Дырэктар Віцебскага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа паведаміў дзяржаўнай газэце «Віцьбічы», што ўся трупа адправіцца ў «працоўны водпуск» ад 7 па 26 красавіка. Працу працягне толькі адміністрацыя.
Раней у тэатры прыпынялі паказы спэктакляў, але тлумачылі гэта малой наведвальнасьцю, а рэпэтыцыі зьбіраліся працягваць нават пасьля сьмерці актора Віктара Дашкевіча. 31 сакавіка адзін з супрацоўнікаў тэатру, экс-дырэктар установы Рыгор Шацько расказаў Свабодзе, што ўвесь калектыў накіроўваюць у водпуск. Цяпер гэта пацьверджана афіцыйна.
Цяпер на бальнічным «з розных прычынаў, у асноўным праз «вострыя рэсьпіраторныя захворваньні», знаходзяцца восем супрацоўнікаў, паведаміў дырэктар тэатру.
Квіткі на красавіцкія спэктаклі можна здаць у касах, якія цяпер працуюць з 12.30 да 17.00.
У Беларусі перасталі паведамляць дакладную агульную колькасьць выпадкаў COVID-19. Па стане на 1 красавіка Мінздароўя прызнала 2 сьмерці пацыентаў з каранавіруснай інфэкцыяй (вядома ўжо пра трэцюю), яшчэ 157 пацыентаў «на лячэньні і пад назіраньнем мэдыкаў». Па стане на 30 красавіка яшчэ 47 былі «выпісаныя або рыхтаваліся да выпіскі», за два дні выпісалі пасьля гэтага 11 пацыентаў.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.