Карэспандэнт Свабоды дажыў да 35 гадоў і ўпершыню ў жыцьці паехаў у Расею паглядзець, як там не ў тэлевізары, а папраўдзе. Шосты рэпартаж з сэрыі — пра афіцыйную і культурную сталіцы.
— Слухай, а як вы нас называеце?
— У сэнсе?
— Ну, мы вас бульбашамі называем. Украінцаў — хахламі. А вы нас як?
— Маскалямі. Яшчэ часам кацапамі, але гэта вельмі рэдка можна пачуць. Маскалямі ў асноўным.
— Маскалямі?
— Ну так.
— Усіх расіян маскалямі называеце?
— Ну...
— Крыўдна. Мы маскалямі называем толькі тых, хто ў Маскве жыве.
— Так?
— Так. І мы іх дужа ня любім.
Гэтая размова ў мяне адбылася з рабочым-вахтавіком у пляцкартным вагоне цягніка Новасібірск-Екацерынбург. Ішоў другі тыдзень майго падарожжа праз Расею, і словы «мы іх дужа ня любім» абсалютна не зьдзівілі. Пра Маскву і яе жыхароў я чуў амаль ад кожнага расейца, зь якім даводзілася размаўляць. Пачынаючы з Уладзівастоку і да Казані Маскву крытыкуюць больш-менш усе. Большасьць суразмоўцаў пры гэтым прызнаюцца, што хацелі б туды пераехаць (альбо жадаюць гэтага сваім дзецям). Рэшта заяўляе, што ні за якія грошы і магчымасьці ня будзе там жыць.
«Ці Расея — Масква? Масква — гэта яе цэнтральны офіс, — заяўляе мне вядомы ў Беларусі расейскі філёзаф Максім Гаруноў. — Усё тут, усё сюды сьцякаецца, усе багацьці. Каб ты мог пабачыць вось тое, што бачыш цяпер. Каб тыя, хто тут жыве, маглі спакойна расслабіцца. А хто тут не жыве, той...»
«Каб не перамога Масквы, былі б мы падабенствам Польшчы»
Максім ласкава ўзяўся паказаць мне «цэнтральны офіс дзяржавы». Каб не шакаваць, водзіць «ціхімі і спакойнымі вулачкамі цэнтру». Паказвае сапраўдную «марксісцкую кавярню» (з кавай па тры эўры), утульную кнігарню, зь якой можна вылезьці на дах, і папулярны ў студэнтаў рэстаранчык у стылі Масквы 1930-ых. Усё гэта нават падабаецца, але потым мы ідзем на Красную плошчу з маўзалеем, кітайскімі турыстамі і ГУМам — такім раскошным, што ў яго страшна нават зайсьці. Празь некалькі гадзін такога шпацыру разумею, што сталіца Расеі (альбо яе цэнтральны офіс) уяўляе сабой нешта сярэдняе паміж Стамбулам і Парыжам. Толькі падабенства гэтае часта да карыкатурнасьці гіпэртрафаванае.
Сталіцай Расеі Масква стала даволі позна — толькі ў канцы XV стагодзьдзя, калі канчаткова падпарадкавала сабе Ноўгарад. Вільня ў той час ужо больш за стагодзьдзе была сталіцаю ВКЛ. Прыкладна тады ж замест «Масквы» як назвы дзяржавы пачынае выкарыстоўвацца тэрмін «Российское государство». Дыскусіі аб ролі Масквы ў геапалітычным кірунку разьвіцьця Расеі ідуць дагэтуль.
«Што было б, каб у супрацьстаяньні Масквы і Ноўгараду перамог Ноўгарад? Ну былі б мы нейкім падабенствам Польшчы зараз, — кажа Максім. — Нешта такое, толькі з папраўкай на праваслаўе. Больш самастойнасьці ў рэгіянальных цэнтрах, больш дэмакратыі. А ня вось гэтага вось усяго».
Разважаць пра ролю Масквы ў гісторыі Расеі, шпацыруючы яе вуліцамі, можна доўга. Адрозна ад Менску, тут захавалася шмат вельмі старых на беларускую мерку гістарычных будынкаў. Сталіцай Масква была да 1712 году, калі Пётар І задумаў разьвярнуць Расею ў бок Эўропы. Хто ведае, што б стала з будучай сталіцай СССР, калі б у 1918 годзе бальшавікі не стварылі РСФСР і не вярнулі сталіцу расейскай дзяржавы на ранейшае месца, далей ад варожае Фінляндыі.
«Калі б бальшавікі не перанесьлі сталіцу ў Маскву, то тут было б нешта накшталт Казані цяпер, — гаворыць мой праваднік. — Значна больш сьціплай, магчыма, прыемнай. Але перанесьлі, таму маем што маем. Хаця калі б сталіца засталася ў Пецярбургу, то яго б моцна перабудавалі, пазносілі б там шмат чаго, думаю».
Большасьць прэтэнзіяў да Масквы, якія давялося пачуць на шляху ад Уладзівастоку да расейскай сталіцы, зводзіцца да грашовага пытаньня.
«У іх там сярэднія заробкі па 100 тысяч, у нас па 25, ці гэта нармальна?», — прыкладна такую фразу вы раней ці пазьней пачуеце, калі спытаеце жыхара расейскай правінцыі пра яго стаўленьне да Масквы і масквічоў.
Гэта недалёка ад праўды. Згодна афіцыйнай статыстыцы, памер сярэдняга заробку ў сталіцы Расеі складае каля 81 тысячы рублёў (у сярэднім у краіне паводле Расстату 42 тысячы). Пры гэтым у жыхароў сталіцы Расеі нават пэнсіі іншыя, бо ўсе маскоўскія пэнсіянэры атрымліваюць даплаты ад маскоўскага ўраду.
Але высокімі маскоўскія заробкі здаюцца толькі ў параўнаньні з заробкамі іншых рэгіёнаў Расеі. У невялічкай і абдзеленай прыроднымі багацьцямі Эстоніі, напрыклад, у першай палове 2019 году сярэдні заробак быў прыкладна роўны маскоўскаму — 1150 эўра «чыстымі» (у Менску каля 670 эўра). А ў Таліне — на некалькі соцень эўра большым. Ведаючы гэтыя лічбы, на маскоўскі шык вітрынаў і лімузынаў глядзіш зусім іначай.
Город-герой Ленинград
Часы Радзішчава ў Расеі даўно мінулі. Даехаць з Масквы ў Пецярбург можна нават за чатыры гадзіны са сталічнага Ленінградзкага вакзалу на пецярбурскі Маскоўскі. Гэта калі абраць нямецкі хуткасны цягнік «Сапсан». Пры гэтым усё, апісанае апальным гісторыкам у знакамітай кнізе, застанецца за вакном камфартабэльнага вагону. Я выбіраю іншы шлях — еду з Масквы ў Пецярбург таксама сучасным, але расейскім цягніком у навюткім двухпавярховым купэйным вагоне. Ужо празь пяць хвілін паездкі разумею сэнс папулярнага на расейскай чыгунцы жарту пра тое, што дабудаваць яшчэ адзін паверх куды прасьцей, чым давесьці да ладу першы.
«Город-герой Ленинград» — першае, што бачу ў культурнай сталіцы Расеі (дарэчы, гэта афіцыйна зарэгістраваная назва, як і тэрмін «трэцяя сталіца», замацаваны за Казаньню). Вялізны надпіс на даху высокага будынку акурат насупраць Маскоўскага вакзалу. Вобласьць таксама пакінулі Ленінградзкай. У Санкт-Пецярбургу ўвогуле нечакана для сябе заўважаю значна больш настальгіі па часах СССР, чым у кожным іншым з наведаных расейскіх гарадоў. «Пышечная» з тымі самымі пончыкамі са школьных часоў і нават тым самым кавападобным напоем зь вялікага алюмініевага бачка, стылізаваныя пад савецкія сталоўкі, муляж «Аўроры» на Няве (так, гэта муляж, а не арыгінальны крэйсэр, арыгінальны банальна згніў на прычале). Зь іншага боку, усё гэта можа быць толькі прынадай для натоўпаў турыстаў, якіх у Пецярбургу таксама шмат.
Увечары апошняга дня расейскага падарожжа ля самай папулярнай пышачнай на Неўскім праспэкце бачу самотнага апазыцыянэра. Ён стаіць у адзіночным пікеце, абвешаны георгіеўскімі стужкамі і імпэрскімі сьцягамі, і зьбірае подпісы за выратаваньне Расеі.
— Ад каго вы хочаце яе ратаваць? — наіўна вырашаю запытацца ў дэманстранта.
— Ад прадажнага ўраду і заходняй пагрозы.
— Ад прадажнага ўраду?
— Так, ад заходніх агентаў, якія раскрадаюць нашу ўласнасьць.
— Ад Пуціна таксама?
— Вы падпісвацца будзеце?
— Я не магу, відаць. Я зь Беларусі.
— Вы там таксама прадажныя!
Сыходзячы, чую некалькі кінутых мне ў сьпіну пажаданьняў на адрас кіраўніка Беларусі, за якія ў Менску можна было б лёгка атрымаць як мінімум штраф. Кіруюся проста на нядаўна адрэстаўраваны Віцебскі вакзал (дарэчы, найстарэйшы ў Расеі), дзе мяне ўжо чакае цягнік з такімі роднымі вагонамі сіняга колеру і абрэвіятурай БЧ.
«Добры вечар, рады вас бачыць», — кажу правадніцы працягваючы квіток. «Калі ласка», — чую ў адказ.
За сьпінай застаецца больш за 10 тысяч кілямэтраў па Расеі.