Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі стварыла фонд дапамогі мэдыкам і паабяцала пералічваць грошы працаўнікам мэдычнай галіны, якія заразіліся новым каранавірусам.
«Фонд дапамогі створаны пры Беларускім прафсаюзе работнікаў аховы здароўя і ўсе галіновыя прафсаюзы салідарна пералічваюць у яго грашовыя сродкі. Прэзыдэнт Беларусі падтрымаў гэтую ініцыятыву», — паведамляе ФПБ.
Матэрыяльную дапамогу супрацоўнікам мэдычнай галіны абяцаюць даваць па прадстаўленьні ліста непрацаздольнасьці (бальнічнага). Выплочваць абяцаюць ад 600 да 5000 рублёў «у залежнасьці ад цяжкасьці захворваньня».
Акрамя таго, як піша ФПБ, ва ўсіх прафсаюзных арганізацыях краіны створаныя «касы ўзаемадапамогі», у якія структуры прафсаюзаў пераводзяць грошы з «няпершаступеневых выдаткаў», ад якіх адмовіліся. З гэтых касаў абяцаюць даваць дапамогу тым, хто аказаўся ў «цяжкім матэрыяльным становішчы».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.