Галоўны рэдактар онлайн-выданьня «Ежедневник» Сяргей Сацук знаходзіцца ў менскім СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага, паведаміў БелаПАН са спасылкай на ягонага брата Аляксандра.
«Да яго ўжылі арышт і завезьлі на „Валадарку“. — Да гэтага часу не змаглі нічога яму перадаць. Паўдня ўчора ягоная дачка адстаяла пад ІЧУ на Акрэсьціна. Пакуль чарга дайшла, то ўжо не прынялі, бо яго павезьлі ў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў, а потым прыём скончыўся. Трэці дзень ужо чалавек без элемэнтарных гігіенічных прыладаў», — сказаў агенцтву Аляксандар Сацук, брат затрыманага.
27 сакавіка сваякі Сяргея Сацука накіраваліся ў менскі СІЗА на вуліцы Валадарскага, каб адвезьці яму перадачу. Аляксандар Сацук ня ведае, ці будуць праводзіцца сьледчыя дзеяньні ў дачыненьні да брата.
«Нам нічога не паведамляюць, — адзначыў ён. — Учора адвакат пры мне тэлефанавала чалавеку, які кіруе сьледчай групай, ён сказаў, што ніякіх сьледчых дзеяньняў зь ім не плянуецца. Тым ня менш яны яго забралі з ІЧУ і павезьлі ў ДФР, а значыць, нешта ўсё ж было».
Брата Сяргея Сацука, а таксама журналістаў «Ежедневника» Вадзіма Сяховіча, Андрэя Аляксандравіча і галоўнага бухгальтара выданьня 26 сакавіка дапыталі ў ДФР ў якасьці сьведак у справе, паведаміла БАЖ.
Сяргея Сацука затрымалі прадстаўнікі Камітэту дзяржкантролю 25 сакавіка пад Менскам, калі ён з жонкай прыехаў у будаўнічую краму. Пазьней стала вядома, што ў дачыненьні да яго распачатая справа паводле ч. 2 арт. 430 КК (атрыманьне хабару паўторна, альбо шляхам вымаганьня, альбо групай асобаў па папярэдняй змове, альбо ў буйным памеры). Пасьля допыту ў ДФР журналіста зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна.
26 сакавіка фінансавая міліцыя правяла ў офісе «Ежедневника» ператрус, канфіскавалі дакумэнты. Родныя і калегі Сацука зьвязваюць затрыманьне зь яго прафэсійнай дзейнасьцю. Напярэдадні «Эўрарадыё» апублікавала ліст, які Сацук прасіў агучыць у выпадку свайго арышту.