За апошнія суткі ў краіне адбылося больш за 50 лясных пажараў, паведаміла Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі 8 красавіка.
З гэтай прычыны на поўдні Беларусі пачалі ўводзіць часовую забарону на наведваньне лясоў. Па стане на 14.00 8 красавіка забароны дзейнічаюць ужо ў 15 раёнах:
- Гомельская вобласьць: Брагінскі, Нараўлянскі, Ельскі, Лельчыцкі, Мазырскі, Петрыкаўскі, Жыткавіцкі, Рэчыцкі, Веткаўскі, Жлобінскі раёны.
- Берасьцейская вобласьць: Столінскі, Пінскі, Берасьцейскі, Камянецкі раёны.
- Менская вобласьць: Салігорскі раён.
Чакаецца, што ў хуткім часе наведваньне лясоў могуць забараніць і ў іншых паўднёвых рэгіёнах Беларусі. Прычына гэтаму — гарачае, сухое надвор’е без дажджу, што значна павышае рызыку пажараў.
Толькі за мінулыя суткі па краіне адбыліся 52 лясныя пажары, якія ахапілі агулам 155,9 гектараў лесу.
Сёньня, 8 красавіка, у Гомельскай вобласьці працягваюць тушыць адразу два буйныя пажары — у Лельчыцкім і Чачэрскім раёнах. Агульная плошча іх ужо перавысіла 300 га. З агнём змагаюцца некалькі сотняў чалавек, задзейнічалі таксама спэцтэхніку лясгасаў і авіяцыю МНС.
З пачатку году лясы гарэлі ўжо 270 разоў, агульная плошча пажараў перавысіла 700 гектараў.
Асноўная прычына пажараў — чалавечы фактар: людзі выпальваюць сухую траву, і ў выніку парываў ветру агонь перакідваецца на лес, а часам і на жылыя дамы.