Мы сабралі для вас навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 17 красавіка.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
- На вечар 17 красавіка ў сьвеце зафіксавалі звыш 2,231 мільёна выпадкаў COVID-19: 686 тысяч у ЗША, 188 тысяч у Гішпаніі, 172 тысячы ў Італіі, 165 тысяч у Францыі, 138 тысяч у Нямеччыне, 108 тысяч у Вялікай Брытаніі, 82 тысячы ў Кітаі, 79 тысяч у Іране, 78 тысяч у Турэччыне.
- У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 17 красавіка, пацьверджаныя 4779 выпадкаў COVID-19, памерлі 42 чалавекі, за суткі выяўленыя 575 новых выпадкаў.
- Паводле міністра аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Караніка, 90 супрацоўнікаў «хуткай дапамогі» ў Менску заразіліся каранавірусам, у краіне ня менш за 419 інфікаваных мэдыкаў.
- Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі каля 90 чалавек знаходзяцца на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
- Беларускія школьнікі пачнуць вучыцца з 20 красавіка. Прадстаўніца Мінадукацыі патлумачыла, што рашэньне тычыцца «усіх школаў без выключэньня, а калі хто ня хоча вадзіць дзяцей у школу, гэта іх права, хай пішуць заявы». Лукашэнка адмяніў для школьнікаў выходны 1 траўня. Суботы таксама будуць вучэбным днём
- Падчас наведваньня Лідзкага раёну Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дарожная інфраструктура важнейшая за каранавірус: «Псыхоз павінен быць вакол мастоў».
- Урад абмежаваў рост цэнаў на на мяса, рыбу, малако на тры месяцы.
- Мінабароны пацьвердзіла яшчэ 2 выпадкі каранавірусу сярод вайскоўцаў.
- Ад 300 да 4 тысяч рублёў будуць даплачваць мэдыкам за працу ва ўмовах эпідэміі.
- ЗША выдзеляць больш за $500 мільёнаў іншым краінам на барацьбу з COVID-19.
- Вялікая Брытанія падоўжыла карантын яшчэ на тры тыдні.
- Кітай даставіў у Беларусь у якасьці дапамогі 100 тысяч тэстаў на COVID-19
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ