У сувязі з распаўсюдам COVID-19 урад Расеі распарадзіўся з 00.00 30 сакавіка абмежаваць рух праз аўтамабільныя, чыгуначныя, пешаходныя, рачныя і зьмяшаныя пункты пропуску праз расейскую мяжу, а таксама праз сухапутны ўчастак расейска-беларускай мяжы.
Нягледзячы на гэта, Беларусь пакуль захоўвае чыгуначныя зносіны з Масквай і Санкт-Пецярбургам — міжнародныя пасажырскія цягнікі ходзяць згодна з раскладам. Як паведамілі ў офісе Беларускай чыгункі, ніякіх папярэджаньняў ад кампаніі «Российские железные дороги» аб спыненні зносінаў не паступала.
Свабода пераканалася, што 30 сакавіка на онлайн-сэрвісе rw.by можна купіць квіткі на цягнікі ў Маскву і Сант-Пецярбург на ўсе наступныя дні.
У маскоўскія аэрапорты Шарамецьева і Дамадзедава працягвае рабіць рэйсы авіякампанія «Белавія».
18 сакавіка Расея закрыла межы, каб не дапусьціць завоз каранавірусу, для ўсіх іншаземцаў. Патрабаваньне распаўсюджвалася ў тым ліку на грамадзянаў Беларусі бязь віду на жыхарства ў Расеі.
Ад 30 сакавіка пералік абмежаваньняў стаў яшчэ больш жорсткім.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ
.