21 сакавіка спаўняецца 180 гадоў з дня нараджэньня Францішка Багушэвіча — першага беларускага пісьменьніка, які адкрыта заклікаў да нацыянальнага абуджэньня. Свабода сабрала 10 цікавых фактаў пра клясыка.
Менавіта Багушэвіч на доўгі час задаў стандарты, якой павінна быць беларуская літаратура: сацыяльна арыентаваная, без усялякага эстэтызму.
Ён першым акрэсьліў гістарычныя межы краіны, першым зразумеў, што трэба пісаць для мэтавай аўдыторыі — сялян. Менавіта Багушэвіч быў духоўным настаўнікам для пачынальнікаў новай беларускай літаратуры: Янкі Купалы, Алаізы Пашкевіч, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча.
Пасьля Другой сусьветнай ягоная магіла была настолькі занядбаная, што цяжка было ўвогуле вызначыць, дзе канкрэтна ён пахаваны. Упарадкаваў яе Мікола Ермаловіч.
1. Дакараў сябе, што ня ўмее жыць рэальнасьцю
У лісьце да Яна Карловіча (5 лютага 1885 г.) са скрухай прызнаваўся: «...Нейкі дзіўны настрой прыгнятае мяне... Скуль той незразумелы настрой душы, тое неспатольнае жаданьне чагосьці?.. Гэта павінна азначаць, што я ня ўмею жыць рэальнасьцю, але прызнацца ў гэтым не хачу!..» (Францішак Багушэвіч. «Творы». Менск, 1991).
2. Быў рацыянальны ў творчасьці і нерацыянальны ў жыцьці
«У творчасьці ўсё рабіў... зь вялікай ступеньню прадуманасьці... Ягоны рацыяналізм найбольш выявіўся ў адстойваньні жыцьцёвых вартасьцяў роднай мовы... у дакладным вызначэньні межаў беларускай зямлі... а ў жыцьці шмат што рабіў безразважліва, ня ўлічваючы рэальных магчымасьцяў, — паступіў, напрыклад, у Пецярбурскі ўнівэрсытэт і тут жа пакінуў вучобу... „па стане здароўя“. Аднак жа праз год прыняў удзел у паўстаньні, — тут слабое здароўе ня стала перашкодай.
У апошні пэрыяд жыцьця безь ніякай карысьці для сябе і... без асаблівай патрэбы зацята сварыўся зь віленскімі палякамі» (Л. Дранько-Майсюк. «Жыцьцё схаванае». «Крыніца», 1995, № 16).
3. Псэўданім пазычыў з батлеечнага спэктаклю
«Багушэвіч запазычыў імя зь вельмі папулярнай у ХІХ ст. батлеечнай інтэрмэдыі „Мацей і доктар“... Асноўны пэрсанаж гэтай інтэрмэдыі селянін Мацей быў адным з самых любімых у народзе батлеечных герояў.
...Багушэвіча ўразіла манэра апавяданьня Мацея. Зьнешне камічная, яна несла трагічны зьмест. Вось Мацей, нібы насьміхаючыся з самога сябе, іранічна расказвае, як аднаго разу наеўся ў пана Бараноўскага куцьці, што не мог „сапці“... як ён лячыўся: „мохам, чартапалохам... купервасам, бурачковым квасам...“ А за гэтай гульлівасьцю — крык сялянскай душы: „Паглядзіце, як мы жывём!.. Да чаго нас паны давялі“.
Такая форма апавяданьня — паказ трагічнага праз камічнае — была блізкая і зразумелая Багушэвічу... і ён, калі ўзьнікла патрэба выдаць першы зборнік, без асаблівых ваганьняў скарыстаў імя батлеечнага пэрсанажа...» (У. Содаль. «Пясьняр з Кушлян. Адкуль пайшоў Мацей Бурачок» / «Людзьмі звацца». Менск, 1977).
4. Цэнзары баяліся, што кнігі Багушэвіча аслабяць «нацыянальнае адзінства» Расейскай імпэрыі
«У 1899 годзе Ф. Багушэвіч падрыхтаваў да друку зборнік „Беларускія апавяданьні Бурачка“. ...Віленскі цэнзар В. М. Плашчанскі пісаў:
„Віленская губэрнская друкарня даставіла мне для дазволу ў друк... рукапіс на беларускай гаворцы... Калі мець на ўвазе пытаньне, ці ня тоіцца за гэтым тэндэнцыя, апрача маларускай, стварыць яшчэ і беларускую літаратуру і такім чынам разьбіць і аслабіць літаратурнае і нацыянальнае адзінства, а ў выніку гэтага і палітычную магутнасьць рускага народу, маю гонар пакорліва прасіць Галоўнае ўпраўленьне ў справах друку пры вяртаньні мне гэтага рукапісу паведаміць, ці можа ён быць дазволены да друкаваньня“ (У. Содаль, Я. Мацюш. „Францішак Багушэвіч. Жыцьцё і творчасьць“. Менск, 1986).
„...У штаце Галоўнага ўпраўленьня ў справах друку, — пісалася ў адказе віленскаму цэнзару, — няма цэнзара для твораў на беларускай мове, няма каму і цэнзураваць прысланы зборнік, а без папярэдняй цэнзуры кніжку друкаваць нельга“... Гэта была першая афіцыйная забарона друкаваньня твораў Ф. Багушэвіча ў Расеі» (Л. Бэндэ. «Новае аб Ф. Багушэвічу». / «Полымя», 1947, № 5).
5. Адмоўна пісаў пра жанчын, за што яго называлі «беларускім Стрынбэргам»
«...Адвечна жаночае адсутнічае ў гэтай творчасьці. Багушэвіч — гэта беларускі Стрынбэрг у мініятуры. Жанчына для яго — гэта не прадмет усхваленьня, а об’ект досыць жоўчнай сатыры; напрыклад, у творы „Быў у чыстцы“... надзвычайна характэрным зьяўляецца той факт, што з усяго вялікага багацьця беларускіх казак Багушэвіч для ўласнай мастацкай апрацоўкі выбраў толькі адну — „Чорт і баба“, гэтую дзікую адрыжку сярэднявяковых легэнд а благіх жанчынах...» (М. Піотуховіч. «Францышак Багушэвіч, як ідэолёг беларускага адраджэньня і яго мастак» // Працы Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ў Менску. 1925, №№ 6-7).
6. Не любіў «залатую моладзь» і быў кепскім для яе адвакатам
Многія адзначалі, што калі Багушэвіч быў вымушаны абараняць не сялян (дзе амаль заўсёды дамагаўся альбо лёгкіх тэрмінаў зьняволеньня, альбо апраўданьня), а сыноў багаценькіх бацькоў, то больш нагадваў пракурора.
У 1894 годзе Багушэвіч абараняў... злачынцу — прадстаўніка «залатой моладзі» Грунова і, трэба сказаць, што на гэты раз выбар абаронцы быў няўдалы — выступленьне Багушэвіча больш нагадвала абвінаваўчую прамову:
«Груноў бавіў свае дні ў кафэшантанным асяродзьдзі, дзе ўсё зводзілася да таго, што ён частаваў, яго частавалі. ...Так ішла справа да той пары, пакуль былі грошы; грошы кончыліся, і ён стаў пазычаць... Тыя пачуцьці, пры якіх ён учыніў забойства, нам незразумелыя — мы ня можам ніколі думаць таго, што ён у тую хвіліну думаў» (Г. Кісялёў. «Мужыцкі адвакат». / «Полымя», 1964, № 2).
7. Жыў у канфлікце зь сям’ёй
«Сям’я Фр. Багушэвіча, якая варожа адносілася да ўсяе беларускае і „хлопаманскае“ працы поэты... глыбака хавае ягоны архіў і ня хоча нікога дапусьціць да азнаямленьня з ім. Зробленая праз пляменьніцу Фр. Багушэвіча, Родзевічыху, мая спроба дабіцца перадачы гэтага архіву — калі ўжо ня Беларускаму Навуковаму Таварыству, дык хоць-бы адпаведнай польскай установе... не дала позытыўных вынікаў.
Сын поэты, Тамаш, якога я знаў добра асабіста... ненавідзеў усё беларускае і аб бацьку гаварыць не хацеў; дачка... адмаўлялася даць якія-колечы інфармацыі аб бацьку, навет — аб учасьці яго ў паўстаньні... Характар поэта меў... наагул цяжкі, і гэтым Родзевічыха выясьняе факт, што настрой дома быў благі...» (Антон Луцкевіч. «Жыцьцё і творчасьць Фр. Багушэвіча ў успамінах ягоных сучасьнікаў». / Запісы Беларускага Навуковага Таварыства. Сшытак 1. Вільня, 1938).
8. Марыў, каб Беларусь жыла ў непарушным адзінстве з Польшчай
«Паводле [Зігмунда] Нагродзкага, Багушэвіч быў гарачым прыхільнікам адбудовы Польшчы — у шырокіх межах, лятуцеў аб тым, каб і Беларусь была з Захадам (у яго польскім аспэкце!) і „дрыжэў на думку, што яна магла-б астацца пад Расеяй, калі-б ад апошняе адарвалася Польшча“. — Відаць, Багушэвіч, як і шмат хто з беларускіх адраджэнцаў ажно да сусьветнае вайны, не ўяўляў сабе поўнага аб’асабненьня Беларусі, як асобнага, ні з кім гаспадарсьцвеннымі сувязямі не зьвязанага, незалежнага гаспадарства...» (А. Луцкевіч. «Жыцьцё і творчасьць Фр. Багушэвіча ў успамінах ягоных сучасьнікаў». // Запісы Беларускага Навуковага Таварыства. Сшытак 1. Вільня, 1938).
9. Прысьпешыў уласную сьмерць
«У 1897 годзе — у ліпні месяцы ...была наладжана экскурсія лодкамі ў Коўну. ...Экскурсія гэта мела для здароўя Багушэвіча фатальныя вынікі... Прыстаўшы да берагу на начлег, усе пайшлі спаць у нейкую пуньку. Але Багушэвіч не хацеў спаць у душнай пуні і пастанавіў легчы пад голым небам — на лужку. Хаця пакрапываў дожджык і Багушэвіча адгаварывалі ад гэтага, ён сказаў:
„У 1863 годзе мы спалі і ў горшых варунках“.
Закруціўся ў бурку ды праспаў ноч на траве. Ад гэтага застудзіўся і ў яго зрабілася хвароба нырак, да якое пасьля прылучыўся тубэркулёз. У рэзультаце здароўе ў яго было зламана, і гэта давяло да перадчаснае сьмерці» (А. Луцкевіч, «Жыцьцё і творчасьць Фр. Багушэвіча ў успамінах ягоных сучасьнікаў». / Запісы Беларускага Навуковага Таварыства. Сшытак 1. Вільня, 1938).
10. Пасьля Другой сусьветнай вайны загадкава зьнік яго прыжыцьцёвы партрэт
«Адзін з першых, ... хто намаляваў яго алейны партрэт, быў... Міхал Эльвіра Андрыёлі... партрэт быў намаляваны... на пачатку 90-х гг. мінулага стагодзьдзя... партрэт у пасьляваенны час зьнік з Кушлянаў, а датуль вісеў у салёне паэтавай хаты... Старыя кушлянцы згадваюць, што ў першыя пасьляваенныя гады прыязджаў у Кушляны якісь гарадскі пан, тады партрэт і зьнік. Глухія чуткі даносяць, што гэтым панам быў... крытык Лука Бэндэ.
Так, Бэндэ ў Кушлянах быў не адзін раз. Але, як сьведчыць публікацыя ў маладзечанскай „Сялянскай газеце“ за 14 жніўня 1948 году, Бэндэ сам бедаваў, куды дзеўся той партрэт. У 1946 годзе ён яго яшчэ бачыў. А што такі партрэт быў — памятаюць многія. У 1940 годзе яго бачыў Максім Танк... Бачылі яго і іншыя дзеячы нашай культуры. ...На жаль, ніхто не здагадаўся забраць яго... каб ён стаў набыткам дзяржавы...» (У. Содаль. «Багушэвічаў лік у мастацкіх выявах». / «Мастацтва», 1990, № 5).
Аўтар дзякуе Вользе Гулевай за дапамогу пры падрыхтоўцы публікацыі.