«Газпром» ажно на 40% «Газпром» зьнізіў цэны на газ для Баўгарыі, — заявіў прэм’ер-міністар Баўгарыі Бойка Барысаў у аўторак на прэс-канфэрэнцыі.
Неўзабаве пасьля гэтага баўгарскія газавікі абвясьцілі, што папросяць рэгулятара рынку энэргетыкі зьнізіць цэны на газ для хатніх гаспадарак. Зьніжэньне павінна ўвайсьці з красавіка, але пачне дзейнічаць мінулай датай — з 5 жніўня 2019 году.
Расейская кампанія пацьвердзіла зьніжэньне цэнаў для Баўгарыі.
Баўгарскі прэмʼер-міністар заявіў, што рашэньне «Газпрому» стала «сымбалічным падарункам» у памяць аб 142-й гадавіне вызваленьня Баўгарыі Расеяй падчас вайны з Турцыяй у 1878 г. Гэтая дата адзначаецца акурат сёньня.
Але папраўдзе гэта Эўракамісія дапамагла Баўгарыі настолькі скараціць выдаткі на імпарт газу з Расеі. Тры тыдні таму баўгарская газавая кампанія «Булгаргаз» афіцыйна абвясьціла, што завяршае перамовы з «Газпромам» аб зьніжэньні цэнаў на газ. Баўгарыя прыгразіла «Газпрому» аднаўленьнем у Эўракамісіі антыманапольнай справы, калі той не пагодзіцца са зьніжкамі.
Расейскае выданьне «Коммерсант» пісала, што «Газпром» прыняў рашэньне пастаўляць Баўгарыі газ за цану, залежную ад цэнаў на галяндзкай энэргетычнай біржы TTF, значна ніжэйшых за ранейшыя цэны на газ, і ў залежнасьці ад цэн на нафту.
Згодна з ранейшым кантрактам у сакавіку Баўгарыя мусіла заплаціць 265 даляраў ЗША за 1000 м3 расейскага газу, у той час як на біржы TTF гэтая колькасьць газу каштуе каля 110-130 далараў. Менавіта таму аналітыкі ў Расеі прагназуюць, што цана на газ для Баўгарыі ўпадзе да адзнакі 140 даляраў за 1000 м3 сыравіны.