99-гадовы брытанскі вэтэран Том Мур сабраў больш за 7 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў (каля $ 8,7 млн) для падтрымкі брытанскіх лекараў. Сума ахвяраваньняў працягвае расьці.
Тым Мур арганізаваў збор сродкаў для падтрымкі Нацыянальнай службы аховы здароўя, каб аддзячыць за дапамогу ў лячэньні раку і пералому шыйкі клубу, а таксама каб падтрымліваць лекараў у барацьбе з каранавірусам. Першапачаткова ён плянаваў сабраць 1000 фунтаў стэрлінгаў, прайшоўшы 100 колаў на сваім заднім двары.
Вэтэран абвясьціў пра пачатак кампаніі 6 красавіка і хацеў сабраць сродкі да таго, як яму споўніцца 100 гадоў. Кожны дзень вэтэран праходзіць прыкладна 25 мэтраў з дапамогай хадункоў у двары свайго дому.
Да, 15 красавіка, пасьля таго як СМІ зьвярнулі ўвагу на ягоную акцыю, сума ахвяраваньняў дасягнула 5 млн фунтаў стэрлінгаў, і вырасла яшчэ на два мільёны ўсяго за некалькі гадзін. Колькасьць удзельнікаў акцыі да 16:30 паводле менскага часу дасягнула 342 276.
«Тыя адважныя лекары і мэдсёстры, якія ў нас ёсьць, — я думаю, што яны заслугоўваюць кожны пэні, і я спадзяюся, што мы зьбяром яшчэ трохі для іх», — распавёў Томас Мур у інтэрвію BBC.
Томас нарадзіўся і вырас у Ёркшыры, адвучыўся на інжынэра-будаўніка. Удзельнічаў у Другой сусьветнай вайне, атрымаў званьне капітана, пазьней быў адпраўлены ў Індыю. Пасьля вайны працаваў інструктарам ў вайсковай школе.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ