Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўпершыню з 30 сакавіка апублікавала поўную статыстыку аб распаўсюдзе каранавірусу ў Беларусі:
- 254 пацыенты на лекаваньні з каранавіруснай інфэкцыяй,
- зь іх 11 — на апаратах штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, але ў стабільным стане;
- памерлі 4 пацыенты сталага веку, у якіх «шматлікія хранічныя захворваньні, паводле папярэдніх зьвестак, былі ўскладненыя каранавіруснай інфэкцыяй»;
- выпісаныя здаровымі 42 пацыенты (у паведамленьні Мінздароўя 46 — у лік «выпісаных здаровымі» міністэрства ўключае памерлых);
- сумарна гэта дае 304 выпадкі COVID-19 — колькасьць выпадкаў падвоілася за тры дні
(Абноўлена: як удакладнілі ў Мінздароўя, усяго зарэгістравалі 300 хворых на каранавірус, а не 304. Памерлых лічаць як выпісаных. Калі лічыць памерлых асобна, выйдзе 304 чалавекі, якія захварэлі, піша Onliner.by); - пад назіраньнем мэдыкаў яшчэ 9299 чалавек, якія кантактавалі з інфікаванымі («кантакты 1 і 2 узроўняў»), зь іх 1943 — пад назіраньнем у стацыянарных умовах;
- над тэстамі на новы каранавірус працуюць 9 лябараторый, пры неабходнасьці могуць запусьціць яшчэ тры, у запасе 11 тысяч тэстаў.
Дзе памёр чацьвёрты пацыент, а таксама як разьмяркоўваецца колькасьць інфікаваных па абласьцях краіны, не паведамляецца. Вядома, што ў Віцебску памерла спачатку 73-гадовая Аляксандра Чэпік, затым 75-гадовы Віктар Дашкевіч — у іх выявілі каранавірус. 1 красавіка стала вядома, што памерла настаўніца зь вёскі Доктаравічы, дзе выявілі каранавірус, але ці была інфікаваная яна сама, невядома.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, інфікаваных найбольш у Менску і Віцебскай вобласьці, найменш у Магілёўскай і Берасьцейскай, дзе пра першыя выпадкі стала вядома толькі 1 красавіка.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.