Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь горш, чым Расея, змагаецца з пандэміяй


Першы выпадак захворваньня ў Беларусі быў зафіксаваны ў Беларусі 28 лютага, першая сьмерць — 31 сакавіка. У Расеі пандэмія пачалася раней, першы дыягназ «каранавірус» быў пастаўлены 15 лютага, першая сьмерць ад каранавірусу адбылася 19 сакавіка.

Далейшая дынаміка распаўюду захворваньня і сьмерцяў ад яго была ў дзьвюх краінах рознай.

Сьцісла:

  • У Расеі пандэмія пачалася раней
  • Ад пачатку красавіка колькасьць захварэлых адносна насельніцтва ў Беларусі пачала рэзка перавышаць адпаведны паказьнік у Расеі
  • Калі ў Расеі распаўсюд захворваньня разьвіваецца з прыкладна нязьменным паскарэньнем, у Беларусі з пачатку красавіка паскарэньне павялічылася
  • Паказьнік «памерлыя/захварэлыя» у Беларусі падвышаўся з пачатку красавіка да 6 красавіка, потым зьнізіўся да расейскага ўзроўню
  • У абедзьвюх краінах значэньне паказьніку «памерлыя/захварэлыя» адносна нізкае ў параўнаньні зь іншымі краінамі
  • Калі дынаміка распаўсюду захворваньня і паказьнік сьмяротнасьці захаваюцца, да 9 траўня ў Беларусі будуць сотні тысячаў хворых і тысячы памерлых

Параўнаем, як дзьве суседнія краіны змагаюцца з пандэміяй каранавірусу.

Параўнаньне абсалютных лічбаў захварэўшых і памерлых ня мае сэнсу, насельніцтва Расеі ў 15 разоў болей, чым у Беларусі. Зьмястоўнае параўнаньне дае колькасьць хворых і памерлых адносна насельніцтва.

Графік 1. Дынаміка за апошні месяц колькасьці захварэлых на 1 мільён насельніцтва

З графіку бачна, што да пачатку красавіка адносная колькасьць захварэлых была ў дзьвюх краінах прыкладна аднолькавай. Аднак ад пачатку красавіка Беларусь рэзка пайшла «у адрыў», колькасьць захварэлых адносна ўсяго насельніцтва стала расьці больш імкліва, чым у Расеі.

Калі 31 сакавіка гэты паказьнік у абедзьвюх краінах складаў 16, 17 красавіка ў Беларусі было 506 захварэлых на мільён насельніцтва, у Расеі — 219.

Яшчэ больш выразна гэты разрыў паказвае той жа графік у натуральных лягарыфмах.

Графік у лягарыфмах адлюстроўвае тэмп — павялічэньне значэньня паказьніку на 1 на лягарфмічным графіку азначае прыкладна падваеньне зыходнага паказьніку.

Графік 2. Дынаміка за апошні месяц колькасьці захварэлых на 1 мільён насельніцтва, у натуральных лягарыфмах

Графік 2 паказвае, што да канца сакавіка распаўсюд захворваньня адбываўся ў Беларусі больш павольна, чым у Расеі, адпаведная крывая была больш спадзістай.

Але з пачатку красавіка ролі памяняліся, тэмп росту захворваньня ў Беларусі пераўзышоў расейскі, адпаведная крывая пайшла ўверх больш крута. Калі ў Расеі графік у лягарыфмах уяўляе сабой амаль дакладна прамую лінію, гэта значыць, пандэмія разьвіваецца з амаль аднолькавым паскарэньнем, то ў Беларусі навідавоку два пэрыяды — распаўсюд хваробы ў сакавіку з адным значэньнем паскарэньня, меншым, чым у Расеі, у красавіку — зь іншым, больш высокім, чым у Расеі.

Важны паказьнік для параўнаньня — доля сьмерцяў сярод захварэлых. Гэты паказьнік дазваляе параўнаць ступень небясьпекі хваробы для адпаведнай краіны.

Графік 3. Дынаміка суадносінаў колькасьці памерлых ад каранавірусу і колькасьці захварэлых, у %

Графік 3 пачынаецца з 31 сакавіка — дня першай сьмерці ад вірусу ў Беларусі. У Расеі на гэты дзень было ўжо 17 памерлых.

З графіку 3 бачна, што ў Расеі адпаведны паказьнік «памерлыя/захварэлыя» быў на працягу красавіка даволі стабільным — крыху менш за 1%. У Беларусі ён мяняўся — напачатку пэрыяду ён быў такім жа, як у Расеі, да 6 красавіка — рос, дасягнуўшы значэньня 1.8% — больш як удвая вышэй, чым у РФ, потым стаў зьніжацца і 17 красавіка ізноў зраўняўся з расейскім.

***

Лішне гаварыць, што Графікі 1-3 збудаваныя на афіцыйных дадзеных і ўзятыя з сайту міжнароднай статыстыкі, які рэгулярна аднаўляецца на падставе зьвестак міністэрстваў аховы здароўя краінаў.

Што тычыцца тлумачэньня дынамікі паказьнікаў, то варта нагадаць, што 25 сакавіка прэзыдэнт РФ Уладімір Пуцін выступіў з прамовай, у якой абвясьціў пакет мераў па сацыяльным дыстанцыянаваньні. Ён, у прыватнасьці, абвясьціў спачатку тыднёвы ўсерасейскі адпачынак для працоўных, пазьней ён быў падоўжаны.

У шэрагу гарадоў Расеі ў красавіку былі ўведзеныя жорсткія карантынныя меры.

Магчыма, гэтыя крокі расейскіх уладаў і паўплывалі на тое, што тэмп распаўсюду пандэміі ў РФ прынамсі не павялічыўся. Ён не паменшыўся, прыкметаў адступленьня каранавірусу там не назіраецца, калі сыходзіць з графікаў, але і не павялічыўся.

А ў Беларусі з пачатку красавіка ён заўважна павялічыўся. Беларускія ўлады кажуць, што іх стратэгія барацьбы з хваробай палягае ў эфэктыўным выяўленьні тых, хто захварэў, і ў іх ізаляцыі.

Магчыма, гэта і сапраўды мае пэўны плён, але, як бачна, з графікаў 1 і 2, распаўсюду каранавірусу гэта ня вельмі перашкаджае.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Таксама варта адзначыць, што ёсьць пытаньні і да параўнальнай эфэктыўнасьці выяўленьня захварэўшых. У Беларусі на 4 красавіка было зроблена 32 тысячы тэстаў на каранавірус, гэта 3386 тэстаў на мільён чалавек. На гэты ж дзень у Расеі гэты паказьнік складаў 4 379 тэстаў на мільён чалавек — амаль на тысячу больш. Падобныя ж суадносіны захоўваюцца і цяпер: на 17 красавіка ахоп насельніцтва тэставаньнем у Беларусі складаў 9187 чалавек на мільён насельніцтва, у Расеі — 11773 пратэставаных на мільён насельніцтва.

З гэтых лічбаў вынікае, што ў Расеі, у дадатак да абмежавальных мераў, выяўленьне захварэўшых было і застаецца больш маштабным, чым у Беларусі.

Варта дадаць, што і ў Беларусі, і ў Расеі паказьнік сьмяротнасьці вірусу, суадносіны «памерлыя/захварэлыя» застаецца даволі нізкім, ніжэйшым, чым у многіх краінах сьвету.

Але невядома, ці застанецца ён стабільным. Графікі 1-3 паказваюць, што ў Беларусі мяняецца (павялічваецца) ня толькі колькасьць захварэлых і памерлых, але мяняюцца і структурныя парамэтры працэсу, што ўскладняе прагназаваньне.

Але калі дапусьціць, што тэмп распаўсюду захворваньня захаваецца такім, які ён адлюстраваны на графіку 2 у пэрыяд 4-17 красавіка, і што паказьнік сьмяротнасьці застанецца такім, якім ён быў 17 красавіка (0.9%), то можна зрабіць экстрапаляцыйны прагноз на 9 траўня, калі заплянаваны парад у Менску.

Калі на графіку 2 крывую (практычна прамую) ад 4 да 17 красавіка лінейна працягнуць далей, яшчэ на 22 кропкі, якія адпавядаюць часу, што застаўся да 9 траўня, то значэньне на лягарыфмічным графіку складзе 10.62. Гэтаму адпавядае лічба ў прыкладна 41 тысячу захварэлых на мільён насельніцтва ці 385 тысячаў па краіне. Пры нязьменным паказьніку сьмяротнасьці ў 0.9% гэтаму адпавядае агулам больш за 3 тысячы сьмерцяў па ўсёй Беларусі.

З такімі вынікамі пандэміі Беларусь прыйдзе да 9 траўня, калі тэмп распаўсюду захворваньня і паказьнік сьмяротнасьці застануцца нязьменнымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG