Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 каранавірусаў на адну сям’ю, бацька памёр. Паразмаўлялі з хлопцам, які адкрыта распавядае пра сваю хваробу


Дзьмітры Касьцючэнка ў 6-м шпіталію
Дзьмітры Касьцючэнка ў 6-м шпіталію

Яшчэ нядаўна Дзьмітры Касьцючэнка жыў звычайным жыцьцём: хадзіў у краму, на вуліцу і трэніроўкі. Але раптам усё зьмянілася. Цяпер хлопец ляжыць у шпіталі з каранавіруснай інфэкцыяй і вядзе Тэлеграм-канал пра сваю хваробу. Яго дзяўчына Ганна і яе маці чакаюць вынікаў аналізу, а бацька каханай памёр праз каранавірус 3 красавіка.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Далей па нарастаючай: пнэўманія, двухбаковая пнэўманія, каранавірус»

Хвароба ў самога хлопца праходзіць бессымптомна. Дзьмітры распавядае, як усё пачалося:

«Была тэмпэратура, насмарк. У першы дзень у мяне была 38, у дзяўчыны 37. У яе маці каля 38, а ў бацькі большая за ўсіх — 38,5», — кажа ён. Гэта было яшчэ на пачатку сакавіка.

«Усе мы пахварэлі пару дзён, да панядзелка нам стала лепш. Акрамя бацькі. На выходныя мы выклікалі лекара. Ён сказаў, што ў нас ва ўсіх „вірусная глотка“, але нічога страшнага — лячыцеся, і ўсё будзе добра. Адзінае, што бацьку прапісалі антыбіётыкі, бо ён даўжэй хварэў, чым мы».

Дзьмітры Касьцючэнка ў 6-м шпіталі
Дзьмітры Касьцючэнка ў 6-м шпіталі

Потым, кажа хлопец, у яго і дзяўчыны прапаў нюх, але яны не зьвярнулі на гэта ўвагі. І калі маладых людзей стан здароўя больш не хваляваў, то бацьку лепш не станавілася.

«Усё толькі пагаршалася. Потым мы выклікалі хуткую. Далей па нарастаючай: пнэўманія, двухбаковая пнэўманія, каранавірус».

У момант, калі стала вядома пра каранавірус у бацькі Ганны, Дзьмітры ішоў на трэніроўку. Але яму патэлефанавала Ганна і паведаміла сумную навіну.

«Сказала: „Стой, не заходзь у залю. У бацькі каранавірус“. Але гэта было яшчэ не афіцыйна, проста патэлефанавалі знаёмыя і сказалі. З санэпідэмстанцыі яшчэ не званілі. Я апэратыўна паехаў дадому. Але думаў, можа, гэта ахінея нейкая, можа, у нас кепскія крыніцы. Думаю — ну які каранавірус? Ужо ж нам два разы сказалі, што ў бацькі не было каранавірусу».

«Ці спалохаўся я, калі даведаўся, што ў мяне каранавірус? Яшчэ як!»

Праз некаторы час пра дыягназ паведамілі афіцыйна. Уся сям’я стала кантактамі першага ўзроўню.

«Нас забралі ў чацьвёрты шпіталь. Умовы там былі нармальныя. Я ляжаў у боксе з двума палатамі. У кожнай палаце па два чалавекі. Груба кажучы, адзін санвузел на чатыры чалавекі».

А потым прыйшлі вынікі аналізу на каранавірус. У Дзьмітрыя ён быў станоўчы, таму яго перавялі ў шосты шпіталь. А за некалькі гадзінаў да гэтага ад каранавірусу памёр бацька Ганны. Апошнім часам той ляжаў на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Пра гэта Свабодзе распавядала сама Ганна.

«Ці спалохаўся я, калі даведаўся, што ў мяне каранавірус? Яшчэ як! Глядзіце: Памірае бацька — нам пра гэта паведамляюць дзесьці а пятай вечара. І ўжо ўначы мне тэлефануюць з санэпідэмстанцыі, што ў мяне выявілі каранавірус. Я, калі шчыра, проста ашалеў. Адразу пачалі ногі нямець. Гадзіны дзьве ня мог заснуць, бо адыходзіў ад навіны, што я таксама хворы».

Першыя вынікі аналізу на каранавірус у дзяўчыны Дзьмітрыя Ганны і яе маці былі адмоўныя. Цяпер яны чакаюць вынік паўторных мазкоў. У іх сям’і на каранавірус захварэла сястра памерлага мужчыны і яе муж, стрыечная сястра Ганны і яе сын.

«Душ адзін на ўсіх, ключ бярэм у мэдсястры»

Умовы ў шостым шпіталі горшыя, чым у чацьвёртым, кажа Дзьмітры.

«Тут адзін санвузел на ўвесь паверх — ня ведаю, колькі людзей, бо нам не дазваляюць асабліва тусавацца тут. Душ адзін на ўсіх, ключ бярэм у мэдсястры. Рэчы мыю сам, сушу на батарэі. У маёй палаце 4 чалавекі. Градусьнікі ў нас забралі — ня ведаю чаму. У 4 шпіталі нам давалі дзёньнік і градусьнік, і мы павінны былі пісаць туды сваю тэмпэратуру тры разы на дзень. Тут два разы на дзень прыходзяць і мераюць тэмпэратуру мэдыкі. Я прасіў градусьнік, але ў мяне запыталіся навошта і сказалі не панікаваць — маўляў, буду як параноік мераць тэмпэратуру некалькі разоў на дзень. Ну, ладна».

Лекары ставяцца да пацыентаў добра. Але ў першыя дні ў шпіталі Касьцючэнка зь імі пасварыўся.

«Праз тое, што ў майго суседа па палаце былі яўныя сымптомы пнэўманіі. У яго быў сур’ёзны кашаль, ён цяжка дыхаў, у яго балелі цягліцы. І я ўчыніў скандал, маўляў, чаму вы мяне палажылі з чалавекам, у якога сымптомы, калі я бессымптомны? Я казаў, што зараз падхаплю якую-небудзь бацылу і буду гэтак жа сама, як ён, пакутаваць. Мне сказалі, каб я не хваляваўся, бо мне гэта не перадасца. Потым да нас палажылі яшчэ двух хлопцаў без сымптомаў. А той чалавек, з-за якога я ўчыніў канфлікт, ужо ідзе на папраўку».

Дзьмітры Касьцючэнка
Дзьмітры Касьцючэнка

Вольны час у шпіталі Дзьмітры і яго суседзі праводзяць у гаджэтах.

«Я вяду свой Інстаграм, Тэлеграм-канал. Хлопцы ў ноўтбуках, тэлефонах сядзяць. Амаль не ўстаём з ложкаў, бо і хадзіць асабліва няма куды. Асабліва не камунікуем».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Наступны аналіз на каранавірус Дзьмітры будзе здаваць у канцы тыдня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG