Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстытуцыйны суд Расеі ўхваліў зьмены Асноўнага закону, якія пашыраюць паўнамоцтвы прэзыдэнта


Уладзімір Пуцін на паседжаньні Дзярждумы 10 сакавіка 2020
Уладзімір Пуцін на паседжаньні Дзярждумы 10 сакавіка 2020

Закон аб папраўках у Канстытуцыю Расеі, прыняты з ініцыятывы Ўладзіміра Пуціна, адпавядае Асноўнаму закону краіны, гаворыцца ў апублікаваным у панядзелак паведамленьні Канстытуцыйнага суду.

Канстытуцыйны суд за тры дні разгледзеў папраўкі на адпаведнасьць асноўным палажэньням Канстытуцыі Расеі.

Прэзыдэнт Расіі ўнёс законапраект аб папраўках у студзені неўзабаве пасьля свайго пасланьня Фэдэральнаму сходу. Папраўкі істотна пашыраюць паўнамоцтвы прэзыдэнта. Сярод іх:

  • Забарона на замежнае грамадзянства і від на жыхарства для прэзыдэнта. Прэзыдэнт ня можа займаць гэтую пасаду больш за два тэрміны (без агаворкі «запар»).
  • Пры гэтым згодна з папраўкай, прынятай на прапанову дэпутата Валянціны Церашковай, абнуляюцца папярэднія прэзыдэнцкія тэрміны для дзейнага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна і трэцяга прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева. Іншымі словамі, Пуцін у выпадку перамогі на выбарах зможа быць прэзыдэнтам да 2036 году.
  • Права прэзыдэнта распусьціць Дзярждуму ў выпадку, калі дэпутаты тройчы не зацьвердзяць больш за траціну прадстаўленых міністраў. Прэзыдэнт можа зьмяніць кіраўніка кабінэту міністраў бязь зьмены ўраду.
  • Дадатковае прэзыдэнцкае права вэта пры падпісаньні законапраектаў. Законапраект па-ранейшаму падлягае падпісаньню прэзыдэнтам, калі ён паўторна ўхвалены дзьвюма трацінамі галасоў Фэдэральнага сходу. Аднак дададзена магчымасьць разгляду такога законапраекту Канстытуцыйным судом: калі КС прызнае законапраект канстытуцыйным, прэзыдэнт падпісвае яго ў трохдзённы тэрмін, калі не — вяртае ў Дзярждуму.
  • Прызначэньне судзьдзяў Вярхоўнага суду і Канстытуцыйнага суду Саветам Фэдэрацыі па прадстаўленьні прэзыдэнта. Зьмяняецца колькасьць судзьдзяў КС — іх будзе 11 замест 19. Паўнамоцтвы судзьдзяў ВС і КС спыняюцца па прадастаўленьні прэзыдэнта «ў выпадку ўчыненьня імі дзеяньня, што ганіць гонар і годнасьць судзьдзі», а таксама ў iншых выпадках, прадугледжаных фэдэральным законам.
  • Экс-прэзыдэнт недатыкальны, пазбавіцца недатыкальнасьці ён можа толькі па працэдуры, падобнай да працэдуры імпічмэнту. Экс-прэзыдэнт можа стаць пажыцьцёвым сэнатарам. Пажыцьцёвымі сэнатарамі таксама «могуць быць прызначаныя грамадзяне, якія маюць выдатныя заслугі перад краінай у сфэры дзяржаўнай і грамадзкай дзейнасьці».

Канстытуцыйны суд падтрымаў гэтыя зьмены, зазначыўшы, што «палажэньні, якія ўстанаўліваюць новыя з пункту гледжаньня канстытуцыйнага тэксту патрабаваньні да асоб, якія прэтэндуюць на замяшчэньне названых у Канстытуцыі Расейскай Фэдэрацыі пасад, не супярэчаць асновам канстытуцыйнага ладу».

Канстытуцыйны суд прызнае, што абнуленьне тэрмінаў «пашырае магчымасьці канкрэтных асоб займаць у выпадку абраньня на пасаду прэзыдэнта больш за два тэрміны». Але судзьдзі зьвяртаюць увагу, што пытаньне аб працягласьці паўнамоцтваў «канкрэтных асобаў» «заўсёды зьяўляецца, па сутнасьці, пытаньнем выбару балянсу паміж рознымі канстытуцыйнымі каштоўнасьцямі» — а менавіта зьмяняльнасьцю ўлады і правам грамадзянаў выбіраць тых, каго яны падтрымліваюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG