Кіраўніца Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) Крысталіна Георгіева заявіла, што сусьветная эканоміка ўжо ўвайшла ў рэцэсію з прычыны пандэміі каранавірусу, і заклікала краіны адрэагаваць «вельмі буйнымі» праграмамі выдаткаў каб пазьбегнуць чарады банкруцтваў і дэфолтаў на рынках разьвіцьцёвых краінаў.
Георгіева, баўгарскі эканаміст, заявіла, што краінам з разьвіцьцёвай эканомікай спатрэбіцца як мінімум 2,5 трыльёна даляраў фінансавых рэсурсаў для пераадоленьня крызісу, выкліканага пандэміяй COVID-19. Хвароба забрала больш як 27 тысяч жыцьцяў ва ўсім сьвеце.
Георгіева паразмаўляла з журналістамі пасьля тэлефоннай канфэрэнцыі з афіцыйнымі асобамі 24 краін, якія ўваходзяць у групу па распрацоўцы палітыкі МВФ.
«Цяпер усім ясна, што мы ўвайшлі ў рэцэсію, такую ж жудасную, як у 2009 годзе, ці нават горш», — сказала Георгіева, дадаўшы, што спад будзе «дастаткова глыбокім». «Ключавой праблемай доўгачасовага ўзьдзеяньня раптоўнага спыненьня сусьветнай эканомікі зьяўляецца рызыка хвалі банкруцтваў і звальненьняў, якія могуць ня толькі падарваць аднаўленьне, але і разбурыць жыцьцё нашага грамадства», — лічыць яна.
Тым ня менш, Георгіева не выключае «значны адскок» у 2021 годзе, але пры ўмове, «калі нам удасца паўсюдна лякалізаваць вірус і не дапусьціць ператварэньня праблем зь ліквіднасьцю ў праблему плацежаздольнасьці».
Георгіева папярэдзіла, што горшае для многіх краін з разьвіцьцёвай эканомікай яшчэ наперадзе. Гэтыя краіны, паводле яе, яшчэ не адчулі на сабе ўвесь цяжар наступстваў пандэміі, але ўжо цярпяць з прычыны адтоку капіталу і зьніжэньня коштаў на экспартаваныя імі энерганосьбіты і сыравіну.
Паводле Георгіевай, у МВФ зафіксавалі небывалы ўсплёск запытаў на прадастаўленьне ў экстраным парадку фінансаваньня. Такія запыты падала 81 краіна, уключаючы 50 дзяржаваў зь нізкім узроўнем даходу насельніцтва і 31 дзяржава зь сярэднімі даходамі.