Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 нечаканых фактаў. Алесь Адамовіч


Алесь Адамовіч
Алесь Адамовіч

Афіцыйна ён нарадзіўся 3 верасьня 1927 году, але сапраўдная дата яго нараджэньня — 3 жніўня 1926. Маці зрабіла зьмены ў дакумэнтах, каб сына не ўзялі на работы ў Нямеччыну. Жывучы зь непраўдзівай датай нараджэньня, Адамовіч усё жыцьцё вызнаваў у літаратуры дакумэнтальную праўду. Жорстка-рэалістычную, нават гіпэррэалістычную.

Пачынальнік у беларускай літаратуры дакумэнтальна-мастацкай прозы, аўтар сцэнара да лепшага беларускага фільму «Ідзі і глядзі», бліскучы прапагандыст беларускай літаратуры ў Расеі, адкрывальнік праўды пра Чарнобыль, нястомны змагар супраць ядзернай зброі — герой нашых сёньняшніх 20 нечаканых фактаў — Алесь Адамовіч.

Сёньня яму споўнілася б 90 год.

1)У дзяцінстве думаў пра самагубства:

«...думкі пра самагубства (...) мяне сталі перасьледаваць, крадучыся, быццам кошка да птушкі. Зусім не пра тое нібыта думаеш, і тут прагучыць — як быццам твой голас, але дзіўна незнаёмы: «Павешуся!», «Застрэлюся!» Сядзіш, ляжыш і думаеш пра гэта, як гэта будзе. Марыш нават як быццам. Аднойчы зайшла ў спальню мама, убачыла, што я ўсё яшчэ ў ложку, не зрабіла звыклае заўвагі, што ўсе ўжо справай занятыя, а я тут валяюся, не, замест гэтага сказала: «Паляжы, сынок, палетуцень!» Так ласкава, так добра сказала. Ведала б яна, пра што мае былі тады «мары». На сабе спазнаў, што такое «небясьпечны ўзрост». Столькі раптам і аднамомантна прачынаецца ў табе, абвальваецца на цябе знутры, што справіцца з гэтым ня ведаеш як».

Пасёлак Глуша, дзе з 1928 г. жыў Алесь Адамовіч
Пасёлак Глуша, дзе з 1928 г. жыў Алесь Адамовіч

2) Калі ён быў малы, родныя лічылі яго нячулым:

«А пад абед (...) даведаліся, што сына Адамовічыхі [Яўгена — старэйшага брата А. Адамовіча — В. Дэ Эм] немцы схапілі каля рынку (...) і некуды везьлі. (...) мне — лепш да сваёй маці не падыходзь, мяне яна проста не заўважала, а руку адштурхоўвала зь незразумелай і крыўднай варожасьцю. Як бы падазраючы мяне ў братняй нячуласьці. (Мяне вечна ў гэтым падазравалі: і калі бацька ішоў на фінскую вайну — пакрыўдзіўся, што я нібыта «не перажываю», як быццам нельга перажываць у адзіноце, лежачы ў цёмным пакоі, абавязкова за агульным сталом трэба.)»

Бацька — доктар Міхаіл Адамовіч
Бацька — доктар Міхаіл Адамовіч

3) Ледзь не ўчыніў пажар у сваёй вёсцы:

«Характар, запальчывасьць — тут і да трох не лічы [Адамовіч піша пра бацьку — В. Дэ Эм]. Помню, якім ён здаўся мне страшным, калі бег ад бальніцы да нас, што расклалі вогнішча амаль пад саламянай страхой хлява. (А ўсё пачалося з павелічальнага шкла, якім мы выпальвалі на бярвеньні свае імёны.) Да самай начы я не прыходзіў дамоў. А калі ляжаў у ложку, затаіўшыся, і бацька спытаў пра мяне, ён сам раптам сказаў: «Добра, што парсюк гэты ўцёк! Гэта ж трэба, ледзь бальніцу не спалілі».

Аптэка ў пасёлку Глуша, дзе працавала ў вайну маці Алеся Адамовіча
Аптэка ў пасёлку Глуша, дзе працавала ў вайну маці Алеся Адамовіча

4) Малога яго моцна пакусаў падсьвінак:

«...Я падышоў і пхнуў босай нагой у бок, той незадаволена торгнуўся, як бы адштурхнуўшы маю нагу. Я яшчэ і яшчэ. I раптам, без усякай прычыны, ён кінуўся да мяне, пагнаўся і па-сабачы стаў хапаць мяне за лыткі, я павярнуўся да яго, схапіў за вушы і з усяе сілы, узмоцненай дзесяцікроць спалохам, стараўся ўтрымаць ашчэраны лыч далей ад маіх, такіх прывабных, смачных яму ног (...) гэты гад, зусім не па-сьвінячы, стаў на заднія ногі і ну кусаць, ну грызьці мае, аголеныя, я ж яшчэ ў кароценькіх штоніках хадзіў. I як жа балюча, да костачкі пракусваў (некалькі тыдняў ногі былі ў сіне-чырвоных падцёках). Я ўсё спрабаваў за вушы трымаць яго далей, не падпускаць, а ён напружваўся дастаць мяне абавязкова. Лямантаваў я, мабыць, нема, ды яшчэ злосна вішчаў падсьвінак — тут жа набеглі нейкія людзі».

Алесь Адамовіч (трэці ў другім шэрагу) у групе партызанаў атраду імя Кірава брыгады «Пархоменка». Глускі раён, партызанскі лягер каля вёскі Крукаўшчына. Травень 1943 г. З асабістага фонду А. Адамовіча ў БДАМЛіМ
Алесь Адамовіч (трэці ў другім шэрагу) у групе партызанаў атраду імя Кірава брыгады «Пархоменка». Глускі раён, партызанскі лягер каля вёскі Крукаўшчына. Травень 1943 г. З асабістага фонду А. Адамовіча ў БДАМЛіМ

5) У юнацтве ненадоўга стаў сапраўдным байкерам

Паводле Янкі Брыля: «Пасьля вайны хлопцы [Алесь і Яўген Адамовічы. — В. Дэ Эм], нядаўнія партызаны, студэнцікі, купілі трафэйны матацыкл і неўзабаве так ужо добра, радасна авалодалі ім, што ўбіліся ў нейкі калючы дрот, і, на шчасьце, абышлося гэта толькі вопраткай. Празь дзень ці два яны кудысьці адлучыліся з Глушы на спадарожнай машыне, а ўвечары, вярнуўшыся, матацыкла свайго не знайшлі. (...) маці збыла яго камусьці за 150 пасьляваенных рублёў...»

6) Раіў Адаму Мальдзісу арыентавацца на Леніна

Адамовіч быў кіраўніком кандыдацкай дысэртацыі Мальдзіса «Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў другой палове XIX стагодзьдзя». Як успамінаў спадар Адам: «...Алесь Міхайлавіч параіў (...) не паддавацца вульгарызатарам, якія атаясамлівалі тады ўсё польскае з панскім, і арыентавацца хутчэй на Леніна, які сьцвярджаў, што польскі вызваленчы рух быў рэвалюцыйны ў цэлым».

Алесь Адамовіч. 1957 г. З асабістага фонду А. Адамовіча ў БДАМЛіМ
Алесь Адамовіч. 1957 г. З асабістага фонду А. Адамовіча ў БДАМЛіМ

7) Дакараў сябе, што калі быў партызанам, не казаў сялянам праўду пра калгасы:

«У тым і трагізм быў сытуацыі, што, плацячы вялізную цану за перамогу над Гітлерам, народ набліжаў і поўную перамогу, абсалютны трыюмф сталінскай тыраніі. Як да самазабыцьця лгалі мы, партызаны, сабе і няшчасным бабам, калгасьнікам, якіх фашысты палілі, забівалі за дапамогу нам, «сталінскім бандытам»: затое калгасаў ня будзе ўжо! І ўсё будзе ня так, як да вайны!»; «...было і агідна, і сорамна: яшчэ ж у 1943 годзе мы добрасумленна лгалі нашым бабам і мужыкам наконт новых парадкаў там, пад Масквой — людзям так крыўдна было паміраць за гэтыя самыя калгасы».

Алесь Адамовіч гутарыць з жыхарамі вёскі Брыцалавічы Асіповіцкага раёну ў час здымак фільму «Хатынь, пяць кілямэтраў» паводле сцэнару А. Адамовіча, рэжысэр Ігар Калоўскі. 1968 г. З асабістага фонду А. Адамовіча ў БДАМЛіМ
Алесь Адамовіч гутарыць з жыхарамі вёскі Брыцалавічы Асіповіцкага раёну ў час здымак фільму «Хатынь, пяць кілямэтраў» паводле сцэнару А. Адамовіча, рэжысэр Ігар Калоўскі. 1968 г. З асабістага фонду А. Адамовіча ў БДАМЛіМ

8) Называў тых змагароў, якія дзеля ідэі маглі забіць хаця б аднаго чалавека — «маленькімі сталінымі»:

«...нават калі ў іх была руская ідэя, казацкая ідэя, украінская ці беларуская: калі ты кат, замучыў дзіцятка, ты губляеш права называцца змагаром за ідэю. Ты ўсяго толькі маленькі Сталін, які ўзьненавідзеў «вялікага». Яблык, які недалёка падае ад яблыні».

Алесь Адамовіч раздае аўтографы вайскоўцам адной з частак Беларускай вайсковай акругі. 14 красавіка 1962 г. З асабістага фонду А. Адамовіча ў БДАМЛіМ
Алесь Адамовіч раздае аўтографы вайскоўцам адной з частак Беларускай вайсковай акругі. 14 красавіка 1962 г. З асабістага фонду А. Адамовіча ў БДАМЛіМ

9) Крытыкаваў антырасейска настроеных беларусаў:

«...У нас ёсьць такія крайнасьці, калі гавораць: «А з рускімі, нават з дэмакратамі, мы справы ня хочам мець!» Будзем мець з палякамі, зь літоўцамі, з балтамі, з украінцамі, а ад рускіх нам лепш далей трымацца, бо вунь якая гісторыя была ў нас зь імі». Але такая гісторыя была ў нас з усімі. Трэба заглядваць недзе глыбей. (...) тая масавая народная расейская пазыцыя (не бяру афіцыйную — маскоўскую, крамлёўскую — а проста ў народзе рускім), тая прыязнасьць да беларуса вельмі дорага каштуе, і яна і можа вызначаць нашы будучыя ўзаемаадносіны. Не палітыканства, якое можа ісьці з Крамля ці з другога дома, не часовыя палітычныя і геапалітычныя меркаваньні... А сымпатыі і нават замілаванасьць да беларуса, якая ёсьць у рускім народзе, якая і будзе тым грунтам, той асновай нашых узаемаадносін далейшых на многа дзесяцігодзьдзяў і вякоў».

Алесь Адамовіч, Віктар Каваленка і Ўладзімер Крывіцкі на першамайскай дэманстрацыі. Менск, 1972 г. Фота Івана Цішчанкі. З асабістага фонду А. Адамовіча ў БДАМЛіМ
Алесь Адамовіч, Віктар Каваленка і Ўладзімер Крывіцкі на першамайскай дэманстрацыі. Менск, 1972 г. Фота Івана Цішчанкі. З асабістага фонду А. Адамовіча ў БДАМЛіМ

10) Лічыў, што ў Маскве ён зробіць больш карысьці для Беларусі, чым на Радзіме

Адам Мальдзіс згадваў, як Алесь Адамовіч казаў яму ў 1986 г.: «Ты думаеш, Адаме, што я еду ў Маскву, каб забаўляцца... А я спадзяюся, што, працуючы там, прынясу беларусам больш карысьці, чым знаходзячыся тут. Вазьмі для прыкладу Мікалая Ўлашчыка: колькі дабра ён робіць для вывучэньня нашага летапісаньня, працуючы пасьля высылкі ў Інстытуце гісторыі ўсесаюзнай акадэміі! У Менску нашы гісторыкі даўно яго зьелі б... Ці колькі мы выйгралі б, калі б у свой час Пётар Міронавіч не загінуў, а кіраваў намі, як пагаворвалі, з Масквы...»; у лісьце да Янкі Брыля Адамовіч пісаў: «...І ніякай удзячнасьці ад землякоў, што вучу русакоў захапляцца і правільна пісаць прозьвішчы беларускіх паэтаў і ўсякіх там празаікаў».

Алесь Адамовіч. 1960-я гг. З асабістага фонду А. Адамовіча ў БДАМЛіМ
Алесь Адамовіч. 1960-я гг. З асабістага фонду А. Адамовіча ў БДАМЛіМ

11) Быў перакананы — беларусы не гатовыя да пасады прэзыдэнта

Яшчэ ў 1991 г. Адамовіч выказваўся так: «Я вам скажу, грузіны, якія так рваліся да таго, каб у іх была прэзыдэнцкая пасада, сёньня патрабуюць (і інтэлігенцыя, і дэмакраты — усе) гэтую пасаду скасаваць. Яны аказаліся не гатовыя да той сытуацыі, калі можна перадаваць аднаму чалавеку такую моцную ўладу. Тым больш што чалавек гэты можа аказацца маленькім Сталіным, вялікім параноікам, хоць кім. Мы такога ўжо бачылі нямала. Дык вось, у Беларусі зноў паўстае пытаньне, хто дарвецца да гэтай пасады. (...) Таму, я думаю, ня час нам дабівацца прэзыдэнцкай пасады. Нам патрэбны моцны Вярхоўны Савет, які б адлюстраваў сацыяльна-палітычную сытуацыю ў Беларусі. Таму патрэбныя свабодныя новыя выбары, якія далі б нам новы заканадаўчы орган. Сапраўды аўтарытэтны, мабільны, дынамічны, здольны на адказныя хады, рашэньні і ўчынкі».

Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў
Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў

12) Крытыкаваў Васіля Быкава за тое, як ён апісваў партызанскае жыцьцё:

«Ты, здаецца мне, ва ўзаемаадносіны партызан перанёс крыху франтавога. На фронце людзі побач жывуць нядоўга, вялікая цыркуляцыя. Партызаны ж мелі час і магчымасьці прыжыцца адзін з адным да поўнага сяброўства (ці, наадварот, непрыняцьця), ва ўсялякім разе, не павінна быць уражаньня, што яны кепска знаёмыя адзін з адным. Ты агаворваесься, што некаторыя зь іншага атрада і г.д. І ўсё ж не перашкодзілі б штрыхі нейкай большай блізкасьці. (...) Усё ў цябе выдатна ў частцы трагедыі, але партызаны пры ўсім тым прымудраліся ваяваць крыху весялей, зь нейкім хахмацтвам. Гэта іншы бок праўды, і нейкія штрыхі толькі б падкрэсьлілі галоўнае ды стварылі б больш партызанскую атмасфэру. Падумай». Быкаў згаджаўся: «Праўду кажаш і ў дачыненьні да партызанаў. Бачыш, тэма гэтая для мяне новая, матэрыял малазнаёмы (...) Пасьля твайго ліста тое-сёе я ўжо зрабіў: там прыглушыў, там выкінуў, некаторыя мясьціны ўдакладніў».

Алесь Адамовіч падчас творчай камандзіроўкі ў Сыбір. 1971 г. З асабістага фонду А. Адамовіча ў БДАМЛіМ
Алесь Адамовіч падчас творчай камандзіроўкі ў Сыбір. 1971 г. З асабістага фонду А. Адамовіча ў БДАМЛіМ

13) Супрацоўнічаў з Галівудам

Паводле фотажурналіста Яўгена Коктыша: «Пасьля выхаду на экраны «Ідзі і глядзі» на Алеся Міхайлавіча выйшлі... галівудзкія прадусары з «Каламбія Пікчэрз». У 1987 годзе пісьменьнік скончыў сцэнар «... Імя гэтай зорцы Чарнобыль» для фільму, рэжысэрам якога павінен быў стаць Стэнлі Крамэр. Але ў Галівудзе гэтае кіно так і не зьнялі. Кажуць, Крамэр ня змог прыступіць да фільму з асабістых прычын». Адамовіч пісаў: «Адразу наваліліся сумневы. Я нават у Габрыэля Гарсія Маркеса пачаў выпытваць, якім ён бачыць мастацкі фільм пра Чарнобыль. «Дакумэнтальным!» — адразу ж адказаў ён. Але фільм усё ж такі задуманы як мастацкі. У гэтым пакуль галоўная складанасьць і цяжкасьць. Стэнлі Крамэр хоча шырокага міжнароднага ўдзелу ў гэтым фільме. А тым самым і асэнсаваньня з пазыцыяў усяго чалавецтва. Тут і беларусам ёсьць што сказаць. Хай скажуць слова тыя, на каго воляй лёсаў «дзьмуў вецер».

Алесь Адамовіч зь землякамі, на фоне аптэкі, дзе працавала яго маці
Алесь Адамовіч зь землякамі, на фоне аптэкі, дзе працавала яго маці

14) Шкадаваў, што не аддаў ганарар за кнігу «Я з вогненнай вёскі...» «калі не на помнік, дык у які-небудзь камітэт...»

У лісьце да Янкі Брыля пісаў: «Ну, наслухаўся я тут ад Вярбы [Вера Вярба, беларуская паэтэса, аўтарка клясычнага верша «Ручнікі». — В. Дэ Эм] пра ўсіх, каго толькі ўспомніла. (...) Я ўжо бегаю на другі пляж. (...) З усяго плявузганьня адно ўсё ж запала мне. Шкада, што не паслухаліся мяне (Валодзя [Уладзімер Калесьнік — адзін з аўтараў кнігі. — В. Дэ Эм] як заўсёды, пад настрой, не захацеў слухаць і цябе павярнуў). Усё ж трэба было аддаць увесь наш ганарар калі не на помнік, дык у які-небудзь камітэт. І ня ў тым справа, што гавораць усяляк, а ў тым, што я сам адчуваў, што трэба так абавязкова зрабіць».

Мікалай Сьлюнькоў — савецкі партыйны дзеяч, кіраўнік БССР у 1983—1987 гадах
Мікалай Сьлюнькоў — савецкі партыйны дзеяч, кіраўнік БССР у 1983—1987 гадах

15) Ня мог хлусіць, калі сустракаўся зь першымі людзьмі краіны

Быў ці не адзіны зь беларускіх пісьменьнікаў, хто не баяўся казаць самым высокім чыноўнікам праўду ў вочы: «...мяне, калі сустракаюся з такімі людзьмі, як Машэраў, Сьлюнькоў ці Гарбачоў, заўсёды нясе на нейкую гранічную прамату. Маўляў, я магу схлусіць дзеля добрай мэты на нейкім іншым узроўні, а там я, як Ванька-дурань, луплю ўсё, што думаю».

Ілюстрацыя Арлена Кашкурэвіча да твора А.Адамовіча «Карнікі»
Ілюстрацыя Арлена Кашкурэвіча да твора А.Адамовіча «Карнікі»

16) Параўноўваў беларускіх чыноўнікаў з карнікамі:

«Немцы, каб выпрабаваць карнікаў з нашых людзей, прымушалі рабіць іх асабліва жудаснае. І ўжо калі ты сваю вёску расстраляў — дык табе давяраць будуць бязьмежна. Чыноўнікі, якія здрадзілі і заклалі свой народ — ім ужо апарат можа давяраць бясконца».

Якуб Колас. 1920-я гг
Якуб Колас. 1920-я гг

17) Быў першы, хто назваў паэму Якуба Коласа «Новая зямля» раманам

У сваім крытычным артыкуле «Беларускі раман у вершах (думкі пра «Новую зямлю») — час. «Полымя», 1957, № 10) быў першым сярод літаратуразнаўцаў, хто назваў «Новую зямлю» менавіта раманам, а не паэмай, паставіўшы яе ў адзін шэраг з такім клясычным раманам у вершах, як «Яўген Анегін» Аляксандра Пушкіна.

Алесь Адамовіч (у цэнтры) падчас горнай экскурсіі. Эльбрус, 1972 г. З асабістага фонду А. Адамовіча ў БДАМЛіМ
Алесь Адамовіч (у цэнтры) падчас горнай экскурсіі. Эльбрус, 1972 г. З асабістага фонду А. Адамовіча ў БДАМЛіМ

18) Вельмі ганарыўся, што сам выкапаў два калодзежы:

«Аднойчы Алесь Міхайлавіч распавёў мне, што за ўсё жыцьцё выкапаў сваімі рукамі дзьве студні, — распавядае фатограф Коктыш. — І раптам прызнаўся: «Ведаеш, Жэня, часам мне здаецца, што там (пры гэтым пісьменьнік паказваў пальцам на неба) мне залічаць ня ўсе мае аповесьці, раманы і сцэнары, а менавіта гэтыя дзьве студні. Магчыма, яны — лепшае, што я зрабіў у сваім жыцьці»«.

Алесь Адамовіч з дачкой Натальляй (фота з архіву Натальлі Адамовіч, аўтар Яўген Коктыш)
Алесь Адамовіч з дачкой Натальляй (фота з архіву Натальлі Адамовіч, аўтар Яўген Коктыш)

19) Больш за ўсё любіў сваю асабістую свабоду:

«Што ж ня пішаш пра тое, што ніхто побач з табой ня быў сапраўды шчасьлівым? I ты сам таксама. Але ўсё па тваёй віне. Цябе любілі. А ты? У цябе было яшчэ нешта, што адцясьняла іх, а ў іх? Кампэнсаваў «сардэчную недастатковасьць» чым? Сваёй літаратурай, справамі вонкавымі (гэтыя апошнія 10 гадоў), але вось надышоў час, і хочацца ва ўсіх папрасіць прабачэньня. За тое, што так цяжка ім было побач са мной. Шкадаваць усіх і любіць — розныя рэчы. Іх шкадаваў, а любіў — сябе? I яшчэ — свабоду сваю. Вышэй за ўсё. Нават ад любові свабоду».

Родная хата Адамовіча ў пасёлку Глуша
Родная хата Адамовіча ў пасёлку Глуша

20) Лічыў, што да ўласнай сьмерці трэба ставіцца спакойна:

«Жыцьцё маё... так ішло: у 16 маглі забіць, дый пазьней падстаўляўся, але пражытыя ажно за 60 лічу падарункам. Чаго енчыць? Апроч таго, мабыць, я з тых, хто сябе ня дужа высока ацэньваў. Ажыцьцявіўся, на колькі быў запраграмаваны, крыху больш, крыху менш — ужо ня мае значэньня. (...) У чалавека няма абавязку нарадзіцца. Але памерці — абавязак кожнага. Вось і памры. (...) Проста ня трэба пераацэньваць сябе, і будзеш ставіцца да гэтае падзеі спакайней».

Магіла Алеся Адамовіча ў пасёлку Глуша
Магіла Алеся Адамовіча ў пасёлку Глуша

У падрыхтоўцы матэрыялу была выкарыстаная наступная літаратура:

Адамовіч Алесь. Выбраныя творы. «Беларускі кнігазбор». Мн.: 2012 г.

Адамовіч Алесь. «…Имя сей звезде Чернобыль».

Адамовіч Алесь. Vixi. 2014 г. Электронная бібліятэка

Брыль Янка. «Алесь Адамовіч» — час. «Маладосьць», 1977, № 9.

«Дзеяслоў», 2008, № 32

«Дзеяслоў», 2010, № 47

Мальдзіс Адам. «Мыслитель и патриот». Советская Белоруссия, №32 (24415). Серада, 19 лютага 2014 г.

Навумчык Сяргей. «Сьлюнькоў і Адамовіч. Пілат і праведнік».

Сінькова Людміла. «Даўняя гутарка з Алесем Адамовічам».

Шапран Сяргей. «Алесь Адамовіч: Няўжо вы ўсё яшчэ дазваляеце фюрэрам дурыць вас?» — «Новы Час», 26.02.2016.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG