Паўнавартасны электрычны канцэрт зь бясплатным уваходам плянавалі зладзіць 25 сакавіка, у гадавіну абвяшчэньня БНР, але «цяпер сытуацыя вымушае зьмяніць і гэтыя пляны», напісаў Лявон Вольскі ў сваім Фэйсбуку.
«Але ўгодкі БНР адкласьці немагчыма. Таму мы зайграем вялікі электрычны канцэрт 25 сакавіка, але — у рэжыме #online. Прасьпяваем найлепшыя песьні, павіншуем адно аднаго, паразмаўляем з вамі — сусьветнае сеціва гэтае дазваляе», — паведаміў Вольскі.
Онлайн-канцэрт заплянаваны на 20.00 25 сакавіка, яго можна будзе паглядзець на Youtube-канале Lavon Volski.
Як адзначае Вольскі, «такі фармат мае свае неацэнныя плюсы — наведаць канцэрт можна будзе зь любога пункту сьвету». Таксама ён паабяцаў гледачам нейкі «асаблівы сюрпрыз, вельмі важны» для яго, падчас канцэрту.
Крыху раней Лявон Вольскі паведаміў пра перанос раней заплянаванага акустычнага канцэрту «Дзень сьвятога Патрыка» 17 сакавіка і дадаў, што ўсе набытыя квіткі будуць дзейсныя ў новую дату (пакуль ня вызначаную), але пры жаданьні можна здаць квіток праз сайт альбо зьвярнуўшыся да арганізатараў.
«Мы, музыкі і арганізатары, нясём адказнасьць за тых людзей, якія прыходзяць на нашыя канцэрты, і лічым сябе абавязанымі паклапаціцца пра сваіх наведнікаў», — напісаў Вольскі.