Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Філёзаф Гаруноў: «Было б праблемай, калі б Беларусі належаў Смаленск. А так — расейцы ставяцца да Беларусі хто як»


Максім Гаруноў у праскай рэдакцыі Свабоды
Максім Гаруноў у праскай рэдакцыі Свабоды

Расейскі філёзаф Максім Гаруноў тлумачыць, чаму эміграцыя з Расеі будзе толькі расьці, заяўляе, што расейцы глядзяць на сьвет як вайскоўцы і апавядае, чаму падчас апошніх акцыяў пратэсту ў Маскве яму здалося, што ён у Менску.

Сьцісла

  • Уладам спатрэбілася 6 гадоў, каб прызнаць Пуціна «вечным». Бо нават яшчэ ў 2014 годзе гэта было немагчыма
  • Рэакцыя на «абнуленьне» Пуціна цалкам «беларуская» — апатыя, сарказм, «на вуліцу не пайду»
  • Людзі з Расеі зьяжджаюць не таму, што яны такія эўрапейцы. Проста шмат прафэсіяў сталі небясьпечнымі, найперш гуманітарных
  • Расейцы ня вельмі ведаюць, хто такія беларусы
  • У расейскай мас-культуры чалавек, які не служыў, — гэта нейкі мярзотнік, гад.

— Тое, што Пуцін застаецца ва ўладзе назаўжды, — як гэта варта ацаніць з гледзішча не бягучага моманту, а гістарычна-філязофскага? Ці можна казаць, што Расея такім чынам канчаткова вяртаецца ў свой «нармальны», звычайны гістарычны статус, калі ёсьць цары і яны кіруюць вечна? Пуцін назаўжды — ці азначае гэта, што на кароткім пэрыядзе нейкіх свабодаў пастаўлена кропка і Расея вяртаецца да сваіх тысячагадовых традыцыяў?

— Не зусім пагаджуся, што гэты пэрыяд свабодаў быў вельмі кароткім. На расейскую мерку гэты быў даволі доўгі пэрыяд, цэлая эпоха.

— Як бы вы яе адмералі?

— Пачалася з 1985 году, калі Гарбачоў дазволіў свабоду слова. Ад гэтага і да 2014 году — амаль 30 гадоў. Памятаю свае перажываньні ад «рускай вясны» 2014 году. Людзі настолькі адвыклі, што Расея нападае на ўсіх, у тым ліку на найбліжэйшых суседзяў. Людзі адвыклі ад прапаганды, і таму яны казалі, што цяпер гэта іншая краіна. Я пра такую прапаганду чытаў толькі ў кніжках пра СССР ці пра царскую Расею у другой палове ХІХ стагодзьдзя.

Таму гэта быў неймаверна доўгі пэрыяд, цэлая эпоха, якая шмат чаго зьмяніла. Для людзей майго ўзросту (35 гадоў) наадварот: Пуцін ёсьць нечым анамальным, яны гэтага не разумеюць. І гэта прычына вялікай цяперашняй эміграцыі з Расеі.

— Але ці вы згодны з тэзісам у маім пытаньні — зараз фармуецца і адбываецца «вяртаньне» да традыцыйнай Расеі?

— Не сказаў бы, што гэта адназначнае вяртаньне. Бо ёсьць амплітуда. Сытуацыя ў Маскве цяпер і ў Маскве 1984 году — гэта розныя сусьветы. Каб давесьці сытуацыю да 1984 году, ім спатрэбіцца яшчэ шмат гадоў. Ім спатрэбілася 6 гадоў, ад 2014-га, каб прызнаць Уладзіміра Ўладзіміравіча Пуціна вечным. Бо яшчэ ў 2014 годзе гэта было немагчыма. Гэтая пэрспэктыва выклікала ў іх пэўныя страхі. Чаму ж Пуцін у 2008 годзе так не зрабіў? (Калі прэзыдэнтам Расеі стаў Мядзьведзеў. — РС) Але грамадзтва мяняецца.

Уладзімір Пуцін, 12 сакавіка 2020
Уладзімір Пуцін, 12 сакавіка 2020

Не забывайце, што ў ХХ стагодзьдзі Расея двойчы распадалася. Мы з вамі размаўляем у сталіцы незалежнай Беларусі. Расея зараз спрабуе неяк прыцягнуць Беларусь да сябе, але ў яе нічога не атрымліваецца.

Так, гэта спроба вярнуць што было, спроба неяк замарозіць. Але — ты хочаш быць каралём, але трону ўжо няма.

— Пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі, у 2016 годзе, я напісаў у адным тэксьце, што той частцы расейскага насельніцтва, тым некалькім працэнтам, якія маюць «эўрапейскі ген», відаць, лепш за ўсё проста эміграваць. Вы самі ўжо ўзгадалі, што эміграцыя расьце. Ці гэта адзінае выйсьце для іх?

— Я ведаю шмат маладых расейскіх журналістаў, якія, напрыклад, у 2010 годзе, закончыўшы ўнівэрсытэт, траплялі ў кар’еру. І ніхто зь іх не зьбіраўся быць у андэрграўндзе, «сядзець у акопах». Яны лічылі, што ёсьць больш-менш лібэральная Расеі, адкрытыя межы, можна крытыкаваць каго заўгодна, ёсьць грошы і пэрспэктывы. І яны без усялякага «эўрапейскага гену» будавалі сваю кар’еру.

А потым — 2014 год, Крым і Данбас. Сьвет мяняецца. І людзі, якія зьбіраліся жыць пасьпяховым і сьвецкім лібэральным жыцьцём, — раптам апынуліся ў падвалах.

— Вы павінны разумець беларускіх журналістаў і творчую інтэлігенцыю, якія мінімум ад 1996 году жывуць «у падвалах».

— У беларусаў свабода слова была ад 1988 году, калі выйшаў артыкул Пазьняка пра Курапаты, па 1994 год. Усяго 6 гадоў. А ў Маскве гэта было 30 гадоў. Людзі з Расеі зьяжджаюць не таму, што яны такія эўрапейцы. Проста вялізны масіў прафэсіяў стаў надта небясьпечны, найперш гуманітарных — выкладчыкі ўнівэрсытэтаў, журналісты.

— Вашае разуменьне таго, што вакол усё памянялася, — яно толькі вашае ці яно дайшло да ўсіх?

— 100 працэнтаў — да ўсіх. Можа, яшчэ нават у 2014 годзе яшчэ ня ўсе разумелі, думалі, што Крым — гэта нейкая афэра, гульня, як з Грузіяй. Але праз год-два зразумелі, што гэта ўсур’ёз і надоўга. А яшчэ зразумелі, што мы ня вельмі ўяўляем сабе тую краіну, у якой жывем.

— І тут, як кажуць, тры спосабы рэакцыі на сумную рэчаіснасць — зьмірыцца, змагацца, уцякаць. Які спосаб выбірае зараз расейская інтэлігенцыя?

— Калі ёсьць магчымасць, то зьяжджаюць. Калі прыблізна ўяўляеш, куды гэта можа прывесьці, калі ведаеш гісторыю — то зьяжджаеш. Памятаю, летась, калі былі пратэсты ў сувязі з справай журналіста Івана Галунова, то я заўважыў наступнае: падыходжу да пратэстоўцаў, бачу, што ўсе маўчаць, не весяляцца, не жартуюць, як раней — і адчуваньне, што ты недзе ў Менску.

— Ці чакаеце вы масавых пратэстаў у сувязі з «абнуленьнем» Пуціна, ці магчыма гэта спрагназаваць?

— На гэтыя пытаньні вам не адкажа ніводзін сацыёляг. Бо ніколі ня ведаеш, калі і зь якой сілай народнае незадавальненьне рване. Калі зьвіліся навіны пра затрыманьне журналіста Івана Галунова, ніхто ня мог прадказаць, што каля Пятроўкі будуць стаяць сотні журналістаў і нікуды адтуль не сыходзіць.

Гледзячы на тое, якія паўнамоцтвы былі дадзены расейскім сілавікам, на тое, што павялічылі заробкі маскоўскай паліцыі — яны рыхтуюцца да таго, што можа рвануць. Але калі бачыць рэакцыю на навіны пра «абнуленьне» Пуціна, то гэта цалкам «беларуская» рэакцыя — апатыя, сарказм, «на вуліцу не пайду». Людзкія паводзіны — не заўсёды прадказальная рэч.

— Для многіх застаецца загадкай стаўленьне расейцаў да Беларусі і беларусаў. З аднаго боку, мы ведаем вынікі незалежнай сацыялёгіі (якім хочацца давяраць), паводле якіх грамадзяне Расеі ня надта хочуць далучаць Беларусь да сябе. Зь іншага боку, можна сустрэцца з такім стаўленьнем — маўляў, беларусаў як асобнай нацыі не існуе. Як гэта спалучаецца?

— Я думаю, расейцы ня вельмі ведаюць, хто такія беларусы. Здаецца, у сьвеце ўвогуле мала хто ведае, хто такія беларусы. Пра існаваньне беларусаў ведаюць літоўцы, якія час ад часу дзеляць зь імі герб і агульную гісторыю ВКЛ. Таксама латышы, украінцы і палякі.

Ты кажаш «Беларусь», а што далей, праз коску? Для Расеі хоць «Песьняры» ёсьць, і «картофельные оладьи».

— І Лукашэнка?

— І Лукашэнка.

— А што, у Расеі дранікі называюць «картофельные оладьи»?

— Слухайце, надпіс «картофельные оладьи» я бачыў тут, у Менску, у ўнівэрсаме. Разумееце, калі б у беларусаў быў нейкі пазнавальны сэрыял, фільм, якім бы вы дагрукаліся да ўсіх расейцаў... А так яны вас проста не ўяўляюць.

А наконт таго, ці трэба вас далучаць... Думаю, большасьць расейскіх людзей скажуць, што далучаць вас нельга, а трэба, наадварот, перавесьці адносіны на «хозрасчёт». Маўляў, чаго гэтыя беларусы жывуць за наш кошт? Хай бяз нас пакутуюць.

Што да ўсялякіх імпэрыялістаў... Ведаеце, у Беларусі былі б праблемы, калі б Беларусі належаў Смаленск. Бо Смаленск з гледзішча расейскіх фантазіяў пра саміх сабе — гэта як Крым. Але паколькі Смаленск у Расеі, дык дачапіцца да Беларусі асабліва няма за што.

А ў цэлым — вялікі расейскі народ лічыць, што мы вас кормім...

— Гэта, напэўна, вельмі прыемна для расейцаў — лічыць, што мы такія, па-першае, багатыя, па-другое, добрыя, што кормім цэлую краіну Беларусь.

— Так. Гэта прыемна, цешыць самалюбства, бадзёрыць.

— А як паставіцца да гэтай вельмі папулярнай і цытаванай цяпер у Расеі фразы, якую нібыта сказаў цар Аляксандар ІІІ — што ў Расеі няма саюзьнікаў, акрамя арміі і флёту? Як можа пачувацца нацыя, якая лічыць, што ніхто ў сьвеце не ёсьць яе саюзьнікам?

— У свой час я прачытаў шмат тэкстаў амэрыканскіх аналітыкаў, якія спрабавалі патлумачыць, што такое Расея. Зь іхнага гледзішча, умова існаваньня Расеі — гэта вайна. Масковія ад пачатку ваявала са Стэпам, і ўся культура фармавалася ў сытуацыі, калі ты ўвесь час вымушаны ваяваць. Расея і зараз адна з самых мілітарызаваных краінаў у сьвеце.

Культура Расеі ўся насычаная армейскімі, ваеннымі вобразамі. Вайсковая культура зьяўляецца адначасова і народнай культурай. Старажытная назва расейцаў у беларусаў і ўкраінцаў — «маскавіт», «маскаль» — гэта ж найперш «салдат». І расейцы глядзяць на сьвет як вайскоўцы.

Калі ўключыць нейкі расейскі канал — НТВ, напрыклад — дзе ўвесь час ідуць сэрыялы, то амаль усе галоўныя героі гэтых сэрыялаў — гэта вайскоўцы. Нават паліцыянты самыя лепшыя — тыя, якія датуль пабылі ў войску. Вэтэран аўганскай, чачэнскай вайны, які цяпер працуе ў паліцыі — гэта ідэальны герой, «залаты стандарт». Яны самыя народныя, самыя любімыя. А чалавек, які не служыў, — гэта нейкі мярзотнік, гад.

У гэтых сэрыялах не бывае добрага героя, якому б ты хацеў спачуваць, — вучонага ці грамадзянскага актывіста. Добры герой — гэта той, які зьбярэ аўтамат Калашнікава за 10 сэкундаў. Гэта такая культура. Вайскоўцы так і глядзяць на сьвет, яны не ўмеюць шукаюць у сьвеце саюзьнікаў, яны ўмеюць ваяваць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG