Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інфікаваныя 116 дзяцей, гарачую ваду лепш не адключаць. Міністэрства здароўя пра COVID-19 у Беларусі

абноўлена

Міністэрства аховы здароўя Беларусі 16 красавіка зладзіла жывую трансьляцыю брыфінгу аб «актуальных пытаньнях насельніцтва». Пытаньні тычыліся пандэміі каранавірусу.

У брыфінгу ўзялі ўдзел начальнік Галоўнага ўпраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі, экспэртызы і зваротаў Міністэрства аховы здароўя Аляксандар Пацееў, першы намесьнік міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла і дырэктар Рэспубліканскага цэнтру аздараўленьня і санітарна-курортнага лячэньня Генадзь Балбатоўскі.

116 дзяцей заразіліся

Паводле Пацеева, у Беларусі зарэгістравалі агулам 4204 выпадкі COVID-19, зь іх 116 дзяцей. «Практычна ўсе» пераносяць хваробу ў бессымптомнай або лёгкай форме, усе дзеці з інфэкцыяй і кантактныя з рэсьпіраторным сындромам цяпер шпіталізаваныя, у цяжкім стане або на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх малых няма.

Калі ў дзяцей зьяўляюцца сымптомы, «катаральныя зьявы», то яны тыповыя, кажа Пацееў: гэта кволасьць, болі ў жываце, адмаўленьне ад ежы, ваніты, катар, кашаль, падвышаная тэмпэратура або гарачка.

Экспрэс-тэсты закупілі, але ў продажы іх пакуль ня будзе

На бягучым тыдні ў Беларусі чакаюць пробную партыю экспрэс-тэстаў на антыцелы да COVID-19 (актуальныя для выяўленьня тых, хто ўжо хварэе працяглы час або перахварэў). Пакуль іх не правераць, масавага выкарыстаньня і вольнага продажу не плянуюць.

Цяпер у Беларусі ня толькі 21 дзяржаўная, але і тры прыватныя лябараторыі робяць «звычайныя» тэсты на COVID-19. Проста так зрабіць сабе тэст беларусы ня могуць: іх робяць «строга пры клінічных і эпідэміялягічных паказаньнях».

«Флустоп» не спыняе COVID-19

Цяпер у сьвеце ня выяўлена лекаў і вакцын, якія могуць прадухіліць або спыніць COVID-19. Але некаторыя вакцыны і лекі праходзяць тэсты ў розных краінах — ад Кітаю да ЗША і Аўстраліі. Пацееў адказаў на пытаньне наконт некаторых зь іх.

«Флустоп» адназначна не эфэктыўны для лячэньня COVID-19, вэтэрынарны прэпарат івэрмэктын дасьледуюць, бо ён можа быць эфэктыўны. Гідроксіхлярахін ёсьць у рэзэрвах, чакаюцца дадатковыя пастаўкі, які таксама пакуль толькі правяраюць на эфэктыўнасьць супраць COVID-19.

Самаізаляцыю ня зробяць меншай за 14 дзён, як казаў Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка 13 красавіка заявіў, што «ў нас няма ніякай самаізаляцыі», пацыентаў ня варта ізаляваць «аж на 14 дзён».

Паводле Пацеева, тэрмін самаізаляцыі застаецца ранейшым: 14 дзён. Ён вызначаны пастановай Савету Міністраў, «таму самаізаляцыі ніхто не абмяжоўвае».

Гэты тэрмін зьвязаны з тым, што каранавірусная інфэкцыя мае так званы інкубацыйны пэрыяд, падчас якога можа не даваць ніякіх сымптомаў, але распаўсюджвацца носьбітам. Звычайна гэты пэрыяд складае каля 5 дзён, але бывае, што дасягае 14.

Бессымптомная COVID-19 — як гэта

У вялікай часткі інфікаваных вірусам SARS-CoV-2 хвароба праходзіць бессымптомна — няма тэмпэратуры, кашлю і іншага, але пры тым чалавек носіць вірус і можа яго перадаваць іншым. Пацееў адзначыў, што пры такім ходзе COVID-19 людзі не паміраюць, «фактычна не хварэюць». Але і прыкметаў такой хваробы няма, выявіць вірус можна толькі ў лябараторыі.

Дэзынфэкцыя пад’ездаў — раз на дзень

Як заявіў Трубіла, «згодна з рэкамэндацыям санітарна-эпідэміялягічных службаў, дэзынфэкцыя пад’ездаў праводзіцца адзін раз на суткі». Арганізацыі ЖКГ маюць вывешваць графікі прыборкі і там пазначаць, калі праводзіліся дэзынфэкцыі.

Адзін раз на дзень таксама праводзяць дэзынфэкцыі праезнай часткі і прыпынкаў транспарту, два разы на дзень — наземных і падземных пешаходных пераходаў, плятформаў.

У выпадку выяўленьня носьбітаў вірусу праца з ачысткай паверхняў «уваходзіць у кампэтэнцыю» цэнтраў гігіены і эпідэміялёгіі — прадстаўнік Міністэрства ЖКГ параіў зьвяртацца да іх, калі з пад’езда забралі хворага суседа, а дэзынфэкцыю не правялі.

Гарачую ваду рэкамэндуюць не адключаць

У час пандэміі каранавірусу рэкамэндуюць рэгулярна мыць рукі з мылам, а ў канцы вясны і летам у Беларусі звычайна адключаюць гарачую ваду на два-чатыры тыдні.

Паводле Трубілы, цяпер будуць рэкамэндаваць перанесьці травеньскія адключэньні гарачай вады на верасень, але цалкам адмяняць іх ня будуць, бо «гэта залог бясьпекі на зімовы пэрыяд».

Прыпыняць капітальныя рамонты дамоў цяпер ня будуць, але графікі правядзеньня работаў у кватэрах рэкамэндавалі пераглядзець.

Зьніжкі на «камуналку» за працу з дому даваць ня будуць

Адно з пытаньняў тычылася працы з дому, пры якой сям’я спажывае больш элекрычнасьці і вады, чым звычайна. Паводле Трубілы, у сувязі з гэтым цяпер не прадугледжана нейкіх «зьніжак за самаізаляцыю».

Але дзейнае заканадаўства прадугледжвае субсыдыі, калі «камуналка» перавышае 20% ад сумарнага гадавога даходу. Калі сям’я цяпер празь нейкія абставіны ня можа заплаціць за камунальныя паслугі, то прадугледжаны зьмяншэньні або скасаваньні пені ў розных умовах.

Што з санаторыямі

Санаторыі ў Беларусі працягваюць працу, ніводзін не закрыты на карантын (два не працавалі, бо так вырашылі ўласьнікі), расказаў Балбатоўскі. Уласьнікі санаторыяў зьніжаюць цэны на адпачынак на 10–40% з прычыны адсутнасьці замежных турыстаў і адмоваў ад рэзэрваваньня. Сярэдняя запаўняльнасьць санаторыяў цяпер — каля 40%.

Але накіраваньне ў іх абмежавалі, у тым ліку цалкам спынілі адпраўляць пажылых людзей і інвалідаў. «На этапе шлягбаўма» людзям у санаторыях мераюць тэмпэратуру, затым аглядаюць на прыкметы захворваньня — і толькі пасьля таго засяляюць.

У санаторыях скасавалі экскурсіі, канцэрты і дыскатэкі, харчаваньне наладзілі ў некалькі зьменаў з рассадкай на дыстанцыі 1,5–2 м, праводзяць асаблівую прыборку і кварцаваньне месцаў агульнага карыстаньня. Пуцёўкі будуць разьмяркоўваць паводле «тэрытарыяльнага прынцыпу», каб людзі менш перасоўваліся між рэгіёнамі. Дадатковых карантынных захадаў не прымаюць.

Балбатоўскі паўтарыў заяву Лукашэнкі пра тое, што вірус SARS-CoV-2 нібыта гіне ў лазьнях. На самой справе, дакладных дасьледаваньняў наконт гэтага не праводзілася, але ў целе чалавека нават у самай гарачай лазьні захоўваецца звычайная тэмпэратура — вірус выжывае ў носьбіце, а носьбіт можа перадаваць вірус іншым у лазьні і пасьля яе.

Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Мінздароўя не залічвае ў памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.

11 красавіка місія Сусьветнай арганізацыі здароўя на брыфінгу расказала пра вынікі вывучэньня сытуацыі ў Беларусі, заклікала да дадатковых захадаў дыстанцыяваньня і да скасаваньня масавых мерапрыемстваў, а таксама да «падрыхтоўкі да найгоршых сцэнароў».

На нарадзе зь міністрам аховы здароўя і шэрагам чыноўнікаў 13 красавіка Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг выказваньняў пра пандэмію каранавірусу.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG