Як затрыманы гарадзенец павіншаваў міліцыянтаў праз рацыю з Днём Волі, а на плошчы Леніна зьдзекаваліся зь лялькі Лукашэнкі, можна даведацца на выставе, якая адкрылася ў горадзенскім Цэнтры гарадзкога жыцьця 25 сакавіка.
Сто адзін год сьвяткаваньня ўгодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі выяўлены на 13 плякатах. Гледачам паказалі фатаздымкі і дакумэнты, пачынаючы з 1919 году.
Пра адметнасьці сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці ў Горадні ў розныя гады расказаў куратар выставы з Цэнтру гарадзкога жыцьця Сяргей Герман.
1919 год — першае сьвяткаваньне гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці БНР адбылося ў Горадні, якая стала другой сталіцай БНР. Гэта было самае масавае сьвяткаваньне, дзе сабралася гарадзкая эліта.
1919–1989 год — гарадзенцы не адзначалі масава Дзень Незалежнасьці.
1989 год — горадзенскія актывісты далучыліся да сьвяткаваньня ў Менску.
1990 год — першая масавая акцыя ў Горадні пасьля доўгага перапынку, калі гарадзенцы выйшлі на Савецкую плошчу і плошчу Леніна.
1992 год — 25 сакавіка выйшаў першы нумар незалежнай горадзенскай газэты «Пагоня», якая выходзіла да 2001 году. Першы нумар выдаў аўтар Свабоды Сяргей Астраўцоў.
1993–1995 гады — сьвяткаваньне адбывалася ўрачыста ў тэатры лялек з прамовамі, сьпевамі, гімнамі.
1996 год — адгэтуль пачынаюцца пратэставыя акцыі на вуліцах. Як пісала газэта «Пагоня», у 1996 годзе на акцыю выйшлі 1,5 тысячы людзей. Адбывалася таксама імпрэза ў тэатры лялек.
1997 год — гарадзенцы зрабілі ляльку Аляксандра Лукашэнкі. Яе выставілі на плошчы Леніна, цягалі і тапталі, пакуль міліцыянт не забраў ляльку і ня вынес з натоўпу.
1998 год — інфармацыйныя пікеты, дзе тлумачылі значнасьць сьвяткаваньня, працавала выстава ў выставачнай зале.
1999 год — маладзёны прайшлі маршам па вуліцах. На тэатры лялек зьявіўся надпіс «Замінавана». Міліцыянты прыехалі з праверкай, але выбуховай прылады не знайшлі.
2000 год — адна з самых масавых акцыяў. Гарадзенцы сабраліся на Савецкай плошчы і ў абыход міліцыянтаў дайшлі да Калоскага парку.
2001 год — людзі прыйшлі ў парк Жылібэра каля плошчы Леніна і мелі прайсьці маршам далей у цэнтар гораду, аднак ім дарогу перакрылі міліцыянты. Тады сотні ўдзельнікаў сьвяткаваньня ў знак пратэсту селі проста на ходнікі і на праезную частку. Урэшце яны ўсталі і ў абыход міліцыянтаў дайшлі да Калоскага парку.
2002 год — гарадзенцы сабраліся ў парку Жылібэра і мелі рушыць у цэнтар гораду, аднак ім ізноў перакрылі дарогу міліцыянты. Дазвалялі праходзіць толькі бязь бел-чырвона-белых сьцягоў. Аднаго з затрыманых удзельнікаў сьвяткаваньня Мікалая Лемяноўскага пасадзілі ў міліцэйскую машыну і пакінулі аднаго. Ён там узяў службовую рацыю і павіншаваў усіх міліцыянтаў з Днём Волі.
2003 год — на горадзенскім архірэйскім палацы, дзе ў 1918–1919 гадах месьціўся ўрад БНР, актывісты павесілі шыльду з адпаведным надпісам. У бліжэйшыя дні яна бясьсьледна зьнікла.
2008 год — адгэтуль пачалі ладзіць «Горадзенскія дыктоўкі» да Дня Волі. Першую прачытала паэтка Данута Бічэль.
2017 год — першае дазволенае ўладамі сьвяткаваньне Дня Волі ў горадзенскім Калоскім парку.
2018 год — масавае сьвяткаваньне #БНР100 у Калоскім парку. Фанаты футбольнага клюбу «Нёман» пасьля матчу разгарнулі на полі вялізную копію Трэцяй Устаўной граматы БНР.
2019 год — Горадня стала галоўнай пляцоўкай сьвяткаваньня #БНР101 у Беларусі са сьвяточным канцэртам у Калоскім парку.
У 2020 годзе праз пандэмію каранавірусу горадзенскія актывісты скасавалі масавую імпрэзу і заклікаюць сьвяткаваць Дзень Волі самастойна.
Да таго ж на выставе ў Цэнтры гарадзкога жыцьця можна ўбачыць сьвежую карціну мастака Сяргея Грыневіча «Дзень Незалежнасьці».