Лідэр ініцыятыўнай групы «Прыпынак Адамовіча» Андрусь Архіпенка 22 красавіка паведаміў у «Фэйсбуку», што Бабруйскі райвыканкам падпісаў дакумэнты, неабходныя для таго, каб бюст Алеся Адамовіча ў Глушы быў пастаўлены на балянс дзяржаўнай установы культуры «Цэнтралізаваная клюбная сыстэма раёну».
Бюст Алеся Адамовіча адкрылі 9 лістапада 2019 году на радзіме пісьменьніка, у пасёлку Глуша Бабруйскага раёну, на пляцоўцы перад пасялковым Домам культуры, з дазволу раённай улады. Выраб і ўстаноўка каштавалі 6,5 тысячы даляраў, якія сабралі ў 2018 і 2019 гадах з ініцыятывы грамадзян і на ахвяраваньні грамадзкасьці. Аўтары бюсту — скульптары Гэнік Лойка і Яўген Білей.
Увесь гэты час ён фармальна заставаўся ў прыватнай уласнасьці лідэра суполкі, створанай дзеля ўшанаваньня Адамовіча, Андруся Архіпенкі. Ініцыятары ўсталяваньня бюсту некалькі месяцаў дамагаліся, каб дзяржава ўзяла помнік на свой балянс, але чыноўнікі не сьпяшаліся падпісваць дакумэнты.
Адкрыцьцё бюста Алеся Адамовіча прайшло 9 лістапада 2019 году на радзіме пісьменьніка і грамадзкага дзеяча ў пасёлку Глушы.