У сацыяльнах сетках распаўсюджваецца шмат парадаў наконт прафіляктыкі і лячэньня каранавірусу, і многія зь іх варта ігнараваць. Мы зробім гэта, абапіраючыся на парады і рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Вакцыны ад пнэўманіі абараняюць ад COVID-19
Вакцыны супраць пнэўманіі, такія як пнэўмакокавая вакцына і вакцына супраць гемафільнага грыпу тыпу B (Hib), не абараняюць ад новага каранавірусу. Вірус настолькі новы і адрозны ад іншых, што яму патрэбна ўласная вакцына. Дасьледчыкі спрабуюць распрацаваць вакцыну супраць 2019-nCoV, і Сусьветная арганізацыя здароўя падтрымлівае іх намаганьні.
Хоць гэтыя вакцыны не эфэктыўныя супраць 2019-нCoV, вакцынацыя супраць рэсьпіраторных захворваньняў настойліва рэкамэндуецца для аховы здароўя.
Рэгулярнае прамываньне носа фізіялягічным растворам можа дапамагчы прадухіліць заражэньне
Не. Няма доказаў таго, што рэгулярнае прамыванае носа фізіялягічным растворам абараняла людзей ад заражэньня новым каранавірусам.
Існуюць некаторыя доказы, што рэгулярнае прамываньне носа фізіялягічным растворам можа дапамагчы людзям хутчэй паправіцца пасьля катару. Аднак не пацьверджана, што рэгулярнае прамываньне носу прадухіляе рэсьпіраторныя інфэкцыі.
Спажываньне часнаку можа прадухіліць заражэньне
Часнок — гэта здаровая ежа, якая можа мець некаторыя антымікробныя ўласьцівасьці. Аднак у выпадку цяперашняй эпідэміі няма ніякіх доказаў таго, што спажываньне часнаку абараняла людзей ад новага каранавірусу.
Антыбіётыкі эфэктыўныя ў прадухіленьні і лячэньні каранавірусу
Антыбіётыкі ня дзейнічаюць супраць вірусаў, а толькі супраць бактэрыяў. Новы каранавірус (2019-nCoV) — гэта вірус, і таму антыбіётыкі не павінны выкарыстоўвацца ў якасьці сродку прафіляктыкі і лячэньня. Аднак, калі вас шпіталізавалі зь вірусам 2019-nCoV, вы можаце атрымаць антыбіётыкі, таму што магчыма заразіцца бактэрыямі.
Існуюць нейкія спэцыфічныя лекі для прадухіленьня або лячэньня каранавірусу
На сёньняшні дзень не рэкамэндуецца канкрэтных мэдыкамэнтаў для прадухіленьня або лячэньня новага каранавірусу (2019-nCoV). Аднак заражаныя вірусам павінны атрымліваць адпаведную дапамогу для палягчэньня і лячэньня сымптомаў, а асобы зь цяжкай хваробай павінны атрымліваць аптымізаваную мэдыцынскую падтрымку. Некаторыя спэцыфічныя мэтады лячэньня знаходзяцца ў стадыі дасьледаваньня і будуць выпрабаваныя ў рамках клінічнага тэставаньня. Сусьветная арганізацыя здароўя дапамагае паскорыць правядзеньне навуковых дасьледаваньняў і распрацовак з шэрагам партнэраў.
СOVID-19 можа перадавацца ў рэгіёнах з гарачым і вільготным кліматам
Як вядома на сёньняшні дзень, вірус COVID-19 можа перадавацца ва ўсіх рэгіёнах, уключаючы рэгіёны з гарачым і вільготным кліматам. Найлепшы спосаб засьцерагчы сябе ад COVID-19 — часта мыць рукі. Такім чынам вы ліквідуеце вірусы, якія могуць быць на вашых руках, і пазьбягаеце заражэньня, якое можа адбыцца, калі вы дакранаецеся да вачэй, рота і носа.
Халоднае надворʼе і сьнег могуць забіць каранавірус ці іншыя хваробы
Нармальная тэмпэратура цела чалавека застаецца на ўзроўні 36,5–37°С, незалежна ад вонкавай тэмпэратуры і надворʼя. Самы эфэктыўны спосаб засьцерагчыся ад новага каранавірусу — часта чысьціць рукі сродкам на сьпіртавой аснове або мыць іх вадою з мылам.
Гарачая ванна прадухіляе захворваньне на COVID-19
Гарачая ванна не абараняе ад інфікаваньня вірусам COVID-19. Ваша звычайная тэмпэратура цела застаецца на ўзроўні 36,5–37°С, незалежна ад тэмпэратуры ванны ці душу. Папраўдзе, прыняцьце ванны зь вельмі гарачай вадой можа вам пашкодзіць, наносячы апёкі.
Каранавірус можа перадавацца праз укусы камароў
На сёньняшні дзень не існуе ні інфармацыі, ні доказаў, якія дазваляюць выказаць здагадку, што новы каранавірус мог перадавацца камарамі. Новы каранавірус — гэта рэсьпіраторны вірус, ён распаўсюджваецца галоўным чынам праз кроплі, якія ўтвараюцца, калі інфікаваны чалавек кашляе або чхае, альбо праз кроплі сьліны ці выдзяленьні з носа.
Сушылкі для рук могуць зьнішчыць каранавірус
Сушылкі для рук не эфэктыўныя супраць вірусу 2019-nCoV. Каб засьцерагчы сябе ад новага каранавірусу, трэба часта чысьціць рукі сродкам на сьпіртавой аснове або мыць іх вадою з мылам. Ачышчаныя або памытыя рукі вам трэба цалкам высушыць, выкарыстоўваючы папяровыя ручнікі або цёплае паветра з сушылкі.
Ультрафіялетавая лямпа можа забіць новы каранавірус
Ультрафіялетавыя лямпы нельга выкарыстоўваць для стэрылізацыі рук ці іншых частак скуры, бо іх выпраменьваньне можа выклікаць раздражненьне скуры.
Цеплавыя сканэры эфэктыўныя для выяўленьня заражаных каранавірусам
Цеплавыя сканэры эфэктыўныя пры выяўленьні людзей, у якіх узьнікла гарачка (г. зн. вышэйшая за звычайную тэмпэратура цела) ад заражэньня новым каранавірусам. Аднак яны ня могуць выявіць заражаных людзей, якія яшчэ ня маюць гарачкі. Гэта таму, што праходзіць ад 2 да 10 дзён, перш чым у заражаных могуць зьявіцца сымптомы хваробы і гарачка.
Распыленьне сьпірту або хлёру па ўсім целеня можа зьнішчыць каранавірус
Распыленьне алькаголю або хлёру па ўсім целе не забʼе вірусаў, якія ўжо ўвайшлі ў ваш арганізм. Апырскваньне сябе такімі рэчывамі можа нанесьці шкоду вопратцы або сьлізістым абалонкам (гэта значыць вачам, роту). Памятайце, што і алькаголь, і хлёр могуць быць карыснымі для дэзынфэкцыі паверхняў, але выкарыстоўваць іх трэба згодна з адпаведнымі рэкамэндацыямі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ