Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр змагар з русыфікацыяй беларускай мовы Павал Сьцяцко 


Доктар філялягічных навук, прафэсар Павал Сьцяцко
Доктар філялягічных навук, прафэсар Павал Сьцяцко

Пайшоў з жыцьця доктар філялягічных навук, прафэсар Павал Сьцяцко.

Пра сьмець выбітнага мовазнаўцы Свабодзе паведаміў кіраўнік Горадзенскай філіі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Валянцін Дубатоўка.

Разьвітаньне, паводле папярэдніх плянаў, пройдзе 26 сакавіка ў рытуальнай залі ў Горадні на вуліцы Касманаўтаў з 8.30 да 10.30. Чакаюць дачку, якая жыве ў Вільні і з прычыны закрытых межаў мае выканаць шэраг адміністрацыйных працэдураў.

5 сакавіка Павал Уладзімеравіч адзначыў сваё 90-годзьдзе. Апошнім часам ён цяжка хварэў, перанёс складаную апэрацыю.

Да сьмерці знаходзіўся ў аддзяленьні сястрынскага догляду пры лякарні аграгарадка Азёры пад Горадняй.

Да 90-гадовага юбілею Свабода апублікавала артыкул пра філёляга.

Павал Сьцяцко нарадзіўся ў 1930 годзе ў вёсцы Грабава Зэльвенскага раёну. Скончыў літаратурны факультэт, аддзяленьне беларускай мовы і літаратуры Горадзенскага пэдагагічнага інстытуту. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю пра лексыку гаворак Зэльвенскага раёну.

Выкладаў у Менскім пэдагагічным інстытуце на катэдры беларускай мовы. Загадваў катэдрай расейскага, агульнага і славянскага мовазнаўства Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Пазьней працаваў у Горадзенскім дзяржаўным унівэрсытэце, на катэдры польскай філялёгіі, зь ліпеня 1990 году ўзначаліў катэдру беларускай культуры.

Удзельнічаў у стварэньні першага ў Беларусі факультэту беларускай філялёгіі і культуры, пазьней узначаліў катэдру беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства.

Аўтар звыш 600 кніг і навуковых артыкулаў, манаграфій «Антрапонімы Беларусі», «Слоўнік прозьвішчаў Горадзеншчыны». У ягоным даробку ўнікальны «Дзярэчынскі слоўнік», прысьвечаны гаворцы аднайменнага мястэчка на Зэльвеншчыне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG