Прэм’ер-міністар Чарнагорыі Душка Маркавіч абвясьціў 17 сакавіка пра першыя два выпадкі новага каранавірусу, выяўленыя ў краіне. Чарнагорыя да сёньня заставалася апошняй краінай у Эўропе, дзе не было зафіксавана COVID-19.
Аналізы ў Чарнагорыі паказалі новы каранавірус у дзьвюх жанчын, 1948 і 1973 гадоў нараджэньня. Абедзьве знаходзяцца ў стабільным стане. Жанчыны да таго наведвалі рэгіёны, якія закранула эпідэмія.
У суседняй Сэрбіі ад 18 сакавіка ўведзены камэнданцкі час — забаронена выходзіць на вуліцу ад 20 гадзін вечара да 5 раніцы, днём — для старэйшых за 65 гадоў у гарадах і старэйшых за 70 у мястэчках і сёлах. Раней Сэрбія ўжо ўвяла надзвычайнае становішча і закрыла межы. У краіне зафіксавалі 83 выпадкі COVID-19, ніводнай сьмерці.
Найбольш хворых у Эўропе цяпер у Італіі: зафіксавалі 31,5 тысячы выпадкаў, памерлі 2,5 тысячы чалавек, застаюцца хворымі 26 тысяч, зь іх 2 тысячы ў цяжкім стане. Новы каранавірус раней выявілі нават у Ватыкане (незалежнай мікрадзяржаве ў межах Рыму) — там пакуль зафіксавалі адзін выпадак.
Найбольш хворых на душу насельніцтва ў Сан-Марына. Там выявілі 119 выпадкаў, памерлі 11, выпісалі здаровымі 4. Агулам у краіне, з усіх бакоў аточанай Італіяй, жыве 33,4 тысячы чалавек на плошчы, меншай за Баранавічы (роўна як два Слуцкі). Гэта значыць, што вірус там сустракаецца амаль у 7 разоў часьцей, чым у Італіі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.