Арганізатары інтэрнэт-канцэрту «Годны Дзень Волі» — 102-й гадавіны незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі — не змаглі правесьці 25 сакавіка жывую трансьляцыю, але пад канец дня апублікавалі поўны запіс канцэрту.
Жывую трансьляцыю спрабавалі запусьціць некалькі разоў, але стрым абрываўся. Адзін з арганізатараў, блогер Эдуард Пальчыс, тлумачыў гэта тым, што «ў гэты ж момант інтэрнэт падаў да нуля», «перадаваў прывітаньне беларускім правайдэрам і спэцслужбам».
На інтэрнэт-канцэрце выступілі Зьміцер Вайцюшкевіч, Akute, Пятро Клюеў, Лера Яскевіч і гурт :B:N:, а таксама шматлікія госьці ў студыі і дыстанцыйных уключэньнях.
На 25 сакавіка першапачаткова плянаваўся жывыя мітынгі-канцэрты ў Менску і Горадні, ды акцыі адмянілі праз пандэмію каранавірусу.
У той жа дзень уласны інтэрнэт-канцэрт даў сьпявак Лявон Вольскі, які выканаў песьні гуртоў «Мроя», N.R.M., Zet і праекту Volski.
Свой стрым вяла і Свабода — зь Менску і Прагі.