Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менская афіша падчас пандэміі: футбол, хакей, тэатры, канцэрты


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У той час як па ўсім сьвеце скасаваныя культурніцкія імпрэзы і спартовыя спаборніцтвы, у Беларусі працягваюць прымаць наведнікаў музэі, тэатры, стадыёны. Свабода сабрала інфармацыю, чым завабліваюць афішы ў Менску на гэтым тыдні.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

У Беларусі не абвешчаны карантын ці локдаўн, аднак на мінулым тыдні Міністэрства здароўя Беларусі падтрымала сусьветную ініцыятыву «Заставайцеся дома» і заклікала да самаізаляцыі

  • сталых грамадзянаў,
  • хранічна хворых пацыентаў,
  • тых пацыентаў, у каго ёсьць хаця б найменшыя прыкметы вострай рэсьпіраторнай інфэкцыі,
  • тых, хто прыбыў з-за мяжы і, адпаведна, атрымаў рэкамэндацыю да самаізаляцыі.

Тэатры

Вялікі тэатар опэры і балету на гэтым тыдні працуе ўсе дні. У паведамленьні ад імя адміністрацыі гаворыцца, што зробленыя ўсе магчымыя захады, каб зьберагчы здароўе гледачоў. Такім чынам, 1 і 3 красавіка тэатар запрашае на балет «Сьпячая прыгажуня», 2 красавіка — прэм’ера опэры «Князь Ігар», 4 красавіка — опэра для дзяцей «Кошчын дом» і для дарослых «Іяланта». 5 красавіка — балет «Бахчысарайскі фантан».

1 красавіка на галоўнай сцэне Купалаўскага тэатру ў Менску адбудзецца пастаноўка паводле твору Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня». 2 красавіка — палеская хроніка «Людзі на балоце» паводле раману Івана Мележа, 4 красавіка — гогалеўская камэдыя «Рэвізор», 5 красавіка — фарс-вадэвіль «Пінская шляхта» па Дуніну-Марцінкевічу.

Моладзевы тэатар запрашае 1 красавіка на пастаноўку «Каханьне ўтрох», 3 красавіка — на «Шкілеты». На суботу 4 красавіка прызначаныя адразу тры спэктаклі для дзяцей і дарослых: «Папялушка», «Ангельская рулетка», «Жмурык». 5 красавіка — «Трыкстэр-клюб».

У дні школьных вакацый насычаная афіша ў Тэатры юнага гледача. 1 красавіка спэктакль «Вясёлы Роджэр», 2 красавіка — «Казкі дзядзькі Якуба», 3 красавіка — «Кошчын дом», 4 красавіка — «Доктар Айбаліт», 5 красавіка — «Воўк і сямёра казьлянятаў».

Канцэрты

Беларуская дзяржаўная філярмонія ў рамках праекту «Музычная гасьцёўня прадстаўляе» на 1 красавіка падрыхтавала канцэрт «Красавіцкі дывэртысмэнт». 4 красавіка на філярманічнай сцэне мае адбыцца джаз-блюз фэст Sax Forum Minsk 2020.

У «Дзень дурня» 1 красавіка ў Моладзевым тэатры эстрады заплянаванае эстраднае шоў «Расьсьмяшы любога». 3 красавіка канцэрт будзе паўтораны. У афішы заяўленыя Іна Афанасьева, Іскуі Абалян, Вольга Плотнікава, Аляксей Хлястоў, Жанэт, Гюнэш, ансамблі «Верасы», «ByCity», «PROвокация» ды іншыя.

3 красавіка менскі клюб «Бруге» арганізуе хіп-хоп-рэп вечарынку MLK+. Расейскія выканаўцы выбраліся ў свой першы музычны Milky Way Tour і, выглядае, на няпэўны тэрмін захрасьлі ў Беларусі.

У іншым сталічным клюбе «Графіці» 4 красавіка адбудзецца першы сольны канцэрт каманды Flykey. На разагрэве — Gasoline Gabi і Rassudok.

Рэспубліканскі палац культуры вэтэранаў у Менску запрашае ў нядзелю 5 красавіка на канцэрт ансамбля Berin Jazz Quartet з праграмай «З джазу зь любоўю».

Музэі

Да 15 красавіка ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі працуе выстава, прысьвечаная 100-годзьдзю аб’яднаньня УНОВІС. 2 і 3 красавіка, як паведамляецца на сайце, установа будзе зачыненая «з тэхнічных прычын», у наступныя дні адчыніцца зноў.

У Нацыянальным гістарычным музэі да 22 красавіка адкрытая для наведнікаў выстава «Вайна і мір. Вяртаньне» ў рамках праекту да 75-годзьдзя Перамогі. Арганізатары — міністэрствы культуры і інфармацыі. Да 5 красавіка, на час дзіцячых вакацый, Дом-музэй І зьезду РСДРП у партнэрстве з музэем навукі «Элемэнто» ладзіць інтэрактыўную выставу «Play! Гісторыя мультфільмаў».

Гэтаксама да 5 красавіка ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага працуе выстава «Сны аб Францыі». Выстаўленыя працы беларускіх мастакоў, чыя творчасьць прысьвечаная гэтай краіне.

Выставачны комплекс на менскім праспэкце Пераможцаў з 2 па 4 красавіка запрашае на 23 міжнародны кірмаш турыстычных паслуг «Адпачынак-2020». У сувязі з абмежаваньнямі на перамяшчэньне склад замежных дэлегацый не называецца.

Спорт

3–5 красавіка пройдзе трэці тур чэмпіянату Беларусі па футболе. Гэта адзінае футбольнае першынства ў Эўропе, якое не спынілася праз эпідэмію каранавірусу. Цэнтральнымі стануць гульні ў Берасьці паміж гаспадарамі, дзейнымі чэмпіёнамі краіны, і мазырскай «Славіяй»; на менскім стадыёне «Дынама» паміж аднайменнай сталічнай камандай і жодзінскімі тарпэдаўцамі; у Барысаве паміж БАТЭ і дэбютантам вышэйшай лігі «Рухам». Трансьляцыі зь Беларусі вядуцца больш чым на 10 краін.

Працягваюцца гульні хакейнай Экстралігі. Пасьля спыненьня сэзонаў у НХЛ, КХЛ і ў эўрапейскіх першынствах Беларусь засталася адзіным месцам, дзе гуляюць у хакей. У фінале да чатырох перамог сустракаюцца менскае «Юнацтва» і салігорскі «Шахцёр», лік у сэрыі 1:1. 31 сакавіка і 1 красавіка чарговыя паядынкі ў Салігорску. Калі запатрабуюцца дадатковыя матчы, каманды пераедуць у Менск, дзе 3-4 красавіка адбудуцца вырашальныя сустрэчы. Паралельна ідзе рэспубліканскі аматарскі турнір, дзе на чале прэзыдэнцкай каманды выступае Аляксандар Лукашэнка.

У гульнявых дысцыплінах таксама працягваецца чэмпіянат Беларусі ў гандболе. Афіша запрашае заўзятараў 4 красавіка ў Гомельскі палац спорту на супрацьстаяньне паміж «Гомелем» і берасьцейскім БГК імя Мяшкова.

Расклад ня поўны і не канчатковы, магчымыя зьмяненьні.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG