Дзьмітры Цаўлоўскі — навуковы супрацоўнік Інстытуту фізыка-арганічнай хіміі. Займаецца сынтэзам флюарэсцэнтных фарбавальнікаў — рэагентаў, якія дазваляюць наносіць меткі на біямалекулы. Гаворачы простай мовай, ён робіць рэчывы, якія магчыма атрымаць толькі ў лябараторыі пад пастаянным кантролем высокакваліфікаванага спэцыяліста.
Бацька чацьвярых дзяцей: старэйшы сын вучыцца на гістфаку БДУ, малодшай дачцэ нядаўна споўніўся год. У навуку прыйшоў у сярэдзіне 90-х, затым 13 гадоў займаўся бізнэсам, вярнуўся ў канцы 2000-х. Гаворыць, што ня можа сабе дазволіць зарабляць мала. Сярэдні месячны заробак акрэсьлівае як «значна больш, чым па 500».
У размове са Свабодай Дзьмітры ўспамінае ўмовы працы ў 90-х, параўноўвае беларускую навуку са сфэрай ІТ і расказвае, што трэба зрабіць, каб інстытуты пры Нацыянальнай акадэміі навук пачалі прыносіць грошы.
Дзмітры вучыўся на хімфаку БДУ у першай палове 90-х, дыплём атрымаў у 1995 годзе. Найлепшым сярод аднакурсьнікаў ня быў. Спачатку цікавіўся фармакалёгіяй, пазьней зразумеў, што больш прываблівае арганічная хімія.
Расказвае, што пайсьці ў навуку ў сярэдзіне 90-х было проста — сфэры бракавала фінансаваньня, адпаведна ахвотнікаў працаваць у структуры Акадэміі навук было няшмат. На апошнім курсе Цаўлоўскі пачаў працаваць у адным з інстытутаў, у БДУ была магчымасьць толькі запаўняць лічбамі сшыткі ў невялікім, да самай столі застаўленым колбамі пакойчыку. Пасьля атрыманьня дыплёма застаўся працаваць у НАН, стаў інжынэрам першай катэгорыі. Але пратрымаўся крыху больш за год.
«У 1996-м зарабляў за месяц 36 даляраў»
«1996 год быў, калі я пакінуў навуку. Добра памятаю, што, калі звальняўся, атрымліваў 36 даляраў за месяц, — расказвае Дзьмітры. — Жонка каля 50 зарабляла, 40 мы аддавалі за кватэру... Акурат мой сябра выйграў грын-кард і зьяжджаў у ЗША. А ён працаваў у невялічкай фірме, падпрацоўваў на расейскую фірму — арганізоўваў закупкі на беларускіх заводах. Шукаў машыны, езьдзіў на завод афармляць паперы, дамаўляўся. І я стаў гэта рабіць замест яго. Паступова патрэбы расейцаў павялічваліся, і я ўжо фізычна не пасьпяваў займацца навукай. Сыходзіў са шкадаваньнем, безумоўна. Але за што было жыць?»
Калі Дзьмітры пачаў займацца бізнэсам, мог месячны заробак супрацоўніка акадэміі зарабіць за дзень. Такіх дзён было, вядома, ня 30 на месяц, але здараліся. Праз год пасьля звальненьня меў свой невялічкі бізнэс. Аднойчы сустрэўся з былым навуковым кіраўніком. Пачалі гаварыць пра заробкі. Аказалася, што чалавек, які меў напісаную доктарскую дысэртацыю, быў правай рукой кіраўніка лябараторыі і на якога ўсе ў інстытуце арыентаваліся, зарабляў у дзесяць разоў менш, чым бізнэсмэн-пачатковец. Але свабода, якая панавала на рынку зь сярэдзіны 90-х, скончылася праз дзесяць гадоў.
У другой палове 2000-х сытуацыя зьмянілася. Мой бізнэс скончыўся банкруцтвам
«У другой палове 2000-х сытуацыя зьмянілася. Рамантыка адышла, капіяваць тое, што робяць іншыя, не разумеючы эканамічных працэсаў, стала немагчыма, — прызнаецца Цаўлоўскі. — Мой бізнэс скончыўся банкруцтвам. Пэўны час займаўся тым, што проста хадзіў у падатковую і даваў справаздачы. Кінуць было немагчыма — выклікалі, выклікалі і выклікалі. Грошай не зарабляў, толькі хадзіў па інстанцыях. Нейкі час я яшчэ прапрацаваў на чалавека, які ў бізнэсе разумеў, меў пэўныя грошы... У нейкі момант сустрэўся з кіраўніком, і мы вырашылі, што мне лепш пайсьці. Была складаная эмацыйная размова, і ў адзін вечар я застаўся бяз працы».
«Адкуль вы толькі такія берацеся»
2009 год. Дзьмітры Цаўлоўскі трапляе ў сытуацыю, калі, з аднаго боку, няма працы, з другога — абавязкаў перад партнэрамі і падатковай. У дадатак пайшла ў дэкрэт жонка.
«Сядзеў дома і думаў, што я абсалютна вольны чалавек, што на мне цяпер няма нейкіх абавязаньняў у бізнэсе, можна рабіць тое, што захачу, — гаворыць хімік. — Жонка сказала: калі хочаш хіміяй займацца, то вось твой шанец. Працы ўсё адно няма, што ні заплацяць, усё будзе больш, чым нічога».
З часу, калі Дзьмітры Цаўлоўскі працаваў у Акадэміі навук, прайшло 13 гадоў. Адзіным шанцам вярнуцца ў навуку былі старыя кантакты. Спачатку сустрэўся з аднакурсьнікамі, затым з былым кіраўніком дыплёмнай працы. Кіраўнік пагадзіўся ўзяць на працу з умовай, што Дзьмітры паступіць у асьпірантуру.
Паступіў у асьпірантуру амаль праз 15 гадоў пасьля атрыманьня дыплёма
«І вось я паступаю ў асьпірантуру. Амаль праз 15 гадоў пасьля атрыманьня дыплёма, — успамінае Цаўлоўскі. — Жаданьня вялікага не было вучыцца зноў, але што рабіць. Думаў, што прыйдзецца ўзяць усе падручнікі і атрымаць адукацыю другі раз. Але на практыцы аказалася, што праца з арганікай — гэта больш навык, чым веды. Веды паступова аднаўляюцца. Калі нешта ня памятаеш, то ведаеш, дзе паглядзець. Пагартаеш крыху, успомніш. Ды і паступленьне ў асьпірантуру было не такім, як раней. Па філязофіі мне са словамі „Адкуль вы толькі такія берацеся“ паставілі 5 балаў з 10».
Праца ў інстытуце была цікавай, але грошай прыносіла мала. Хіміку, у якога на той момант было ўжо трое дзяцей, заробку не хапала. Спроба зарабіць з дапамогай выкананьня замоваў для замежных кампаній прывяла да звальненьня з Інстытуту біяарганічнай хіміі. Вырашаць пытаньні даводзілася на ўзроўні кіраўніка ўстановы, доўга працягвацца гэта не магло.
«Пасьля звальненьня з інстытуту была прапанова працаваць у Акадэміі навук за 2 мільёны ў месяц. Заробак грузчыка, каб вы разумелі, у той час быў 4-4,5 мільёна, — расказвае Дзьмітры. — А я хацеў быць хімікам, рассылаў рэзюмэ паўсюль. У выніку я трапіў у Інстытут фізыка-арганічнай хіміі, дзе і сёньня працую. Адзін з супрацоўнікаў вырашыў пайсьці глыбей у навуку, месца вызвалілася. Ён, дарэчы, потым дысэртацыю па-беларуску абараніў. ВАК выслухаў, заўваг ня меў. Так што ўсё гэта байкі, што па-беларуску нельга абараніцца».
«Мне не здаецца, што дзяржава выдаткоўвае на навуку катастрафічна мала грошай»
На думку хіміка Цаўлоўскага, сыход навукоўцаў у іншыя сфэры быў заўсёды. У 90-я людзі з Акадэміі навук ішлі працаваць на рынкі, цяпер ідуць у сфэру ІТ. Але калі раней асноўным матывам было жаданьне зарабляць больш, пракарміць сям’ю, то цяпер зарабіць можна і займаючыся навукай, аднак існуе шмат рэчаў, якія перашкаджаюць навукоўцам рабіць гэта. Часта ў дадатак да сваёй непасрэднай працы яны вымушаныя самастойна шукаць праекты, запаўняць справаздачы. Таму шмат хто выбірае сфэры, дзе ёсьць гарантаваная праца і ня трэба распыляцца.
Мы робім таньней тое, што вельмі-вельмі дорага зрабіць у Эўропе ці ЗША
«Тое, што беларускія хімікі робяць у сваіх лябараторыях, гэта тыя самыя высокія тэхналёгіі, толькі ў іншым рэчышчы, — кажа Дзьмітры. — Я з задавальненьнем раблю сваю працу. Знайшоў сваю нішу, распрацоўваю нейкія рэчы, якія потым будуць запатрабаваныя камэрцыйна. Магчыма, мая праца і не выглядае як чыстая навука, гэта ўжо ўсё адкрыта. Але гэта трэба зрабіць рукамі, бо іначай немагчыма. Трэба ведаць, як, колькі часу, якія матэрыялы неабходныя. Гэта той самы аўтсорс. Мы робім таньней тое, што вельмі-вельмі дорага зрабіць у Эўропе ці ЗША».
Паводле навукоўца, беларуская хімія пакуль мае аўтарытэт. Канкурэнтамі беларусаў выступаюць індыйцы (у сфэры фармакалёгіі) і кітайцы (у прамысловай сфэры), аднак беларусам замоўнікі з Эўразьвязу і ЗША пакуль давяраюць больш. Добра зарабляць пры гэтым атрымліваецца не ва ўсіх, але тое ў першую чаргу выклікана немагчымасьцю далучацца да праектаў, працаваць зь іншымі лябараторыямі.
«Бываюць ідыёцкія сытуацыі, калі нават у межах аднаго інстытуту ты ня можаш пераходзіць і далучацца да праектаў, — расказвае Дзьмітры Цаўлоўскі. — У нашым Інстытуце фізыка-арганічнай хіміі так склалася, што камэрцыйных замоваў больш. Ад пачатку было менш фінансаваньня і прыйшлося самім зарабляць, падтрымліваць годны ўзровень заробкаў. Хоць мне не здаецца, што дзяржава выдаткоўвае на навуку катастрафічна мала грошай. Проста часам гэтыя сродкі выкарыстоўваюцца
Камэрцыялізацыю навукі ў Беларусі стрымлівае недасканалае заканадаўства
неэфэктыўна».
На думку навукоўца, камэрцыялізацыю навукі ў Беларусі стрымлівае недасканалае заканадаўства. У якасьці прыкладу ён прыводзіць тое, што беларускія банкі ня могуць выдаваць крэдыты пад навуковыя праекты, якія ў будучыні могуць акупіцца і пачаць прыносіць прыбыткі. Існуюць таксама праблемы з сэртыфікацыяй прадукцыі.
«Мы ня будзем Ізраілем, але можам заняць сваю нішу»
Навуковец кажа, што льготы, якія атрымлівае ІТ-сфэра, маглі б прымяняцца і ў дачыненьні да навукі, сфэры хіміі, фізыкі. Гэта дазволіла б больш актыўна разьвіваць камэрцыйны кірунак. Пакуль жа ён разьвіваецца марудна і сам па сабе.
«З другога боку, я ня бачу стагнацыі, — прызнае Цаўлоўскі. — Ёсьць стабільнае становішча, ёсьць ВНУ, спэцыялісты. Ёсьць магчымасьці для падтрыманьня агульнасусьветнага ўзроўню за кошт стажыровак, стыпэндый і гэтак далей... Пэсымістычныя разважаньні пра тое, што ў нашай навуцы ўсё дрэнна, падобныя на тое, што мы ведаем толькі адзін спосаб знайсьці грошы — сесьці на падлогу і гучна заплакаць. Нас тады пашкадуюць і дадуць нешта. Але ўжо не даюць. Таму трэба выціраць сьлёзы і нешта іншае прыдумляць».
Навуковец кажа, што ў Беларусі наіўна спадзявацца на такі ж падыход да навукі, як, напрыклад, у Ізраілі, дзе на навуковыя дасьледаваньні выдатковаўецца сур’ёзная частка дзяржаўнага бюджэту. Аднак заняць сваю нішу для Беларусі рэальна. Доказам гэтага можа служыць тое, што беларускія навукоўцы запатрабаваныя на Захадзе. Калі яны там працуюць, значыць, нечага вартыя. І пры пэўных умовах могуць вярнуцца назад у Беларусь.