Іранскі Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі ў сераду праінфармаваў на сваім сайце аб пасьпяховым запуску першага вайсковага спадарожніка.
Спадарожнік пад назвай «Нур», што з пэрсыдзкай мовы перакладаецца як «Сьвятло», выведзены на арбіту з выкарыстаньнем двухступеньчатай ракеты-носьбіта на вышыню 425 км над паверхняй Зямлі. Запуск, які адбыўся з палігону, разьмешчанага ў пустыні Дашт-е-Кавір, праходзіць у пэрыяд высокай напружанасьці ў адносінах з ЗША з нагоды ядзерных і ракетных праграм Тэгерана і празь некалькі месяцаў пасьля таго, як 3 студзеня падчас удару бесьпілётніка ЗША ў Багдадзе быў забіты найвышэйшы вайсковы камандзір Ірану.
Агенцтва Associated Press у сваю чаргу адзначае, што афіцыйнага незалежнага пацьверджаньня запуску пакуль няма.
Раней паведамлялася пра некалькі няўдалых спробаў запуску спадарожнікаў у Іране.