Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто пераможа — Лукашэнка ці «каралі інтэрнэту»?


Ці сталі «каралі інтэрнэту» адзінымі лідэрамі апазыцыі?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:25:34 0:00

Ці сталі «каралі інтэрнэту» адзінымі лідэрамі апазыцыі?

Як мяняюцца камунікацыі і мэдыя ў эпоху пандэміі? Ці сталі «каралі інтэрнэту» адзінымі лідэрамі апазыцыі? За ці супраць карантыну, за ці супраць Лукашэнкі – ці супадаюць цяпер гэтыя падзелы грамадзтва?

Гэтыя тэмы ў перадачы «Праскі акцэнт» абмяркоўваюць: палітычны аналітык, мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі і аналітык лічбавых мэдыя USAGM (Агенцтва ЗША ў пытаньнях глябальных мэдыя) Францішак Вячорка. Вядзе дыскусію аналітык Свабоды Юры Дракахруст.

Сіцісла:

Быкоўскі

  • Група рызыкі пераважна як раз глядзіць тэлевізар і толькі невялікая яе частка мае доступ да інтэрнэту, сацыяльных сетак, мэсэнджараў
  • У стужцы «Масква сьлязам ня верыць» герой казаў — Цяпер будзе толькі адно тэлебачаньне. Гэтак жа і зараз зарана казаць, што ўсё будзе інтэрнэт і сацсеткі
  • Аказалася, што для беларускіх школьнікаў складана зрабіць адукацыю онлайн
  • У нас мала хто цікавіцца прававымі ўмовамі карантыну, таму людзі не ўсьведамляюць, што гэта свайго кшталту дыктатура
  • У Лукашэнкі нарада наконт таго, што рабіць з каранавірусам. Але адказу на гэтае пытаньня ня маюць і апазыцыйныя структуры
  • Карантын трэба было ўводзіць месяц таму, карантын прэвэнтыўны, каб хвароба не распаўсюдзілася

Вячорка

  • Каранавірус каталізаваў працэсы ў лічбавай прасторы.
  • У Беларусі каранавірус даў фантастычны бум у Тэлеграме
  • Калі офлайн-жыцьця няма, вулічных пратэстаў няма, то толькі тыя, хто мае ўплыў онлайн робяцца ўдзельнікамі палітычнага працэсу
  • У «Одноклассниках» і Севярынец, і Лябедзька, і іншыя палітыкі працягваюць кіраваць балем
  • Пазыцыя, што карантын трэба ўводзіць, зараз у сацыяльных сетках перамагае

Мэдыя эпохі каранавірусу

Дракахруст: Паводле апытаньня ў Беларусі, праведзенага напрыканцы сакавіка, у якасьці сродку інфармацыі пра каранавірус інтэрнэт, сацыяльныя сеткі перамаглі тэлевізар. Прынамсі ў мэгаполісах. Паказальны факт. Але што яшчэ мяняецца ў камунікацыях у эпоху раньняга каранавірусу. Якія новыя сродкі камунікацыі, новыя формы камунікацыі ўзьнікаюць? Ці хаця б іх зародкі ці вы бачыце?

Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

Быкоўскі: Мне падаецца, што людзі былі ня вельмі напужаныя да першых сьмерцяў і глядзелі на ўвесь сьвет, як на дзівакоў, маўляў, там людзі ў масках, там карантыны, а нам такога ня трэба. Калі людзі ў масках зьявіліся ў Менску, то гэта былі найперш маладыя людзі, а ня тая група рызыкі, якая мусіла на гэта зрэагаваць. Магу зрабіць гіпотэзу, што група рызыкі пераважна як раз глядзіць тэлевізар і толькі невялікая яе частка мае доступ да інтэрнэту, сацыяльных сетак, мэсэнджараў.

Так што ня ўсё можна так аптымістычна тлумачыць. Зь іншага боку, па размовах у сацыяльных сетках мы сутыкаемся з праблемай інфармацыйнай «бурбалкі». Большасьць варыцца ў сваім соку: усе мае сябры думаюць гэтак жа, як я. Гэта калі казаць пра звычайных карыстальнікаў, а не пра журналістаў, не пра мэдыяэкспэртаў, якія маюць больш шырокае кола кантактаў. І людзі выказваюць шчырае зьдзіўленьне, скажам, тым, што вернікі ідуць да храму. Паміж «бурбалкамі» вялікія супярэчнасьці, унутры іх ніякіх супярэчнасьцяў няма.

Нядаўна я трапіў у новую «бурбалку», дзе спрабуюць усур’ёз пагаварыць пра каранавірус у Беларусі і там аказалася, што ўсе тыя міты, што каранавірус створаны штучна і такога кшталту — яны ўсе паўсплывалі. Хаця ў тых асяродзьдзях, дзе я бываў раней, пра гэта пагаварылі і забыліся. У стужцы «Масква сьлязам ня верыць» герой казаў — Цяпер будзе толькі адно тэлебачаньне. Гэтак жа і зараз зарана казаць, што ўсё будзе інтэрнэт і сацсеткі.

Дракахруст: Пра Беларусі і ў гэтай сытуацыі і наагул нельга казаць, як пра нейкую ізаляваную выспу. Беларусь засвойвае замежныя моды. Моды каранавірусу зараз больш разьвітыя, больш прасунутыя ў Эўропе, у ЗША з сумных прычынаў, таму што там пандэмія буяе. І яе рэха ў мэдыятэхналёгіях там больш гучнае. Ну а беларусы яго слухаюць, штосьці капіююць. Насіць тыя ж маскі — яны ж ня самі гэта прыдумалі. Яны глядзяць праз тэлескрыню на Кітай, на Італію і робяць выснову — трэба насіць. Гэтак і з мэдыйнымі тэхналёгіямі. Яны зьяўляюцца там?

Вячорка: Каранавірус каталізаваў працэсы ў лічбавай прасторы. Тое, што мелася заняць 5-6 гадоў, адбываецца зараз, цягам месяцаў. Гэта тычыцца і мэдыяарганізацыяў, іх структуры і мэнэджмэнту, і структуры спажываньня. Людзі зараз больш акаўнтаў рэгіструюць у сацсетках, больш праводзяць часу ў мэсэнджарах, у Фэйсбуку і ў Інстаграме. Чаму? Яны хочуць ведаць з першакрыніцаў тое, што адбываецца.

У Беларусі трэнд супадае з трэндам усясьветным. У Беларусі каранавірус даў фантастычны бум у Тэлеграме — як крыніцы інсайту і як каналу для дыстрыбуцыі кантэнту. І ў Тэлеграм рынуліся — і традыцыйныя мэдыя, і новыя мэдыя, і лукашэнкаўская адміністрацыя, і журналісты, набліжаныя да ўладаў.

Я будзе разьвівацца далей — цяжка сказаць. Але думаю, што многія традыцыйныя мэдыя перагледзяць сваю ролю. А калі разам з каранавірусам прыйдзе і крызіс, многім давядзецца аптымізавацца. Лічбавыя плятформы і лічбавая дыстрыбуцыя нашмат таньней, чым традыцыйныя тэлебачаньне і радыё.

Менск, 5 красавіка
Менск, 5 красавіка

Дракахруст: Павал, ці адбываецца нейкае пераразьмеркаваньне паміж плятформамі ў Байнэце?

Быкоўскі: Важным фактарам сталі розныя плятформы онлайн-камунікацыі кшталту Zoom. Адразу стала вядома, што калі не шыфраваць, то любы можа паглядзець нашыя перамовы ў Zoom. Зьявіліся новыя функцыі ў Skype для масавых канфэрэнцый. Зьявілася шмат сэрвісаў і людзі спрабуюць знайсьці той, які ім больш падыходзіць. Шмат хто кінуўся да Zoom, бо ён дае якасную карцінку, ён зараз самы раскручаны і зразумелы сэрвіс.

Яшчэ адна рэч, якая шмат на што паўплывае ў будучыні. Аказалася, што для беларускіх школьнікаў складана зрабіць адукацыю онлайн. Пра гэта шмат гаварылася, але калі аказалася сытуацыя, калі ў гэтым ёсьць патрэба, высьветлілася, што ў дзяцей няма ноўтбукаў, нават у дзяцей з заможных семʼяў. Была арыентацыя, што ў дзяцей будуць пляншэты, але яны хутчэй для гульняў, а не для выкананьня хатніх школьных заданьняў. Тое самае са смартфонамі. У нас іх зараз вельмі шмат і яны даюць шмат магчымасьцяў камунікацыі, але не для працы.

І яшчэ адна праблема. Я дома падключана ажно да двух правайдараў інтэрнэту. Калі ў аднаго будзе праблема, іншы выратуе. Але ўсе гэтыя правайдэры не разьлічвалі на тое, што хатні інтэрнэт людзям спатрэбіцца ў такім абʼёме і прычым у працоўным час. Раней людзі ў працоўны час не сядзелі дома. І калі меншасьць, якая працавала з дому — гэта выпрабаваньне для правайдэраў.

Яшчэ адна навацыя — спроба вялікіх гульцоў, сацыяльных сетак, змагацца з фэйкавай інфармацыяй, зьвязанай з каранавірусам. Магчыма, у нейкім далёкім сьвеце ў гэтым ёсьць посьпехі, але ў нас не атрымліваецца спыніць распаўсюд розных кансьпіратыўных вэрсіяў і парадаў лячыцца ад вірусу содай.

Ці сышла палітыка ў інтэрнэт?

Дракахруст: Ці можна сказаць, што палітычная барацьба прынамсі ў Беларусі цалкам сышла ў інтэрнэт? Раней Павал Севярынец ці Мікола Статкевіч мелі інструмэнт барацьбы — вуліцу. Зараз вуліцы няма. Адзіныя ўдзельнікі палітычнага працэсу — улада ды «каралі інтэрнэту»?

Францішак Вячорка
Францішак Вячорка

Вячорка: Гэта не пераканфігурацыя палітычнай прасторы, проста стала відавочным, хто мае ўплыў. Калі офлайн-жыцьця няма, вулічных пратэстаў няма, Дзень волі перанесьлі ў інтэрнэт, то толькі тыя, хто мае ўплыў онлайн робяцца ўдзельнікамі палітычнага працэсу. А гэта Лукашэнка і тыя, каго называюць інфлюэнсэрамі. І паглядзіце на каналы Nexta, «РБ головного мозга», рэгіянальныя блогеры, якія ўсе пераключыліся на тэму каранавірусу — яны каралі нават не раёну, а краіны. А цяпер, калі Лукашэнка яшчэ і адмаўляе гэтую праблему і людзі абураныя гэтым, то папулярнасьць лічбавых інфлюэнсэраў расьце ў разы.

Але ў «Одноклассниках» і Севярынец, і Лябедзька, і іншыя палітыкі працягваюць кіраваць балем. Аўдыторыя ОК — гэта старэйшае пакаленьне, гэта пакаленьне тэлевізара і папяровых газэтаў. Туды лічбавыя інфлюэнсары ня сунуцца, а палітыкі адчуваюць сабе там досыць упэўнена. І іх ролікі пра каранавірус, пра тое, што Лукашэнка хлусіць набіраюць там сотні тысячаў і мільёны праглядаў.

На Тэлеграме, у Інстаграме і ў Фэйсбуку рэй вядуць блогеры, палітычныя камэнтатары, аналітыкі, такія як Шрайбман — усе тыя, хто здолелі збудаваць аўдыторыю да пачатку каранавірусу. Таму мільёны праглядаў на каналах Nexta і «РБ головного мозга» — яны не раптоўна зьявіліся.

Быкоўскі: Я мяркую, што ня ўсё так адназначна. Тут навідавоку мэдыйныя эфэкты. На кожным рэсурсе, калі ў загалоўку зьяўляюцца словы «каранавірус», «covid-19» — гэта дае вялікія прагляды, незалежна ад геніяльнасьць аўтара. Гэта працуе, бо людзей сёньня гэта хвалюе. У сытуацыі, калі ўлады ня вельмі пасьлядоўна і ня вельмі поўна асьвятляюць сытуацыю з гэтай праблемай, блогеры рызыкуюць, онлай-мэдыя рызыкуюць і яны робяцца вельмі цікавымі. Палітыкі таксама нешта спрабуюць рабіць, тое самае галасаваньне на праймэрыз працягваецца, тыя, хто зьбіраецца ўдзельнічаць у выбарах, усё яшчэ даюць інтэрвію журналістам. Але гэта ня тое, што грамадзтва сёньня хвалюе па-сурʼёзнаму, каб людзі на гэта рэагавалі актыўна.

Франак адзначыў важны чыньнік — што ўва ОК іншыя паводзіны, іншыя густы, іншыя прыярытэты. Там іншы мэханізм распаўсюду — там я стаўлю Ок і я адразу ж распаўсюджваю тое, што я паглядзеў. І гэты мэханізм уплывае на распаўсюд, як той самы вірус.

Але калі браць іншыя пляцоўкі, то асноўныя дыскусіі ў нас ідуць усё ж у Фэйсбуку і ў Тэлеграме. Сёньня ў Лукашэнкі нарада наконт таго, што рабіць з каранавірусам. Але адказу на гэтае пытаньня ня маюць і апазыцыйныя структуры. Той жа Севярынец кажа пра «народны карантын», але ён ня кажа, што трэба рабіць людзям, якія ня могуць самаізалявацца.

Той жа мітрапаліт Кандрусэвіч скардзіўся, што ня мае парады ад уладаў, што яму казаць вернікам наконт Вялікадня — трэба ім ісьці да царквы ці не. Калі адказныя ў дзяржаве людзі не бяруць на сябе адказнасьць — гэта стварае праблемы ў грамадзтве.

Як каранавірус дзеліць беларусаў

Дракахруст: Як каранавірус дзеліць грамадзтва? Відавочны выразны падзел — за карантын супраць карантыну. Ці супадае ён з падзелам — за Лукашэнку супраць Лукашэнкі? Ці ўсе апанэнты, прынамсі не адэпты, Лукашэнкі — за карантын? Ці ўсе яго прыхільнікі — за «псыхоз», за «нічога асаблівага» і г.д.?

Быкоўскі: Я не магу сказаць пра дакладныя лічбы. Але сапраўды, ёсьць людзі апазыцыйных поглядаў, якія супраць карантыну, хаця шмат людзей у апазыцыі — за карантын. І наадварот. У нас мала хто цікавіцца прававымі ўмовамі карантыну, таму людзі не ўсьведамляюць, што гэта свайго кшталту дыктатура. І яна можа быць уведзеная праз надзвычайнае становішча, можа суправаджацца ўвядзеньнем прамой цэнзуры, могуць быць скасаваныя прэзыдэнцкія выбары. А гэта даволі важныя палітычныя моманты.

І яшчэ адно пытаньне — гэта будзе рабіцца як на Захадзе, дзе падчас карантыну даюць нейкую кампэнсацыю прадпрымальнікам, бізнэсу, людзям, якія губляюць працу, ці гэта будзе рабіцца як у Расеі, дзе і карантын афіцыйна ня ўведзены, і на працу хадзіць нельга, і заробак людзі не атрымліваюць, хаця Пуцін сказаў, што яго трэба плаціць. І на тое, што ў Расеі называецца карантын, шмат хто ў Беларусі кажа — не, нам такога карантыну ня трэба.

А іншыя разважаюць так: я ніколі не давяраў дзяржаве, чаму я павінен яшчэ больш паўнамоцтваў аддаваць гэтай дзяржаве і яна будзе вырашаць, калі мне можна выходзіць з дому?

Гэта даволі складаная сытуацыя. Тут кансэнсусу я ня бачу ні ў апазыцыйных колах, ні ў грамадзтве ў цэлым.

Шмат людзей, якія спачуваюць апазыцыі, не падтрымліваюць карантын. Некаторыя зь іх самазанятыя, іншыя індывідуальныя прадпрымальнікі. І яны бачаць, што ў сытуацыі карантыну яны застануцца сам на сам са сваімі праблемамі і ня будуць ведаць, як плаціць сваім супрацоўнікам, як плаціць па крэдытах і за што яны будуць жыць праз 2-3 месяцы карантыну. І яны апынуліся ў адным чоўне з Лукашэнкам, які таксама разважае, што яму рабіць з краінай, і калі ўвесьці карантын, то за кошт чаго мы будзем жыць.

Дракахруст: Ці не здаецца, што па змаўчаньні адбываецца пэўнае збліжэньне пазыцыяў? Лукашэнка паўтарае словы пра «псыхоз», але калі глядзець на практычныя дзеяньні ўладаў, то гэта такі паўзучы карантын. Касіркі ў крамах сям там — ужо ў масках і пальчатках, у мэтро праціраюць дзьверы і поручні санітайзэрам, выканкамы пераходзяць на працу на адлегласьці.

Калі «псыхоз», то навошта гэта? І гэта ж не «народны карантын». Выканкамы пераходзяць на працу на адлегласьці не па ўласнай волі.

А зь іншага боку, як сказаў Павал, многія людзі апазыцыйных поглядаў кажуць: карантын — цікавая ідэя, але я асабіста што пры ім жэрці буду?

І ці не адбываецца збліжэньне на нейкай сярэдняй кропцы: і не такі карантын, каб усё зачыніць, але нейкі карантын патрэбны? Лукашэнка сам гаворыць пра тое, што ціск на яго ў гэтым накірунку ёсьць.

Вячорка: Лукашэнка спрабуе тушыць пажар. Карантын трэба было ўводзіць месяц таму, карантын прэвэнтыўны, каб хвароба не распаўсюдзілася. Тады было вядома пра агмяні захворваньня, калі быў іранскі студэнт, калі распаўсюд можна было спыніць. Цягам апошніх трох тыдняў ўлады адмаўляліся ўводзіць карантын і спрыялі распаўсюду хваробы. І цяпер, калі да ўсіх, у тым ліку і да атачэньня Лукашэнкі, дайшло, што не пранясе, і яны пачынаюць тушыць пажар, калі ўжо позна і што гэтая хвароба дасягне некантраляваных маштабаў. У тым ліку і па віне Лукашэнкі і па віне спрэчных сыгналаў. Сыгналы з Менгарвыканкаму, міністэрства аховы здароўя і адміністрацыі Лукашэнкі супрацьлеглыя.

Менгарвыканкам рассылае ў супэрмаркеты загад развесьць інструкцыі, як мыць рукі і захоўваць дыстанцыю, зь іншага боку Лукашэнка кажа, што вірус забівае саўна.

У выніку чыноўнікі баяцца прымаць нават базавыя захады бясьпекі, выступаць публічна ў падтрымку нават мінімальных карантынных захадаў, каб не нашкодзіць сваёй пазыцыі.

Дракахруст: Францішак, справа ня толькі ў чыноўніках. Вось я чытаў ФБ нашага з вамі знаёмага Івана Шылы, грамадзкага дзеяча, бізнэсоўца. Ён пісаў — а мне добра, што ў нас карантыну няма. Быў бы ён месяц таму, мой бізнэс дакладна накрыўся б. А так можа і не накрыецца, мы атрымалі час, каб нешта прыдумаць.

Вячорка: Мы пабачым вынікі праз некалькі месяцаў. Калі іншыя краіны будуць пераломліваць сытуацыю, будуць выходзіць з эпідэміі, а Беларусь будзе ў самым разгары і на яе піку, той жа Ваня Шыла будзе енчыць, чаму ў нас усё яшчэ эпідэмія, калі мы такія разумныя і мы так доўга трымаліся ўбаку ад гэтай хваробы.

Самае галоўнае — гэта прэвэнтыўныя захады: падрыхтаваць школы да дыстанцыйнай працы, падрыхтаваць бізнэсы да таго ж, наколькі гэта магчыма, арганізаваць службы дастаўкі. Даставіць маскі, лекі ў кожны раёны шпіталь. Нават у войску ўжо ёсьць выпадкі каранавірусу, пра якія ніхто не гаворыць. Мне пішуць з войска, што там няма нічога, бо ніхто не рыхтаваўся і было сказана, што забаронена рыхтавацца да вірусу.

І гэтая пазыцыя — што карантын усё ж трэба, зараз у сацыяльных сетках перамагае. І калі месяц таму Іван Шыла і Андрэй Кім пісалі, што ў нас ёсьць трэці шлях, мяркую, што і яны і 90% карыстальнікаў сацыяльнымі сеткамі скажуць, што беларускія ўлады рабілі няправільна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG