Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ ў адным дзіцячым садку ў Менску пацьвердзілі каранавірус. Правераць усіх дзяцей


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У настаўніцы зь дзіцячага садка № 434 у Менску пацьвердзілі каранавірус. Усіх дзяцей адправілі дахаты, ім зробяць мазкі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Пра гэта Свабодзе паведамілі бацькі, чыё дзіця ходзіць у гэты садок.

«Нам пазваніла выхавацелька і сказала, што ў адной з настаўніц садка сёньня пацьвердзілі каранавірус. Учора яе забіралі з падазрэньнем», — сказалі Свабодзе.

COVID-19 пацьвердзілі не ў выхавацелькі групы, а ў настаўніцы, якая штодня займалася зь дзецьмі ўсіх груп.

«Нам сказалі, што, хутчэй за ўсё, заўтра дахаты прыедуць лекары і возьмуць мазкі на каранавірус. Бо нашыя дзеці цяпер — кантакты першага ўзроўню», — сказаў бацька аднаго зь дзяцей.

Ён удакладніў, што апошнім часам у садок хадзіла мала дзяцей. У большасьці груп было ўсяго па 2–3 чалавекі. Некаторыя ўвогуле былі закрытыя.

«Пра карантын пакуль нічога не казалі. Проста папрасілі напісаць заяву, што да канца тыдня дзеці застануцца дома», — сказаў ён.

Ва ўпраўленьні адукацыі Савецкага раёну Свабодзе пацьвердзілі, што ведаюць пра выпадак з каранавірусам у садку. Але ці зачыняць садок на карантын, чыноўнікі ня могуць сказаць, бо садок адносіцца да Нацыянальнай акадэміі навук.

Гэта прынамсі трэці пацьверджаны выпадак каранавірусу ў дзіцячым садку ў Менску. Раней Свабода пісала, што ў выхавацелькі і пяці дзяцей садка № 455 таксама пацьвердзілі каранавірус. Таксама каранавірус выявілі ў нянечкі менскага дзіцячага садка № 566. Пасьля бальнічнага яна нібыта не кантактавала зь дзецьмі, але ўсю групу, дзе яна працавала, ізалявалі, а таксама і бацькоў дзетак.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG