Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь папрасіла ў Расеі зьнізіць цану на газ у 2020 годзе


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларусь ініцыявала зьніжэньне цаны расейскага газу для Беларусі ў 2020 годзе, паведаміў міністар энэргетыкі Віктар Каранкевіч.

Заява прагучала ў Палаце прадстаўнікоў 9 красавіка, паведамляе БелТА.

Як адзначыў міністар, цяпер назіраецца яскравая дынаміка зьніжэньня ўсясьветных цэн на энэргарэсурсы, у тым ліку на прыродны газ, у сувязі з чым Беларусь папрасіла расейскі «Газпром» перагледзець цану прыроднага газу, які кампанія пастаўляе ў Беларусь у 2020 годзе, у бок зьніжэньня.

«У якасьці аднаго з мэханізмаў перагляду прапанаваная магчымасьць куплі пэўных аб’ёмаў газу на біржавых пляцоўках па канкурэнтных цэнах», — адзначыў Віктар Каранкевіч. Умовы рэалізацыі гэтага мэханізму абмяркуюць на перамовах з расейскім бокам.

Міністар прадставіў Палаце прадстаўнікоў пратакол, які ўносіць зьмены ў беларуска-расейскае міжурадавае пагадненьне 2011 году аб парадку фармаваньня цэнаў на прыродны газ для Беларусі і яго транспартаваньне па беларускіх газаправодах. Сутнасьць дакумэнта ў тым, каб фінансавыя ўмовы паставак газу ў Беларусь не пагаршаліся. Згодна зь ім дзеяньне міжурадавага пагадненьня падаўжаецца да 31 сьнежня 2020 году. Палата прадстаўнікоў ратыфікавала пратакол.

Цана расейскага газу для Беларусі ў 2020 годзе вызначаная ў памеры 127 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў як базавы варыянт. Гэта адзначаў першы віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Дзьмітры Круты, камэнтуючы вынікі перамоваў кіраўнікоў Расеі і Беларусі 7 лютага.

Лукашэнка раней заяўляў, што пры цяперашніх умовах на ўсясьветным рынку энэрганосьбітаў расейскі газ для Беларусі павінен каштаваць каля 90 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG