На працягу апошніх гадоў тэма міграцыі была адной з самых вострых і спрэчных у Эўропе і ў ЗША. Цяпер гэтая тэма сышла са старонак газэтаў і з экранаў тэлебачаньня. Гэта чыста мэдыйны эфэкт — больш важная тэма пандэміі выціснула менш важную — ці сытуацыя з мігрантамі зьмянілася?
Такое пытаньне мы задалі прафэсару паліталёгіі Ўнівэрсытэту штата Тэнэсі (ЗША) Андрэю Карабкову і беларусцы ў Бэльгіі, магістарцы сацыяльна-пэдагагічных навук, удзельніцы праекту «Міграцыя: Па-над забабонамі» Маргарыце Тарайкевіч.
Сьцісла
Карабкоў
- Рэзка ўзмоцніцца пераарыентацыя найбольш разьвітых краінаў на прыём элітных мігрантаў
- Міграцыя цяпер практычна цалкам спыненая
- У ЗША ўзьнікла праблема збору ўраджаю. Працаваць на палях няма каму
- Высьветліўся калясальны дэфіцыт мэдычных кадраў, перш за ўсё малодшага і сярэдняга мэдычнага пэрсаналу
Тарайкевіч
- Цяпер, калі пачаўся карантын, міграцыйныя патокі зьменшыліся
- Эўропа зачыніла межы тады, калі ў гэтым зьявілася сапраўдная патрэба, у яе няма ксэнафобскай палітычнай волі абмяжоўваць міграцыю
- Андрэа Рэа, адзін зь вядучых экспэртаў па міграцыі, выступіў зь ініцыятывай, каб у сувязі з эпідэміяй легалізаваць усіх, хто пражывае ў Бэльгіі без дакумэнтаў
- Ультраправыя ўзьнімаюць тэму, што масак не хапае, бо ўлады клапаціліся пра мігрантаў, а не пра свой народ
ЗША, зьвесткі на 10 красавіка 2020
Захварэлых на каранавірус — 468 895
Памерлі ад каранавірусу — 16 697
— Міграцыя стане адной з ахвяраў гэтай эпідэміі. Рэзка ўзмоцняцца тыя тэндэнцыі, якія назіраліся апошнія гады, калі ўсе найбольш разьвітыя краіны сьвету пачалі вельмі жорстка і цынічна пераарыентоўвацца на прыём элітных мігрантаў. Гэта 4 катэгорыі: студэнты, высокакваліфікаваныя спэцыялісты, навукоўцы і выкладчыкі і інвэстыцыйныя імігранты — людзі, якія гатовыя купляць грамадзянства ці грын карту за вялікія грошы.
Нягледзячы на тое, што гэтыя краіны паўтараюць паліткарэктныя фразы пра неабходнасьць прымаць уцекачоў, яны пачынаюць іх жорстка адразаць. Эпідэмія рэзка ўзмацніла гэтыя трэнды. Міграцыя цяпер практычна цалкам спыненая, гэтыя трэнды толькі ўзмацняцца. Будуць «адразацца» нізкакваліфікаваныя, чальцы сем’яў мігрантаў і натуральна нелегалы. Гэтая тэндэнцыя бачная ў Амэрыцы, яна дакладна прасочваецца і ў Эўропе. 5 краінаў ужо абвясьцілі, што ня будуць выконваць Шэнгенскія пагадненьні — гэта Польшча, Чэхія, Славаччына, Вугоршчына і Аўстрыя.
Але гэтыя меры ўжо прыводзяць да крызісаў. У ЗША ўзьнікла праблема збору ўраджаю. Працаваць на палях цяпер няма каму, бо паток мігрантаў, у тым ліку і часовых, сэзонных, рэзка скараціўся. Будуць праблемы з будаўніцтвам. Але ў любым выпадку гэтая эпідэмія прывядзе да жорсткага перагляду міграцыйнай палітыкі вядучымі краінамі сьвету.
— А якая цяпер сытуацыя на паўднёвай мяжы ЗША? «Сьцяны Трампа» пакуль няма. Што адбываецца зь міграцыяй? Паток мігрантаў больш жорстка стрымліваюць ці сам па сабе паток мігрантаў мялее, робіцца больш слабым?
— Тут адразу тры трэнды. Першы — сапраўды больш жорсткае стрымліваньне. Другі — значнае скарачэньне патоку мігрантаў. І трэці — гэта адток значнай часткі мігрантаў, якія аддаюць перавагу таму, каб перачакаць гэты пэрыяд дома. Усё гэта вядзе да скарачэньня міграцыйнага патоку. Горкая іронія палягае ў тым, што ўдарыць гэта перш за ўсё па тых галінах, якія выкарыстоўваюць нізкакваліфікаваную і некваліфікаваную працоўную сілу — сельская гаспадарка і будаўніцтва.
Крызіс актуалізаваў неабходнасьць рэструктурызацыі міграцыйнага патоку, у тым ліку і кваліфікаванай яго часткі. Высьветліўся калясальны дэфіцыт мэдычных кадраў, перш за ўсё малодшага і сярэдняга мэдычнага пэрсаналу. Дэфіцыт гэтых кадраў вымяраецца ў памеры 5 мільёнаў чалавек. Можна чакаць перагляду міграцыйных квотаў шэрагам краінаў — ЗША, Японіі і некаторымі эўрапейскімі краінамі.
Бэльгія, зьвесткі на 10 красавіка 2020
Захварэлых на каранавірус — 26667
Памерлі ад каранавірусу — 3019
— Я мяркую, што цяпер, калі пачаўся карантын, міграцыйныя патокі зьменшыліся. Сталі меншымі транспартныя патокі, авіярэйсаў наагул няма. Таму ніхто асабліва ня можа прыехаць у Эўропу. У мяне выклікае аптымізм той факт, што Эўропа зачыніла межы тады, калі ў гэтым зьявілася сапраўдная патрэба. Тое, што раней заклікі да закрыцьця межаў сканчаліся размовамі, сьведчыць, што ў Эўропы няма ксэнафобскай палітычнай волі абмяжоўваць міграцыю. І гэта мяне радуе.
У інфармацыйнай прасторы, у палітычным дыскурсе, тэма мігрантаў адышла на другі плян. Але, як я бачу, тыя групы, якія раней апекаваліся мігрантамі, цікавіліся гэтай тэмай, працягваюць апекавацца і цікавіцца. Я раней праводзіла анімацыю ў школах у межах праекту «Міграцыя: Па-над забабонамі». Цяпер мы зь іншымі валянтэркамі праекту абмяркоўваем у Zoom, як перавесьці гэтыя анімацыі ў дыстанцыйны фармат. Я ведаю, што «Грамадзянская плятформа» і іншыя ініцыятывы ў Брусэлі працягваюць прымаць мігрантаў без дакумэнтаў у сябе, раздаюць ежу, зьбіраюць грошы на дапамогу мігрантам.
— Вы сказалі, што транспартныя шляхі ў значнай ступені перакрытыя. Але мы памятаем, як людзі масава плылі на чоўнах з Афрыкі ў Італію. Наколькі я разумею, і зараз можна на чоўне прыплыць у Італію. А цяпер не плывуць? Калі Эрдаган адкрыў мяжу Турэччыны і дазволіў рух уцекачоў, мы бачылі кадры, як тысячы людзей імкнуліся прарвацца праз мяжу ў Эўропу. А цяпер не імкнуцца?
— Я ня ведаю дакладна. Я толькі ведаю, што цяпер у лягерах уцекачоў у Грэцыі такая скучанасьць людзей, што гэта эпідэміялягічна небясьпечна. У Бэльгіі камісарыяты, куды падаюцца заяўкі на палітычны прытулак, цяпер не працуюць офлайн, але яны прымаюць заяўкі на прытулак онлайн. У тых мігрантаў, якія пражываюць у Бэльгіі легальна, засталіся тыя самыя правы, што і былі.
Андрэа Рэа, адзін зь вядучых экспэртаў па міграцыі, выступіў з ініцыятывай, каб у сувязі з эпідэміяй легалізаваць усіх, хто пражывае ў Бэльгіі без дакумэнтаў. Тут тыя, хто ня мае легальнага статусу, маюць права толькі на тэрміновую мэдычную дапамогу. Мяркуецца, што легалізацыя ўсіх мігрантаў паспрыяе паляпшэньню эпідэміялягічнай сытуацыі. Са свайго боку, ультраправыя ўзьнімаюць тэму, што масак не хапае, бо ўлады клапаціліся пра мігрантаў, а не пра свой народ. Як той казаў, калі ў кране няма вады...