Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кім Чэн Ына не было на публіцы 10 дзён. ЗША вывучаюць зьвесткі пра ягонае здароўе, — CNN


Кім Чэн Ын, архіўнае фота
Кім Чэн Ын, архіўнае фота

Злучаныя Штаты вывучаюць зьвесткі выведнікаў пра стан здароўя кіраўніка Паўночнай Карэі Кім Чэн Ына, паведаміла CNN са спасылкай на неназванага амэрыканскага чыноўніка, знаёмага са справай. Афіцыйных пацьверджаньняў выданьне не атрымала.

Кіраўніка КНДР ня бачылі на дні народзінаў ягонага дзеда 15 красавіка,а дзень народзінаў заснавальніка КНДР Кім Ір Сэна — гэта адно з галоўных сьвятаў дзяржавы. Яго адсутнасьць заўважыла і афіцыйная прэса КНДР, але прычынаў не растлумачыла.

Раней, адзначае CNN, адсутнасьць лідэра на дзяржаўным сьвяце папярэднічала сур’ёзным зьменам у КНДР, але на гэты раз такіх зьменаў не адбылося.

Кім Чэн Ына апошні раз бачылі на публіцы 11 красавіка, калі ён правёў пасяджэньне Палітбюро, зьвязанае з пытаньнямі ўнутранай палітыкі. Ён прапусьціў і штогадовую сэсію Вярхоўнага народнага сходу, на якой у мінулую нядзелю прымалі, сярод іншага, бюджэт краіны на 2020 год.

Кім Чэн Ын «зьнікаў» больш чым на месяц у 2014 годзе, што таксама выклікала пытаньні пра ягонае здароўе. Ён «вярнуўся» з кійком – паўднёвакарэйская выведка заявіла, што яму выдалялі кісту са шчыкалаткі.

Інтэрнэт-газэта Daily NK, што базуецца ў Паўднёвай Карэі, але піша пра Паўночную, сьцьвярджае, што ён сёлета 12 красавіка нібыта перанёс апэрацыю на сардэчна-сасудзістай сыстэме.

Сытуацыя з эпідэміяй каранавірусу ў Паўночнай Карэі невядомая — краіна закрытая для міжнародных назіральнікаў і сама не публікуе зьвестак пра COVID-19. Суседняя Паўднёвая Карэя была адной зь першых краінаў-ахвяраў хваробы, там заразіліся звыш 10 тысяч чалавек, памерлі 237, але эпідэмію ўдалося стрымаць, колькасьць хворых паступова спадае ўжо месяц.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG