаем у Слонім, што на Горадзеншчыне.
Такі сцэнар адсяленьня Гомля сапраўды разглядаўся. Але, зноў-такі, публічна пра гэта ніхто не заяўляў. Мне гэта пацьвердзіў старшыня аблвыканкаму Аляксандар Грахоўскі. Адбылося тое ў яго кабінэце недзе ў канцы траўня, калі я браў у яго камэнтар для газэты «Труд».
Аляксандар Адамавіч, нешматслоўны і дзелавіты, выглядаў стомленым. Ён толькі што разьвітаўся з доктарам Міхаілам Чарняком — той прыяжджаў да Грахоўскага зрабіць яму ўкол проста на працы, у невялікім кабінэце для адпачынку. Было відаць, што чарнобыльская эпапэя далася ў знакі і старшыні. У тыя дні ён пэрсанальна адказваў за эвакуацыю, за ахову «зоны» і ўвогуле за жыцьцяздольнасьць рэгіёну.
Рэцэпты паратунку
Радыяцыя і каранавірус нябачныя — у гэтым іх злосная моц. Людзі ратуюцца ад любой немачы, калі ведаюць пра яе і ўсьведамляюць пагрозу. Цяпер засьцерагаюцца пры дапамозе масак, антысэптыкаў, дыстанцыі, самаізаляцыі. У чарнобыльскую вясну — найперш уцёкамі. Бо толькі бліжэй да сярэдзіны траўня «прарэзаўся голас» у мясцовага штабу грамадзянскай абароны — праз радыё прагучала перасьцярога: не загараць на сонцы, зачыняць вокны і дзьверы, мыцца самому і мыць абутак, калі пабываў у «зоне». І тэхніку, калі выяжджаеш з «зоны». Пацьвярджаю: мыў і мыўся. Службовую «Волгу» таксама паласкалі вайскоўцы нейкім пенным растворам на часовых пунктах дэзактывацыі — на шашы блізу вёскі Савічы Брагінскага раёну, каля Хойнікаў і Нароўлі.
Быў і адмысловы рэцэпт паратунку ад ёдавага ўдару. Не, ня той, што ведалі ўсе: чырвонае віно «Кабэрнэ» — для мэтабалізму і вывядзеньня радыянуклідаў цэзію. Нечаканы рэцэпт даў сусед, у той час намесьнік начальнік абласной міліцыі, палкоўнік унутранай службы Валер Папоў. Ён камандаваў самай першай групай дазымэтрычнай выведкі, якая маніторыла радыяцыю ў беларускай 30-кілямэтровай зоне вакол ЧАЭС.
Сышліся з суседам ледзь не каля пад’езду. «Слухай, ты як сам засьцерагаесься? Таблеткі ёдныя хоць прымаў?» Кажу, што нават і ня чуў, каб нехта нейкія пігулкі рэкамэндаваў ці прыпісаў, хоць паліклініка побач, ды яшчэ абкамаўская. Папоў і параіў: «Нашыя хлопцы так робяць — сто грамаў гарэлкі і адну-дзьве кроплі звычайнага ёдавага раствору».
Дома я тое спалучыў, упала акурат дзьве кроплі ёду — і выпіў. Больш гадкіх «мікстур» за жыцьцё не спажываў. Сапраўды «бэрмутарна» стала на душы, як трапна заўважыў у песьні вядомы бард. А тут яшчэ жонка з акторкай Галінай Макаравай (сапраўднае імя — Агата Чаховіч) прыходзяць. Жонка працавала ў абласной газэце ў аддзеле культуры, а купалаўскія акторы давалі ў Гомельскім драмтэатры спэктакль у межах культурнай дапамогі "чарнобыльскаму рэгіёну«— вось яна й запрасіла Галіну Кліменцьеўну пасьля спэктаклю на інтэрвію і вячэру.
Жанчыны радыяцыю «выводзілі» чырвоным віном і катлетамі, а мне ўжо хапіла сваёй гарэлачнай «мікстуры».
Паралелі: тады і цяпер
Згадваю ўсё гэта таму, што тут таксама ўзьнікае чарговая паралель чарнобыльскай катастрофы з пандэміяй COVID-19. Ну як жа?! Цяпер нават Аляксандар Лукашэнка раіць «труціць» і «лячыць» вірус гарэлкай, лазьняй і працай у полі. Ёду, зразумела, ня радзіць. Затое парад вайсковы! А перад ім — суботнік!
І ў чарнобыльскі год працоўныя дэсанты і вахты былі. Можна сказаць, дзясяткі суботнікаў. Вазілі людзей з гарадоў у «зону» нарыхтоўваць сена, даглядаць пасевы і жывёлу, выконваць іншую гаспадарчую працу. Пра будаўнікоў не згадваю, бо яны «надзявалі» бэтонную кашулю-саркафаг на разьюшаны атамны рэактар. У выніку кожны пяты беларус атрымаў большую альбо меншую дозу апраменьваньня, а яшчэ — 18 розных хваробаў, абумоўленых чарнобыльскай катастрофай.
Халодныя «гарачыя» лініі
Падабенства дзьвюх навал угадваецца і ў стаўленьні ўладаў да патэнцыйных ахвяраў, то бок нас з вамі, грамадзянаў Беларусі. Замоўчвалі Чарнобыль і яго наступствы, замоўчваюць і пандэмію. Дзе тыя ўспышкі, у якіх калектывах трэба асабліва засьцерагацца — маўчок. На Гомельшчыне, у прыватнасьці, ня дзейнічаюць аніякія цэнтры інфармацыі — ні ў галоўным упраўленьні аховы здароўя, ні ў абласным цэнтры гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя. Няма на сайтах нават звычайных прэс-рэлізаў. Чытва пра малярыю, пра інфэкцыю ў паводку, якой сёлета няма — хоць сто пудоў. Пра рэальную сытуацыю з эпідэміяй каранавірусу ў Буда-Кашалёве ці Мазыры — ні за што на сьвеце. Ахалодалі ўраз і ўсе «гарачыя» лініі, асабліва на зваротнай сувязі. Функцыю інфармаваньня звалілі на прэс-сакратарку аблвыканкаму Вольгу Рабікаву, але і ёй начальнікі-эпідэміёлягі інфармацыі таксама не даюць альбо шлюць цыдулкі для адчэпкі.
Пачытаў днямі такое паведамленьне з подпісам галоўнага дзяржаўнага санітарнага лекара Гомельскай вобласьці Аляксандара Тарасенкі: «Выяўлены адзінкавыя выпадкі заражэньня каранавіруснай інфэкцыяй сярод мэдычных работнікаў вобласьці. Усе захварэлыя адчуваюць сябе здавальняюча, знаходзяцца пад мэдычным наглядам».
Што тут скажаш? Навідавоку непавага да людзей, да іх права атрымліваць аб’ектыўную інфармацыю пра небясьпеку заражэньня вірусам. І гэта ў рэгіёне, які найбольш пацярпеў ад Чарнобылю. І няхай Лукашэнка хоць сто разоў абураецца «расхлябанасьцю» практычных мэдыкаў, яны ж у інфармацыйным вакуўме падобныя на малавідушчых: тут угледзелі, там — прапусьцілі. Ды і працавалі мэдыкі ў інфэкцыйным асяродку, асабліва першы час, без адпаведнай амуніцыі, у адных толькі марлевых павязках. Акурат як ліквідатары на Чарнобыльскай атамнай станцыі падчас збору радыяактыўных аскепкаў графіту.
Чым скончылася няўвага і замоўчваньне чарнобыльскай радыяцыі і яе наступстваў, многія ведаюць. Для тых, хто забыўся ці наагул ня ведаў, нагадаю: страйкам у Нароўлі, 10-тысячным абураным натоўпам у Гомлі і аўтамаршам у Маскву.
У Расею, зразумела, ніхто цяпер не паедзе, хоць яна як правапераемніца былога Саюзу і не кампэнсавала Беларусі шкоду, нанесеную чарнобыльскай катастрофай. Цяпер, калі што, знойдуць адказных унутры краіны — і за сьмерці ад каранавірусу, і за пандэмію, і за тое, што недаацанілі небясьпеку.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.