Італьянская газэта La Stampa, спасылаючыся на «палітычныя крыніцы высокага ўзроўню» паведамляе, што 80% расейскай дапамогі бескарысныя для змаганьня з COVID-19.
У той час як Кітай накіраваў у Італію пераважна мэдычныя маскі і апараты штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, дэфіцыт якіх востра адчуваецца і па сёньня, Масква паставіла абсталяваньне для дэзынфэкцыі тэрыторыяў і іншую падобную тэхніку.
La Stampa прыводзіць меркаваньне сваіх крыніцаў, якія лічаць, што Масква дзейнічае зыходзячы са сваіх палітычных інтарэсаў, а ня толькі з гуманітарных меркаваньняў. Прэм’ер Італіі мае намер усталяваць добрыя адносіны з Масквой, і таму пагадзіўся прыняць дапамогу.
Тым часам, піша La Stampa, расейскі амбасадар у Рыме Сяргей Разаў у інтэрвію агенцтву «РИА Новости» заявіў, што дапамога Расеі бескарысьлівая і не ўяўляе сабой прадмет палітычнага гандлю. Меркаваньні, што Крэмль разьлічвае на спрыяньне Італіі ў зьняцьці санкцыяў з Расеі, Разаў назваў «прадуктам скажонай сьвядомасьці»
Італьянская прэса зьвяртае ўвагу на тое, што пастаўка дапамогі кантралюецца расейскім міністэрствам абароны, а не міністэрствам аховы здароўя, прыбылыя вайскоўцы маюць высокія званьні ажно да генэральскіх, яны вольна перасоўваюцца па тэрыторыі Італіі, зусім блізка ад базаў NATO. У Італію прыбылі дзевяць расейскіх вайсковых самалётаў, якія даставілі сотні вайскоўцаў і абсталяваньне.
Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
Эўразьвяз выдзеліў таксама дапамогу Італіі, якая апынулася ў надзвычай крызіснай сытуацыі ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу, але ў значна меншым абʼёме.
Аглядальнікі заўважаюць, што Кітай і Расея, накіроўваючы дапамогу, перасьледуюць іміджавыя мэты: Кітай дэманструе, што вырашыў у сябе праблему пандэміі, Расея ж паказвае, што эпідэмія каранавірусу не зьяўляецца для яе вострай праблемай.