Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства адукацыі: у навучальных установах карантыну ня ўводзілі


Архіўнае фота. Студэнты ў БДУ
Архіўнае фота. Студэнты ў БДУ

У Міністэрстве адукацыі паведамілі, што ўсе навучальныя ўстановы ў Беларусі працуюць з узмоцненымі захадамі санітарна-эпідэміялягічнай бясьпекі.

Што да магчымага ўвядзеньня карантыну, то такое рашэньне прымае Міністэрства аховы здароўя.

«Але Міністэрства адукацыі рэкамэндуе абмежаваць доступ у навучальныя ўстановы, узмацніць санітарна-эпідэміялягічныя захады, не праводзіць масавых мерапрыемстваў, пры любых праявах прастудных захворваньняў зьвяртацца да доктара», — сказалі карэспандэнту Свабоды ў Міністэрстве адукацыі.

Адна кляса ў 20-й менскай гімназіі застаецца на карантыне, бо бацька адной з вучаніц прыехаў з Італіі з каранавірусам.

Дырэктар гімназіі Леанід Абрамаў сказаў, што кляса «была афіцыйна на карантыне ў пятніцу».

«Мы са свайго боку зрабілі ўсё, што можа школа», — сказаў ён.

Далей дырэктар адмовіўся размаўляць і параіў зьвяртацца да кіраўніцы раённага ўпраўленьня адукацыі.

Бацькі могуць пакінуць дзіця дома

Дзіця могуць не накіроўваць у школу (таксама і ў тым выпадку, калі яно здаровае). Для гэтага трэба напісаць заяву. Колькасьць дзён знаходжаньня дома не рэглямэнтуецца. Але ў любым выпадку потым бацькі павінны прынесьці ў школу даведку ад лекара, інакш дзіця не дапусьцяць да заняткаў, сказалі карэспандэнту Свабоды ў Міністэрстве адукацыі.

У БДУ пераходзяць «на малаколькасныя формы навучаньня»

Такую інфармацыю паведамілі Радыё Свабода ў міністэрстве.

Папярэднія тэсты паказалі наяўнасьць каранавірусу ў пяці студэнтаў БДУ, паведамілі 14 сакавіка ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

У шпіталі накіравалі 240 студэнтаў і выкладчыкаў, якія маглі мець кантакт са «станоўчым» студэнтам. Калі тэсты пакажуць адмоўны вынік на каранавірус і ў студэнтаў будзе магчымасьць пражываць ізалявана, то вялікую частку студэнтаў адпусьцяць дамоў.

Міністэрства аховы здароўя нагадала: гэтыя захады зьвязаныя з тым, што ў сям’і аднаго са студэнтаў выявілі COVID-19.

У БДУ карэспандэнту Свабоды расказалі, што перанесьлі лекцыйныя курсы для ўсіх факультэтаў на больш позьні тэрмін. Але гаворка не ідзе аб пераводзе на дыстанцыйнае навучаньне і адмену заняткаў, а тычыцца часовых зьменаў у графіку навучальнага працэсу з мэтай пазьбегчы масавага збору людзей. У найбліжэйшы пэрыяд рэкамэндавана выкарыстоўваць іншыя формы заняткаў, прадугледжаныя навучальнымі плянамі і праграмамі, у ліку якіх КСР (кіраваная самастойная работа студэнтаў), кансультацыі, лябараторныя работы ды іншыя.

«Па сутнасьці, гаворка ідзе пра зьмену графіку навучальнага працэсу. Заняткі будуць праводзіцца ў малых групах. Гэта часова», — сказалі ў прэс-службе БДУ.

Што тычыцца абмежаваньня наведваньня студэнцкіх інтэрнатаў, то тут «гаворка не ідзе пра карантын, а пра тое, што ў БДУ прыняты комплекс захадаў для ўзмацненьня прафіляктыкі распаўсюду каранавірусу».

«Адным з захадаў зьяўляецца абмежаванае наведваньне студэнцкіх інтэрнатаў цягам месяца асобамі, якія там не пражываюць. Таксама ў месцах масавага збору, холах, санвузлах у вялікай колькасьці паставілі дазатары з антысэптыкам для апрацоўкі рук, павялічана колькасьць вільготных прыборак вучэбных і адміністрацыйных карпусоў. Таксама абмежавана правядзеньне масавых мерапрыемстваў ва ўнівэрсытэце, — сказалі ў прэс-службе БДУ. — Вядома ж, зьвяртаемся да кожнага студэнта, супрацоўніка, каб яны больш уважліва паставіліся да свайго стану здароўя, асабістай бясьпекі і гігіены».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG