Сусьветная арганізацыя здароўя паведамляе пра тое, што выбух каранавірусу ў Эўропе набліжаецца да свайго піку. Пра гэта паведамляе агенцтва Bloomberg.
Адзначаецца, што ў самым крызісным рэгіёне Эўропы, Італіі, за апошнія два тыдні была зафіксаваная найменшая колькасьць новых інфэкцыяў.
Майк Раян, кіраўнік аддзелу надзвычайных сытуацыяў САЗ, заявіў у панядзелак, што Італія і Гішпанія набліжаюцца да піку захворваньня, але гэта будзе наступствам інфікаваньня двухтыднёвай даўніны.
Паводле стану на 31 сакавіка па ўсім сьвеце было пацьверджана больш за 826 000 выпадкаў заражэньня каранавіруснай інфэкцыяй, больш за 40 000 памерлі, а каля 174 тысяч — выздаравелі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ