Беларускі Бізнэс-саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага апытаў сваіх сяброў пра становішча ў сакавіку і прагнозы на першае паўгодзьдзе. Вынікі апублікавалі на сайце БСПН.
Паводле апытаньня, найбольшыя страты ад сытуацыі з пандэміяй COVID-19 мелі бізнэс пасажырскіх перавозак і турызм — закрыцьцё межаў у іншых краінах скараціла іхную выручку на 50–90% адносна сакавіка мінулага году.
Пацярпелі і тыя, хто арыентаваўся на прыбыткі ад паслуг іншаземцам (напрыклад, стаматолягі), і тыя, хто працаваў на ўнутранае спажываньне (цырульні і аб’екты харчаваньня страцілі 10–25% выручкі).
Паводле прагнозаў апытаных, па выніках першага паўгодзьдзя падзеньне прамысловай вытворчасьці можа скласьці да 20% праз збоі ў пастаўках сыравіны і матэрыялаў, зьніжэньне таваразвароту і ўплыў курсавой розьніцы. Продажы рэклямных паслуг ужо ўпалі на 20%, а па выніках паўгодзьдзя могуць упасьці на ўсе 40%.
«Абвастрэньне фінансавых праблемаў прымушае многіх арандатараў адмаўляцца ад арэнды альбо патрабаваць зьніжэньня арэнднай платы, — адзначаюць у БСПН. — Са свайго боку, арэндадаўцы скардзяцца на падзеньне рэнтабельнасьці паслуг арэнды, а ў некаторых гэтая дзейнасьць ужо стала стратнай».
БСПН апублікаваў шэраг прапановаў для падтрымкі бізнэсу і працаўнікоў, у бюджэтна-падатковай палітыцы, для стабілізацыі разьлікаў і кантрольна-рэвізійнай дзейнасьці. Ліст накіравалі ў Міністэрства эканомікі. Гэта ня першы такі ліст ад беларускіх бізнэс-саюзаў.
Урад Беларусі цяпер разглядае комплекс захадаў для падтрымкі бізнэсу на фоне пандэміі каранавірусу. Сфармаваць пакет прапановаў і перадаць яго на разгляд Аляксандру Лукашэнку абяцалі на наступным тыдні.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.