Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Будзем здаровыя самі — выжывуць і нашыя праекты!» Незалежныя культурныя пляцоўкі пайшлі на карантын


Ілюстрацыйнае фота. Пустая заля менскай Галерэі «Ў»
Ілюстрацыйнае фота. Пустая заля менскай Галерэі «Ў»

Пакуль Беларусь афіцыйна ня ўводзіць карантын і большасьць дзяржаўных культурных устаноў працуе, грамадзкія пляцоўкі закрываюцца для наведнікаў.

Як выжываюць запатрабаваныя менчукамі «ОК16», «Корпус» і Галерэя «Ў»?

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Корпус: «Усё адбывалася досыць хутка, таму падрыхтавацца да такога было немагчыма»

«У „Корпусе“ карантын быў уведзены пасьля таго, як Міністэрства аховы здароўя на сваім сайце апублікавала ліст пра тое, што павінны быць абмежаваныя мерапрыемствы масавыя з удзелам замежных артыстаў, — расказвае арт-дырэктар „Корпусу“ Аляксандар Багданаў. — На той момант у нас было заплянавана некалькі вялікіх канцэртаў з замежнымі артыстамі, мы адмянілі іх».

Рэгулярныя для «Корпусу» мерапрыемствы, кшталту лекцый і кінапаказаў, паступова адмяняліся самі. «Вядома, мы да гэтага не былі гатовыя, — кажа Багданаў. — Мы назіралі за сытуацыяй у суседніх краінах. Усё адбывалася досыць хутка, таму падрыхтавацца да такога было немагчыма».

Аляксандар Багданаў, арт-дырэктар «Корпусу» аўтар: Тацяна Капітонава
Аляксандар Багданаў, арт-дырэктар «Корпусу» аўтар: Тацяна Капітонава

Цяпер памяшканьні «Корпусу» і бар «Дзьве жабы» зачыненыя для наведнікаў цалкам. Каманда працуе часткова з дому, часткова з «Корпусу», але толькі кіраўніцтва. Усіх астатніх адпусьцілі ў адпачынкі. Пакуль усё закрытае да 5 красавіка, але, па словах арт-дырэктара, на дадзены момант цалкам вызваліўся расклад да канца траўня. Мерапрыемствы былі заплянаваныя практычна на кожны дзень, але ўсе яны альбо перанесьліся, альбо адмяніліся. Што будзе пасьля 5-га, дакладна адказаць немагчыма.

«На дадзены момант мы працуем над тым, што зьбіраем дакумэнты, адсылаем лісты як уласьніку будынка, так і ў Гандлёвую палату і ў Адміністрацыю прэзыдэнта, з просьбай зьвярнуць увагу на надзвычайнае становішча і перагледзець на час карантыну, якога ў нас, як вядома, няма, умовы арэнды, падатковыя ўмовы і г. д.

Каманда «Корпусу»
Каманда «Корпусу»

Арганізатары распрацоўваюць розныя фарматы онлайн-актыўнасьцей, каб падбадзёрыць сваіх наведнікаў. У нядзелю сумесна з Radio Plato запусьцілі тэставы відэастрым вечарыны. Аляксандар Багданаў запэўнівае: калі ўсё пойдзе добра, то такія шоў будуць праходзіць рэгулярна.

«Ну і, вядома ж, пытаньне нумар адзін для нас — гэта тое, што мы знаходзімся ў падвешаным стане. У краіне ня ўведзены карантын, арандадаўца „Гарызонт-Белінвест-Дэвелапер“ ня мае права неяк разглядаць ці арэндныя вакацыі, ці паніжэньне арэнды, — тлумачыць Аляксандар Багданаў. — І, уласна, мы цяпер знаходзімся ў становішчы, пры якім, у прынцыпе, зь юрыдычнага боку „Корпус“ можа закрыцца з прычыны немагчымасьці выкананьня абавязаньняў перад арандадаўцам, перад падатковай і г.д.».

ОК16: «Выказваю салідарнасьць з калегамі, якім даводзіцца працаваць, ставячы пад рызыку сябе і сваіх блізкіх»

«Сытуацыя вельмі складаная для ўсёй крэатыўнай індустрыі, але мы з аптымізмам глядзім у будучыню і шукаем новыя формы ўзаемадзеяньня з публікай», — расказвае Марыя Калесьнікава, арт-дырэктар культурнага хаба «ОК16».

Марыя Калесьнікава, арт-дырэктар «ОК16»
Марыя Калесьнікава, арт-дырэктар «ОК16»

«ОК16» таксама перайшоў у онлайн-фармат. Ужо запусьцілі тэлеграм канал Kult_ok16, YouTube канал OK16, дзе будуць трансьляваць тэатральныя пастаноўкі, канцэрты і лекцыі.

«Ад самага пачатку распаўсюджваньня вірусу мы сачылі за тым, як рэагуюць і якія захады робяць краіны Эўропы. Таму прынятае рашэньне было цалкам узважаным і аднагалосным. Мы пайшлі на перапынак з 18 сакавіка. Для нас вельмі важная рэпутацыя, але яшчэ больш важны клопат пра нашых гасьцей і калег.

Дзяржаўныя пляцоўкі закрыюць, калі стане відавочнай немэтазгоднасьць іх працы ў створаных умовах. Шчыра выказваю салідарнасьць з калегамі, якім даводзіцца працаваць, ставячы пад рызыку сябе і сваіх блізкіх». Пакуль культурны хаб і «Руін-бар» зачыненыя да 1 красавіка.

Галерэя «Ў»: «Будзем здаровыя самі — выжывуць і нашыя праекты!»

Ганна Чыстасердава, арт-дырэктар галерэі «Ў»
Ганна Чыстасердава, арт-дырэктар галерэі «Ў»

Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» пайшла на карантын 20 сакавіка. Выставу пры падтрымцы амбасады Францыі, адкрыцьцё якой павінна было адбыцца 26 сакавіка, перанесьлі на восень, як і некаторыя іншыя выставачныя праекты з удзелам замежных мастакоў.

«Па-першае, мы зыходзім з мэтаў сваёй асабістай адказнасьці за здароўе нашых супрацоўнікаў і наведнікаў, і зразумела, што цяпер зусім ня час арганізоўваць культурныя мерапрыемствы і запрашаць на іх людзей, — кажа арт-дырэктар галерэі „Ў“ Ганна Чыстасердава. — Сытуацыя няпростая і ставіць вельмі вялікае пытаньне выжываньня інстытуцый і праектаў у галіне культуры. Гэтая праблема заўсёды стаяла перад намі і нашымі калегамі з мастацкага поля. Без падтрымкі і эканамічных паслабленьняў мапа культурных кропак Беларусі можа вельмі скараціцца. Цяпер вельмі важная ўзаемападтрымка і сумесныя роздумы пра будучыню».

Па словах Ганны, будучыя зьмены галерэя адчула на сабе за тыдзень да закрыцьця — зьнізілася колькасьць наведнікаў, пачалі адмяняцца заплянаваныя мерапрыемствы. Цяпер галерэя «Ў» працуе над трыма праектамі, якія будуць прадстаўленыя ў онлайн-прасторы, а адзін зь іх па завяршэньні карантыну і ў офлайне. Таксама рыхтуюць запуск онлайн-плятформы для прамоцыі і продажу твораў мастацтва.

«Мы распачалі ў сеціве вельмі кранальны праект пра прыватныя калекцыі пад хэштэгамі #Укарцінкаранцін #Ygallery і запрашаем усіх стаць самім сабе галерыстамі і куратарамі, адчыніць свой прыватны музэй ці галерэю ў сваіх кватэрах і падзяліцца творамі з калекцый, а таксама — іх гісторыямі з усімі. Асаблівую ўвагу аддаём творам беларускіх мастакоў, гэта вельмі добрая падтрымка для нашай лякальнай мастацкай супольнасьці, хай і не фінансавая».

А вось калі закрыюць дзяржаўныя пляцоўкі, пакуль невядома.

«Спадзяюся, што з гэтым зацягваць ня будуць. Цяпер час клапаціцца ў першую чаргу пра сябе і сваіх блізкіх. Будзем здаровыя самі — выжывуць і нашыя праекты!» — кажа Ганна Чыстасердава.

Культурныя пляцоўкі і ініцыятывы перажываюць цяпер вельмі складаны час, і ці выжывуць яны, залежыць ад падтрымкі наведнікаў і прыхільнікаў. Таму яны запусьцілі акцыю па зборы сродкаў на плятформе #АртПроездной у межах глябальнай кампаніі #culturecommute. Незалежныя прасторы просяць ахвяраваць на культурныя праекты суму, якую звычайна людзі трацяць на праезд.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG