У галоўнай вечаровай праграме навінаў 18 сакавіка дзяржаўны тэлеканал «Беларусь-1» згадаў пра каранавірус толькі пасьля 10-й хвіліны. Галоўнымі падзеямі там былі пасяўная і нафтавыя пытаньні. А сёньня раніцай гэтай тэмы ўвогуле не было на парадку дня некаторых тэлеканалаў.
УЖЫВУЮ. Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
18 сакавіка стала вядома пра павелічэньне зарэгістраваных выпадкаў каранавірусу ў Беларусі. Іх стала 51. Аднак распаўсюд захворваньня ў Беларусі і пандэмія ў сьвеце ня сталі галоўнымі тэмамі на дзяржаўнай тэлевізіі.
Мы паглядзелі, як і пра што апавядаюць на БТ у галоўных навіновых выпусках серады.
«Беларусь-1»
Першы сюжэт — пра пасяўную ў Беларусі. Ён доўжыўся 6 хвілінаў. Потым сюжэт пра сытуацыю на рынку нафты ў сьвеце. Пасьля 10-й хвіліны — тэма каранавірусу.
СТВ
На СТВ першым быў сюжэт аб прамой лініі Натальлі Качанавай — старшыні Савету Рэспублікі. Потым — прызначэньне новага міністра сельскай гаспадаркі. Трэці сюжэт — пра цяжкасьці зь вяртаньнем беларусаў з-за мяжы з прычыны «складанай эпідэміялягічнай сытуацыі», бяз згадваньня каранавірусу. Чацьвёртая навіна на 8-й хвіліне — пра каранавірус у Беларусі.
АНТ
Гэты тэлеканал раней за іншыя згадаў пра каранавірус у Беларусі — на 3-й хвіліне. Аднак першы сюжэт быў пра нафту і нараду Лукашэнкі аб праблемах нафтахімічнай галіны.
А вось, напрыклад, якія тэмы ў храналягічным парадку асьвятляліся ў сёньняшнім выпуску (19 сакавіка) «Нашых навінаў» на АНТ у 11.00:
- Землятрус у Юце
- Прамая лінія ў дэпартамэнце Мінспорту (але ні слова пра каранавірус. — РС)
- Пагадненьне паміж Эўракамісій і Вялікай Брытаніяй пасьля Брэкзыту
- У Бабруйску згарэў аўтобус
- Пасяўная ў паўднёвых рэгіёнах Беларусі
- Зоркі эстрады прайшлі тэст-драйв на службу МНС
- Кубак прэзыдэнта ў хакеі
- Чэмпіянат у гандболе сярод жанчын
- Пачатак чэмпіянату Беларусі ў футболе
- Закрыцьцё тэнісных спаборніцтваў у сьвеце
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ