Забароны і абмежаваньні на наведваньне лясоў па стане на 10 красавіка рашэньнямі абласных і раённых камітэтаў уведзены ў 54 раёнах, паведамілі ў Міністэрстве лясной гаспадаркі.
Цалкам забаронена наведваньне лясоў у Гомельскай вобласьці. Таксама забароны ўвялі на большай частцы Берасьцейскай і Горадзенскай абласьцей (па 13 раёнаў у кожнай).
У Менскай вобласьці забарона закранае 4 раёны, уключаючы сталічны, у Магілёўскай — 3, у тым ліку лясы вакол абласнога цэнтру.
У Віцебскай вобласьці забароны на наведваньне лясоў пакуль ня ўводзілася.
У Мінлясгасе адзначаюць, што сухое надвор'е з малой колькасьцю ападкаў пасьля адсутнасьці кліматычнай зімы істотны спрыяе пажарам.
«З пачатку году ў лясным фондзе зафіксавалі ўжо больш за 200 лясных пажараў, што ў 4 разы больш, чым за аналягічны пэрыяд мінулага году», — паведамляе ведамства.
У сувязі з сытуацыяй, якая склалася, дзяржаўная лясная ахова пераведзена на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы. Міністэрства лясной гаспадаркі нагадвае, што парушэньне патрабаваньняў пажарнай бясьпекі ў лясах і на тарфяніках або забароны на іх наведваньне, якое не прывяло да шкоды, цягне за сабой папярэджаньне або накладаньне штрафу ў памеры да 25 базавых велічыняў (675 рублёў).