Паводле Міністэрства аховы здароўя, зь лябараторна пацьверджаным каранавірусам у шпіталях Беларусі знаходзіцца 21 чалавек.
Напярэдадні, 11 сакавіка Мінздароўя паведамляла пра 12 выпадкаў захворваньня. Сярод іх былі 4 чалавекі, якія паправіліся, тэсты на COVID19 у іх былі адмоўныя.
Цягам 12 студзеня зь менскага інтэрнату БДУ шпіталізавалі групу студэнтаў БДУ, каб праверыць на каранавірус. 12 сакавіка унівэрсытэт працаваў ў звычайным рэжыме.
Таксама 12 сакавіка зь менскай больніцы выпісалі аднаго беларускага пацыента, у якога дыягнаставалі каранавірус.
Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 12 сакавіка сустракаўся з міністрам аховы здароўя Уладзімерам Каранікам. Лукашэнка заявіў, што для панікі з нагоды сытуацыі з каранавірусам COVID-19 «няма ніякіх падставаў».
«Я разумею, што нам удалося спакойна прайсьці гэты пэрыяд. Супакойвацца, вядома, нельга. Але і для панікі ў нас няма ніякіх падставаў», — сказаў Лукашэнка.
12 сакавіка на спэцыяльнай нарадзе ў Савеце міністраў прынялі рашэньне да 6 красавіка абмежаваць усе культурна-масавыя, спартовыя і навуковыя мерапрыемствы зь міжнародным удзелам, паведмляе Міністэрства аховы здароўя.
Дазвол на іншыя масавыя мерапрыемствы будуць выдаваць пасьля ацэнкі ўмоваў для іх правядзеньня.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ