У вёсцы Нарчы́ Шчучынскага раёну 7 красавіка згарэлі 20 хат з прычыны выпальваньня травы, паведамляе Сьледчы камітэт.
Жыхары вёскі не пацярпелі, бо толькі ў двух з дваццаці хат жылі людзі. Але паводле спадарожнікавых здымкаў, 20 хат — гэта большая частка вёскі.
Каля 11-й гадзіны 70-гадовы вясковец паліў у сваім двары траву. Паводле мужчыны, у дом ён пайшоў, калі ўсе патухла. Аднак неўзабаве да яго прыйшоў аднавясковец і сказаў, што ў ягоным двары пажар.
Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу, высьвятляе абставіны здарэньня.