У Беларусі некалькі сотняў тысяч людзей з хранічнымі захворваньнямі: звыш 350 тысяч з цукровым дыябэтам; больш за 70 тысяч з бранхіяльнай астмай, шмат людзей з хранічнымі бранхітамі, абструкцыйнай хваробай лёгкіх. Таксама дзясяткі тысяч пакутуюць на рэўматоідны артрыт, гіпэртанію, сардэчна-сасудзістыя ды іншыя захворваньні.
А ўсе сілы лекараў накіраваныя цяпер на барацьбу з каранавірусам — паводле міністра здароўя Ўладзімера Караніка, больш за 25 тысяч мэдыкаў задзейнічаныя ў барацьбе з COVID-19.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Вы ў групе рызыкі. Сядзіце дома»
52-гадоваму Андрэю дыягназ «дыябэт» паставілі тры тыдні таму. Ён прайшоў шматлікія абсьледаваньні ў гарадзкім эндакрыналягічным дыспансэры. А тут у краіне здарылася эпідэмія каранавірусу.
«Мне сказалі: „У вас дыябэт. Вы цяпер у групе рызыкі, сядзіце дома“. Пытаюся: „Што мне рабіць?“ Адказалі: „Пакуль ня ведаем, нам цяпер не да вас“. Вось і сяджу пакуль дома і ніякага лячэньня не атрымліваю. Дзякуй Богу, сказалі, што дыябэт пакуль у пачатковай стадыі», — падзяліўся са Свабодай Андрэй.
Крысьціна — дыябэтык са стажам. Яна мае складаную імпартную сыстэму маніторынгу — пад скуру ставіцца чып, і ёсьць прылада, якая счытвае зь яго інфармацыю. Чып увесь час запісвае ўзровень цукру ў крыві, і ўсё відаць у дынаміцы. Кожныя 2 тыдні гэты чып трэба мяняць. Але ў Беларусі яны не прадаюцца.
«Цяпер немагчыма купіць гэтыя сэнсары для сыстэмы бесьперапыннага маніторынгу. Я купляла іх за мяжой, прывозілі сябры, а цяпер межы закрытыя.
Лёгка прадказаць рост цэнаў на інсуліны, бо яны ўсе імпартныя, курсы валют вырасьлі. А бясплатна інсулін выдзяляюць толькі дзецям і інвалідам, якія маюць групу з прычыны ўскладненьняў ад дыябэту. Калі ў чалавека няма групы інваліднасьці, усё трэба набываць самому», — расказала Крысьціна.
Вясна і восень — традыцыйна складаныя пэрыяды для людзей з дыябэтам, па магчымасьці людзі стараюцца гэты час правесьці ў санаторыях, многіх плянава шпіталізуюць.
«Цяпер санаторыі дыябэтыкаў не прымаюць, плянавую шпіталізацыю адмянілі.
Да таго ж людзям з дыябэтам для падтрыманьня жыцьця неабходна часта бываць на сьвежым паветры, займацца ЛФК — апошняе недаступна, магчымасьць прагулак у парках абмежаваная (у першую чаргу для тых, хто жыве ў шматкватэрных дамах у спальных раёнах), — дзеліцца жанчына.
«Выклікаць доктара на дом дзеля рэцэпту мне проста не дазваляе сумленьне»
68-гадовая Ганна мае цэлы букет хранічных хваробаў, сярод якіх і бранхіяльная астма. Звычайна ёй выпісваюць «антыастматычны комплекс» — лекі, якія яна атрымлівае бясплатна. Гэта аэразолі для інгаляцыі фліксатыд і бэрадуал Н (якія каштуюць адпаведна 43 рублі 57 капеек і 19 рублёў 10 капеек), таблеткі мантэмэд (19 рублёў 27 капеек — цэны ў лютым).
Да таго ж жанчыне патрэбны таблеткі ад ціску, кроплі ад хранічнай хваробы носу, дарагія прэпараты ад рэўматоіднага артрыту.
«Лекі канчаліся. У сярэдзіне сакавіка я патэлефанавала ў паліклініку. Мне прапанавалі выклікаць доктара на дом, каб выпісаў рэцэпты, альбо ўзяць талён у паліклініку да памочніка лекара. Я ў групе рызыкі і ў паліклініку ісьці асьцерагаюся. Ну а ў такой сытуацыі выклікаць доктара на дом мне проста не дазваляе сумленьне. Пайшла ў аптэку, купіла ўсе неабходныя лекі за свае грошы — а што было рабіць? Заплаціла за ўсё больш за 100 рублёў», — расказала Ганна.
Праўда, 9 красавіка ёй у паліклініцы праз тэлефон адказалі, што рэцэпты выпішуць і іх прынясе памочніца доктара — можна папрасіць яе кінуць паперкі ў паштовую скрыню.
Галоўны доктар адной са сталічных паліклінік кажа, што мэдсёстры (памочніцы лекара) ідуць насустрач пажылым людзям, якім за 60 гадоў — разносяць рэцэпты, кідаюць у паштовыя скрыні. Але даставіць іх усім «хронікам» не хапае рэсурсаў. Робяць мэдработнікі гэта пасьля працоўнай зьмены. Кур’ераў у беларускіх паліклініках няма.
«Мне мае лекі ад гляўкомы выпісалі па тэлефоне, а вось з дастаўкай узьнікла праблема — банальна іх разносіць няма каму. Міністру, магчыма, да такіх дробязяў справы няма, паперку падпісаў — а там хоць трава не расьці. Я ня стаў „наяжджаць“ на мэдыкаў за тое, што міністар забыўся даць ім у штат паліклінікі кур’ераў, і дамовіўся забраць рэцэпт у рэгістратуры», — расказаў яшчэ адзін пацыент з хранічнымі захворваньнямі.
Электронныя рэцэпты ў ІТ-краіне пакуль не прыжыліся
З 2016 году Беларусь пачала ўкараняць электронныя рэцэпты. У паліклініцы па месцы жыхарства кожны патэнцыйны пацыент павінен быў атрымаць плястыкавую картку мэдыцынскага абсьледаваньня са штрых-кодам.
Пераваг электронны рэцэпт мае шмат. Ён выключае дубляваньне водпуску лекавых сродкаў для аднаго пацыента, падробку льготных рэцэптаў. А самае галоўнае — «гэта эканоміць час лекара на выпісваньне рэцэптаў, асабліва з улікам магчымасьці працягу дзеяньня электроннага рэцэпта, а таксама дазваляе пазьбегнуць лішніх наведваньняў паліклінікі толькі з мэтай падаўжэньня дзеяньня рэцэпта», — тлумачыць «Белфармацыя».
Аднак электронныя рэцэпты нават у сталіцы — рэдкасьць.
«Вельмі рэдка людзі прыходзяць з электроннымі рэцэптамі. У асноўным усе зьвяртаюцца па лекі са звычайнымі папяровымі рэцэптамі, якія маюць абмежаваны тэрмін дзеяньня. Я не магу патлумачыць, чаму так адбываецца. Бо адзіная база электронных рэцэптаў створана. Вельмі лёгка атрымаць апэратыўную інфармацыю аб прызначаных і адпушчаных прэпаратах. Але лекары па звычцы выпісваюць паперкі.
А цяпер людзі, асабліва пажылыя, з хранічнымі захворваньнямі, асьцерагаюцца ісьці ў паліклініку па рэцэпт, просяць-моляць адпусьціць ім лекі. Да таго ж мы заўсёды пытаемся, ці ёсьць у чалавека картка мэдабслугоўваньня, бо зь ёй можа быць зьніжка на лекі. Многія наагул не ўяўляюць, што гэта такое», — апавяла супрацоўніца дзяржаўнай аптэкі сеткі РУП «Белфармацыя».
20 сакавіка 2020 году Міністэрства аховы здароўя ў мэдыцынскія ўстановы і аптэкі разаслала лісты «Аб часовым парадку афармленьня электроннага рэцэпта».
Пры наяўнасьці карты мэдыцынскага абслугоўваньня (а іх маюць ня ўсе) чалавеку могуць выпісаць электронны рэцэпт, і ў пэўных аптэках ён можа купіць патрэбныя лекі. Але толькі за поўную цану — ільготнікі і «хронікі», якія маюць права на зьніжку ці наагул бясплатныя лекі, гэтай паслугай скарыстацца ня могуць.
«Міністэрства аховы здароўя тлумачыць, што норма загаду распаўсюджваецца выключна на лекавыя сродкі, якія рэалізуюцца насельніцтву за поўны кошт, за выключэньнем лекавых сродкаў, якія зьмяшчаюць наркатычныя сродкі, псыхатропныя рэчывы, лекавых сродкаў, якія належаць улічваць».
Гэта значыць, ільготныя і бясплатныя рэцэпты ў электронным выглядзе нават у цяперашні складаны час «хронікам» ня выпішуць.
Плянавая шпіталізацыя не праводзіцца, трапіць на прыём да вузкіх спэцыялістаў амаль не магчыма
У людзей зь цяжкімі хранічнымі рэўматычными хваробамі (рэўматоідным артрытам, падаграй, рэўматычнай хваробай сэрца, остэапарозам ды іншымі) звычайна ўвесну і ўвосень здараюцца абвастрэньні. Пацыенты з сардэчна-сасудзістымі захворваньнямі пэрыядычна маюць патрэбу ў стацыянарнай дапамозе, каб падтрымаць арганізм. Але ім раяць патрываць, маўляў, «пакуль не да іх». Да таго ж многія шпіталі ці спэцыялізаваныя аддзяленьні клінік перапрафілявалі. Некаторыя пад пульманалёгіі, некаторыя — пад «кантактных», некаторыя пакуль проста зарэзэрваваныя.
Рэўматалягічнае аддзяленьне адной са сталічных клінік прымае толькі экстраных хворых. За гэты тыдзень хуткая дапамога даставіла ў аддзяленьне толькі двух чалавек.
«Іх прывезьлі на хуткай на патрабаваньне родных — сваякі проста ўчынілі скандал, запатрабавалі везьці ў шпіталь. У абодвух сапраўды сур’ёзныя абвастрэньні рэўматоіднага артрыту. Вядома, мы іх лечым», — запэўніла лекарка рэўматалягічнага аддзяленьня.
На пытаньне, колькі ў аддзяленьні ложкаў і хворымі зь якімі паталёгіямі яны цяпер занятыя, лекарка не адказала. «Нам нельга расказваць», — прамовіла яна.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ