Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі чалавека аштрафавалі за перапост карыкатуры Ёлкіна на Пуціна


Лабінскі раённы суд Краснадарскага краю аштрафаваў Ільлю Юркова на 30 тысяч расейскіх рублёў (каля 400 даляраў) па артыкуле аб непавазе да ўлады. Прычынай стала карыкатура з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, якую Юркоў разьмясьціў у інстаграме. Пастанова аб штрафе зьмяшчаецца ў картатэцы суду.

Аўтарам карыкатуры зьяўляецца вядомы мастак Сяргей Ёлкін. На малюнку намаляваны Пуцін, які адбірае апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх у хворага і кладзе яго ў скрынку з надпісам «Дапамога сябру Дональду». Малюнак Юркоў запосьціў у сябе на старонцы ў інстаграме.

«Юркоў І.С. разьмясьціў на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках публікацыю з карыкатурай прэзыдэнта РФ з надпісам: "Прабач, чувак, але гэта трэба для піяру", з хэштегами #Путинвор, #Путинболтун, #ЕдинаяРоссиясдохла, #коронавирус, тым самым разьмясьціў зьвесткі, якія зьневажаюць гонар і годнасьць прэзыдэнта», — сказана ў пастанове.

На судовым пасяджэньні Юркоў не прызнаў сябе вінаватым, заявіўшы, што карыкатура нікога не абражае. Сам Сяргей Ёлкін, аўтар малюнку, сказаў: «Мне сумна ад такога свавольства ўладаў. Карыкатуры па сваім прызначэньні могуць і абразіць, а публічны палітык павінен і абавязаны гэта трываць. Такая сусьветная практыка карыкатуры ў СМІ».

Карыкатура з Пуціным зьявілася пасьля скандалу з «гуманітарнай дапамогай», у тым ліку апаратамі штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, якую расейскія ўлады некалькі тыдняў таму адправілі ў ЗША.

У Крамлі сьцьвярджалі, што зрабілі гэта бясплатна, але пазьней высьветлілася, што за палову грузу са сродкамі абароны і апаратамі для штучнай вэнтыляцыі лёгкіх ЗША ўсё ж заплацілі. Адразу пасьля адпраўкі грузу ў Расеі таксама пачалася эпідэмія каранавірусу, і многія экспэрты выказвалі думку, што адпраўленыя ў ЗША апараты маглі б спатрэбіцца і ў Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG