Кіраўніцтва вірусалягічнага навукова-дасьледчага інстытута ў кітайскім горадзе Ухань катэгарычна адпрэчыла здагадкі пра тое, што гэтая лябараторыя магла быць якім-небудзь чынам датычная да распаўсюджваньня новага каранавірусу, што стала прычынай пандэміі.
Раней гіпотэзу пра датычнасьць уханьскіх вірусолягаў да пандэміі выказаў тэлеканал FOX News
Як паведамляе агенцтва Bloomberg, кіраўнік ячэйкі Кампартыі Кітаю ва Уханьскім інстытуце Юань Жымінь заявіў, што вірус «ніякім чынам не зарадзіўся ў нашым інстытуце». Ён адхіліў сьцьверджаньні амэрыканскага тэлеканалу Fox News аб тым, што так званы «нулявы пацыент» быў супрацоўнікам інстытуту і, як мяркуецца, заразіўся пры правядзеньні досьледаў на інфікаваных жывёлах.
Паводле словаў кіраўніка партыйнага камітэту, ніхто з цяперашніх або былых супрацоўнікаў інстытуту наогул не быў інфікаваны кранавірусам. Ён абвінаваціў амэрыканскага сэнатара Тома Котана і СМІ ў распаўсюдзе «дэзінфармацыі».
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп наўпрост ня згадваў пра Ўханьскі інстытут, аднак заявіў нядаўна, што Кітай сутыкнецца з «наступствамі», калі высьветліцца, што ён сьвядома спрыяў распаўсюджваньню віруса або хаваў інфармацыю пра яго.
Лябараторыя ва Ўхані сапраўды вывучае каранавірусы кажаноў, адзін зь якіх, па ўсёй верагоднасьці, і стаў прычынай цяперашняй эпідэміі інфэкцыі COVID-19. Washington Post паведамляла, што амэрыканскія дыпляматы два гады таму выказвалі асьцярогі ў сувязі з гэтым. Кітайскі прадстаўнік, аднак, назваў здагадкі аб тым, што вірус «вырваўся» за сьцены інстытуту, «кансьпіралягічнаю тэорыяй».
Шэраг краін, у прыватнасьці Аўстралія, заклікалі да незалежнага расьсьледаваньня абставінаў пачатку ўспышкі інфэкцыі ва Ўхані ў канцы мінулага году.
Паводле афіцыйных дадзеных СААЗ, першыя заражаныя былі зьвязаны з рынкам ва Ўхані, на якім, у прыватнасьці, прадаваліся тушы дзікіх жывёл — магчыма, інфіцыраваных. Аднак выразнай карціны таго, як менавіта чалавек стаў носьбітам вірусу і калі дакладна гэта адбылося, пакуль няма.
Большасьць вірусолягаў перакананыя, што вірус мае натуральнае паходжаньне. У паведамленьні Fox News таксама ня сьцьвярджалася, што вірус быў створаны штучна і тым больш распаўсюджаны сьвядома. У ім гаварылася аб выпадковым заражэньні аднаго з супрацоўнікаў лябараторыі.
Ухань стаў першым буйным агменем інфэкцыі, якая пасьля распаўсюдзілася на ўвесь сьвет, з цэнтрамі ў Эўропе і ЗША. У самым Ухані цяпер новых выпадкаў заражэньня няма.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ