Агульная сума склала 3150 рублёў, паведаміў Свабодзе старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў. Грошы былі сабраныя праз краўндфандынгавыя пляцоўкі.
Арганізатары мітынгу-канцэрту БНР-102 (яны ж — заяўнікі #БНР100 каля Опэрнага тэатру ў Менску і арганізатары БНР-101 у менскім Кіеўскім сквэры) пералічылі блогерам раней сабраныя сродкі для сьвяткаваньня Дня Волі — 2020.
У аргкамітэце палітычных арганізацый па сьвяткаваньні БНР-102 вырашылі падтрымаць адзіную імпрэзу, якая пройдзе ва ўмовах распаўсюду каранавірусу 25 сакавіка.
У сувязі з тым, што была адкліканая папярэдняя заяўка на правядзеньне мітынгу-канцэрту ў Менску, а таксама адмененыя іншыя масавыя мерапрыемствы ў краіне, у аргкамітэце палічылі, што падтрымка онлайн-канцэрту «Годны Дзень Волі — 2020» будзе аптымальнай.
Ніякіх дадатковых умоваў блогерам аргкамітэт не агучваў. Палітыкі заяўляюць: усё, што робіцца па арганізацыі сьвяткаваньня Дня Волі, ёсьць агульнай справай. Палітыкі заклікалі далучыцца да акцый, якія можна арганізоўваць, не зьбіраючыся разам,— вывешваць бел-чырвона-белыя сьцягі на вокнах і бальконах, а таксама запускаць вечаровыя салюты.
У аргкамітэт па сьвяткаваньні Дня Волі — 2020 уваходзяць Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух «За свабоду», Беларуская партыя «Зялёныя», Беларуская хрысьціянская дэмакратыя і Аб’яднаная грамадзянская партыя.
Ад пачатку рыхтаваўся мітынг-канцэрт у Менску, быў вызначаны склад выступоўцаў, а таксама вырашаныя тэхнічныя моманты. Аднак праз пандэмію каранавірусу падрыхтоўка была спыненая.