Абмежаваньні пачалі дзейнічаць зь сярэдзіны красавіка. У клініках спасылаюцца на загад міністэрства.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
З 10 красавіка дзяржаўныя стаматалягічныя паліклінікі пачалі паведамляць пацыентам, што змогуць абслугоўваць іх толькі ў выпадку вострага болю. Плянавы прыём пацыентаў можа аднавіцца ў сярэдзіне траўня, але гэта не дакладна.
«Паважаныя пацыенты. З 10 красавіка 2020 нашай паліклінікай аказваецца толькі экстраная мэдыцынская дапамога, — гаворыцца ў абвестцы на сайце 12-й стаматалягічнай паліклінікі Менску. — Плянавая стаматалягічная дапамога прыпыненая да асобага распараджэньня. Падстава: загад Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 16 сакавiка 2020 г. № 296 «Аб мерах па арганізацыі аказаньня мэдыцынскай дапамогі пацыентам з прыкметамі рэсьпіраторнай інфэкцыі і прыняцьця дадатковых мер у арганізацыях аховы здароўя».
У рэгістратуры паліклінікі кажуць, што прыём адновіцца не раней за 15 траўня. Прычынай абмежаваньняў называюць каранавірус.
У стаматалягічным аддзяленьні 10-й менскай паліклінікі Свабодзе пацьвердзілі, што таксама перасталі прымаць плянавых пацыентаў.
«Пакуль немагчыма сказаць, калі адновіцца прыём, — кажуць у стаматалёгіі. — Нашыя супрацоўнікі цяпер пераразьмяркоўваюць адпачынкі, сыходзяць на травень. Прыкладна да канца траўня, верагодна, мы ня будзем запісваць на прыём».
Разам з тым у прыватных стаматалёгіях Свабодзе паведамілі, што працягваюць працаваць у звычайным рэжыме. Запісацца на прыём пакуль можна без абмежаваньняў.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ