Пераможны футбольны матч італьянскай каманды ў Лізе чэмпіёнаў, які выклікаў эўфарыю мясцовых заўзятараў, зь цягам часу стаў адным са знакаў каранавіруснай бяды, якая напаткала паўночную Італію, а потым і ўсю краіну.
19 лютага футбольная каманда «Аталянта Бэргама» (Atalanta Bergamo) выйграла ў гішпанскай «Валенсіі» (Valencia CF) зь лікам 4:1. Матч адбыўся не ў 120-тысячным родным горадзе італьянскай каманды, а на стадыёне Сан Сіра ў Міляне, дзе яго паглядзелі 40 тысяч жыхароў Бэргама. У той час у Італіі мала хто быў занепакоены захворваньнем COVID-19.
Некалькі тыдняў пазьней аказалася, што правінцыя і горад Бэргама сталі найбольш пацярпелым ад інфэкцыі каранавірусу рэгіёнам у Італіі. The Washington Post паведамляе, што нэкралёгі ў штодзённай газэце ў Бэргама займаюць 10–11 старонак.
Кіраўнік аддзяленьня пульманалёгіі ў шпіталі Бэргама, якога цытуе The Washington Post, назваў матч Лігі чэмпіёнаў 19 лютага ў Міляне «біялягічнай бомбай». Мэр Бэргама таксама лічыць, што гэты матч стаў небясьпечным агмянём інфэкцыі каранавірусам.
10 сакавіка адбыўся матч у адказ, на стадыёне «Валенсіі» без заўзятараў. «Аталянта» зноў выйграла, гэтым разам зь лікам 4–3, і ўпершыню выйшла ў чвэрцьфінал Лігі чэмпіёнаў.
Але праз шэсьць дзён пасьля матчу на стадыёне «Валенсіі» гэты клюб абвясьціў, што «нягледзячы на жорсткія захады», якія ён прыняў пасьля паездкі ў зону «высокага рызыкі» ў Міляне, 35 адсоткаў гульцоў і супрацоўнікаў далі станоўчыя вынікі тэстаў на каранавірус. «Аталянта» ў сваю чаргу заявіла на гэтым тыдні, што яе брамнік стаў першым гульцом у сваім клюбе і 15-м у італьянскай Serie A, які захварэў на COVID-19.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ