Генэральны дырэктар Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) Тэдрас Аданом Гебрэесус заявіў 20 красавіка, што асноўная барацьба з каранавірусам яшчэ наперадзе.
«Паверце, самае складанае яшчэ наперадзе. Мы можам прадухіліць гэтую трагедыю. Шмат хто не разумее, што гэта за вірус», — заявіў старшыня WHO на прэс-канфэрэнцыі ў Жэнэве 20 красавіка.
Паводле яго, нягледзячы на папярэджаньне WHO, разьвіцьцё сытуацыі з каранавірусам стала нечаканасьцю нават для разьвітых краін.
Раней WHO выказьвала занепакоенасьць тым, як на пандэмію змогуць рэагаваць краіны, якія разьвіваюцца, дзе сыстэмы аховы здароўя слабыя.
Заява старшыні WHO прагучала, калі некаторыя краіны сталі абвяшчаць пра паступовае зьняцьце карантыну, зьвязанага з пандэміяй.
У сьвеце пацьвердзілі ўжо каля 2,5 мільёна выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі, каля 170 тысяч чалавек памерлі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.